«Счастье — жить в мирной стране». Учащийся СШ №3 Климент Гинько поделился впечатлениями об участии в поэтическом конкурсе

Культура Образование

Пра шчасце – паэтычным словам

Самая памятная вераснёўская падзея для выпускніка Андронаўскай базавай школы, а зараз дзесяцікласніка СШ №3 Клімента Гінько (на здымку) — ­удзел ва ўрачыстасці, якая адбылася ў Нацыянальнай бібліятэцы ў сталіцы краіны. Ён быў запрошаны на яе як пераможца раённага этапа рэспубліканскага паэтычнага конкурсу «Шчасце — жыць у мірнай краіне». А ўсю дэлегацыю Віцебскай вобласці прадстаўлялі 25 навучэнцаў устаноў адукацыі рэгіёна.

— Найперш для нас бы­ла арганізавана экскурсія па Нацыянальнай бібліятэцы, — дзяліўся ўражаннямі Клімент. — Мы ўбачылі канферэнц- і чытальныя залы, першы друкарскі станок. А якая захапляльная панарама адкрылася вачам з вышыні 22-га паверха бібліятэкі! Ну а самы хвалюючы момант — узнагароджанне пераможцаў конкурсу. Старшыня праўлення ГА «Беларускі фонд міру», дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Максім Місько падкрэсліў, што выбраць самых адораных было складана, але іх заўважылі і адзначылі.

Вершы школьнікаў чыталі са сцэны сталыя і паважаныя людзі — прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, культуры, кіраўнікі рэлігійных канфесій. І абавязкова са спасылкай на аўтара, якога выклікалі для ўручэння падарункаў.

158 твораў юных канкурсантаў, у тым ліку і Клімента Гінько, увайшлі ў зборнік вершаў пад аднайменнай з конкурсам назвай «Шчасце — жыць у мірнай краіне». У кожным з іх — гісторыя асобнай сям’і, адказы на, здавалася б, зусім не дзіцячыя пытанні: што такое мір і што такое шчасце?

Конкурс «Шчасце — жыць у мірнай краіне» праводзіцца не ўпершыню. Летась школьнікі пісалі сачыненні, сёлета — вершы, у наступным годзе адлюструюць сваё бачанне тэмы з дапамогай фарбаў. Праявіць сябе ёсць магчымасць у кожнага.

Фаіна Касаткіна