Сагрэць цяплом дзяржавы тых, пра каго няма каму клапаціцца.

Важное Общество

Такую задачу паставіў перад старшынямі сельскіх Саветаў і работнікамі сацыяльнай службы старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто падчас семінара-практыкуму.

Зіма — асабліва небяспечны перыяд для адзінокапражываючых людзей пажылога ўзросту, інвалідаў, — гаварыў Пётр Курто. — Каб не дапусціць крытычных сітуацый, трэба ахінуць клопатам і ўвагай кожнага, хто мае ў гэтым патрэбу. На ўліку ў ТЦСАН стаяць 6425 грамадзян пажылога ўзросту, з іх 1010 адзі­нокіх, 5415 адзінока­пражыва­ючых, а таксама 177 адзінокіх інвалідаў I і II груп. У некаторых ёсць дзеці, унукі, але яны не праяўляюць да бацькоў належнай увагі, пра некаторых увогуле няма каму паклапаціцца. І ў такіх выпадках гэта абавязаны зра­біць органы ўлады.

Таму рэгулярна праводзяцца абследаванні ўмоў пражывання, высвятляюцца канкрэтныя патрэбы людзей і аказваецца дапамога. Калі мясцовая ўлада, сацыяльныя работнікі бачаць, што чалавек страціў здольнасць да самаабслугоўвання, у яго ў аварыйным стане печка ці дом, то звязваюцца з дзецьмі, сваякамі, даводзяць да іх ведама сітуацыю. Калі тыя не прымаюць ніякіх мер — стараюцца пераканаць пажылога ў неабходнасці афармлення яго ў адну з сацыяльных устаноў. Як правіла, старыя людзі неахвотна згаджаюцца мяняць месца жыхарства. Канешне, цяжка развітвацца з кутком, дзе прайшло ўсё жыццё, з якім звязаны і радасці, і нягоды. Але старасць і нямогласць вымушаюць.

Дырэктар ТЦСАН Дзіяна Пякарская расказала прысутным пра работу цэнтра і тыя паслугі, якія тут аказваюць. Асаблівую ўвагу засяродзіла на новых формах: дом сумеснага пражывання, дом зімоўкі, гасцявая і замяшчальная сем’і, дагавор рэнты. Большасць з іх асабліва падыходзяць для жыхароў сельскай мясцовасці. Пры неадпаведных умовах пражывання спакайней, калі чалавек будзе пад пастаянным наглядам персаналу.

За 9 месяцаў на рахунак цэнтра паступіла 239,6 тысячы рублёў, з іх 105,7 тысячы склалі пазабюджэтныя паступленні, 38,7 — спонсарская дапамога. Гэтыя сродкі накіроўваюцца на стварэнне сучасных умоў у ад­дзяленнях кругласутачнага знаходжання, раз­віццё аддзяленняў дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў, частка пайшла на аплату вучобы сацработнікаў, якую яны праходзілі ў Відзаўскім дзяржаўным кале­джы. Яго дырэктар Міхаіл Смірноў у гэты дзень прыбыў у Паставы, каб азнаёміцца з работай сацыяльнай службы. У тым, што пажылым людзям у аддзяленнях камфортна, удзельнікі семінара змаглі ўпэўніцца асабіста падчас іх наведвання. 

Сярод пастаяльцаў былі такія, хто пазнаваў старшынь сваіх сельскіх Саветаў, падыходзіў да іх і дзякаваў за тое, што ў свой час змаглі пераканаць пакінуць уласнае жыллё і пераехаць у аддзяленне, дзе іх ахінулі клопатам і ўвагай чужыя чулыя і спагадныя людзі. Тут яны сагрэты цяплом дзяржавы.

Потым удзельнікі семінара накіраваліся ў лынтупскі філіял ТЦСАН, дзе змаглі ўбачыць рэтра-конкурс «Па хвалях нашай памяці», падрыхтаваны работнікамі сацыяльнай службы сумесна з наведвальнікамі дзённага аддзялення. Яго прымеркавалі да Дня пажылых людзей.

Напачатку да прысутных звярнуўся Пётр Курто. Ад імя раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў ён па­дзякаваў пажылым людзям за той уклад, які яны ўнеслі ў развіццё не толькі Лынтуп, але і раёна. Пажадаў ім бадзёрага даўгалецця, аптымізму, цёплай залатой восені.

— Маладосць — гэта самая яркая старонка ў жыцці кожнага, — гаварыла, адкрываючы свята, яго вядучая і аўтар сцэнарыя Алена Валасевіч. — У кагосьці з прысутных яна прыпала на 40-50-я, у кагосьці — на 60-я. Сённяшні рэтра-конкурс сярод жыхароў вуліц дапаможа вам акунуцца ў той незабыўны час, калі жыццё здавалася доўгім-доўгім, а старасць — далёкай-далёкай.

Паколькі свята ладзілася на цэнтральнай плошчы, а ад яе разыходзяцца чатыры вуліцы, то столькі ж каманд і ўдзельнічала. Паўночны напрамак прадстаўлялі тыя, хто пражывае па вуліцы Маркава, завулку Кра­сільнікава і ў вёсцы Шудаўцы. Сваім выступленнем яны пастараліся перадаць дух часоў калектывізацыі. На плошчу канкурсанты заехалі на кані, з граблямі, сярпамі. Адпавядаў таму часу і стол з атрыбутыкай і стравамі. «Дзяўчаты» — так называлася каманда — былі ў сукенках у гарошак, у белых шкарпэтках, паркалёвых касынках.

Толькі прадставіла сябе «калектывізацыя», як з паўднёвага боку (вуліцы Марата Казея, Надрэчная і вёска Рагонішкі) пад барабанны дроб у чырвоных пілотках, з вялікімі белымі бантамі на галовах і гальштукамі на шыі прымаршыравалі на імправізаваную сцэну «піянеры».

Жыхары вуліцы Галубкова (заходні напрамак) выбралі для сябе ваенны час і ў ваеннай форме прыехалі на плошчу на ЗІЛе.

«Сцілягі» — каманда ўсходняга напрамку (вуліцы Свірская, Красільнікава) — у пышных сукенках з завужанай таліяй і дэкальтэ, з высокімі прычоскамі, упрыгожанымі стужкамі, яркім макіяжам заехалі на плошчу на вела­сіпедах пад рок-н-рол.

Затым кожная каманда выконвала песні і рэтра-танцы сваёй эпохі. Актыўнымі былі і гледачы. Асабліва вялікую групу падтрымкі мелі «ваенныя»: многія ў знак са­лідарнасці прыйшлі ў ваеннай форме розных гадоў і родаў войскаў. Святочную атмасферу стваралі як самі канкурсанты, так і ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці. Гучнымі апладысментамі сустракалі гледачы выступленне духавога аркестра Смаргонскай пагранічнай групы, яго са­лістаў, а таксама старшынь Валкоўскага і Казлоўшчынскага сельскіх Саветаў Таісы Баторы і Ірыны Кукоўскай, якія выканалі свае любімыя песні.

Надвор’е было па-сапраўднаму восеньскім: то свяціла сонца, то насоўвалася хмара і ішоў дождж. Але ён не палохаў тых, хто ў сваім жыцці перажыў больш складаныя выпрабаванні. Людзі грэліся гарачай юшкай і кашай з палявой кухні, якую арганізавалі ваеннаслужачыя, назіралі за паказальнымі выступленнямі службовых сабак пагранічнікаў, затрымліваліся ля выставы ваеннай зброі, спявалі, танцавалі. Твары прысутных свяціліся радасцю. Многія падыходзілі да мяне і прасілі праз газету падзякаваць Алене Валасевіч за яе ініцыятыўнасць, выдатныя арганізатарскія здольнасці, уменне гарэць творчасцю і запаліць ёю іншых.

— Я не знаходжу слоў, каб выказаць тыя пачуцці, якія перапаўняюць мяне, — гаварыў, падводзячы вынікі конкурсу, Міхаіл Смірноў. — Малайцы! Вы вярнулі нас у тую эпоху, у якой жылі нашы дзяды, бацькі. Гісторыя і традыцыі не павінны знікнуць, іх трэба перадаваць з пакалення ў пакаленне. Усім — найвышэйшы бал! І салодкія падарункі.

Тарты атрымалі ўсе каманды, удзельнікі духавога аркестра і ваеннаслужачыя пагранзаставы «Лынтупы». Арганізатары мерапрыемства ўдзячныя кіраўнікам ААТ «Рыбгас «Навінкі» Аляксандру Ліхаманаву, «Навасёлкі-Лучай» Юрыю Шымчыку і прыватнага прадпрыемства «Дзінара» Фаіне Савіч за спонсарскую дапамогу.

 Анна АНІШКЕВІЧ
Фота аўтара і Віктара ЛУКШЫ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.