Только назывались родителями… Многодетные мать и отец лишены родительских прав

Важное Правовое поле

Працэдура пазбаўлення бацькоўскіх правоў праводзіцца толькі ў судовым парадку. Яна няпростая для разгляду, бо вырашаецца лёс дзіцяці. Адной з абавязковых умоў павінна быць пацвярджэнне таго, што абое ці адзін з бацькоў не выконваюць сваіх абавязкаў па выхаванні дзяцей, напрыклад, не ўдзельнічаюць у іх маральным і фізічным развіцці. У іскавай заяве, пададзенай у суд пракурорам, павінна быць заключэнне аб умовах жыцця і выхавання дзіцяці. Важную ролю іграюць паказанні прадстаўнікоў суб’ектаў прафілактыкі (медыкаў, педагогаў, міліцыянераў і іншых афіцыйных асоб). Удакладніла гэтыя палажэнні для таго, каб падкрэсліць, што суд кіруецца не эмоцыямі, а літарай закону.

 Летам жыхароў раёна ўзрушыла гісторыя адной мнага­дзетнай сям’і: на пажары загі­нула сямігадовая дзяўчынка, якую маці пакінула з астатнімі дзецьмі без нагляду. На судовым пасяджэнні жанчына і яе сужыцель іскавую заяву не прызналі. Гора-маці сцвярджала, што выхоўвае і даглядае дзяцей, стварае для іх належныя ўмовы, набывае прадукты і рэчы першай неабходнасці. У жылых пакоях падтрымлівае парадак. Атрымлівае дапамогу па доглядзе дзіцяці ў памеры 800 рублёў. Сужыцель расказаў, што працуе і ў залежнасці ад сезона зарабляе ад 200 да 600 рублёў. Гэтыя сродкі ідуць на харчаванне і набыццё неабходных рэчаў. На заўвагі, што дзеці недагледжаныя, жанчына адрэагавала агрэсіўна, запатрабавала, каб ёй пабудавалі лазню, скардзілася, што ­адзенне і абутак, якія перадавалі дзецям, завялікія, а школа нават калготак не давала. Адным словам, ніякай падтрымкі і дапамогі мнагадзетнай сям’і няма, а ўсе прэтэнзіі да яе неабгрунтаваныя, бо робіць для сваіх дзяцей усё, што ў яе сілах.

Далейшы разгляд матэрыялаў справы паказаў, што гэта зусім не так. Найперш суд зацікавіла такая дэталь: стаж сумеснага жыцця мужчыны і жанчыны вялікі, а шлюб афіцыйна не зарэгістраваны. Чаму? Яна лічыць, што гэта не істотна. А як расцэньваць тое, што мнага­дзетная сям’я, жывучы ў вясковым доме і маючы прысядзібны ўчасткак, не трымае ніякай гаспадаркі і не вырошчвае агародніны? Адзін са сведкаў паказаў, што жанчына зімой купляе ў аўталаўцы дарагія памідоры, якія, дарэчы, дзеці надкусяць, а потым раскідаюць. Відавочна, што жанчына не ўмее ашча­джаць грошы.

Медыкі засведчылі ў дзяцей педыкулёз. Адна дзяўчынка — касавокая, а бацькі мер для яе лячэння не прымалі. Прадстаўнікі суб’ектаў прафілактыкі прыводзілі і такі паказальны прыклад. Да маці ў госці прыехала дачка, ад якой яна адмовілася яшчэ ў радзільным доме. Дзяўчынку ўдачарыла сям’я з замежжа, дзе яна і вырасла. Падчас яе прыезду маці ніякіх эмоцый не выказала, быццам бы гэта чужое дзіця. Дзяўчынка была ў шоку ад такога прыёму, родныя нават правесці яе не выйшлі. Праз перакладчыка вяскоўцам сказала, што гасцінная Беларусь ёй спадабалася, а вось з маці больш ніякіх адносін падтрымліваць не будзе.

Па паказаннях сведкаў, падчас пажару бацька кідаўся ў агонь, у роспачы гаварыў, што пазбавіць сябе жыцця. У адрозненне ад маці, якая была зусім абыякавай, нават не заўважыла, што сярод дзяцей няма адной дачушкі. Дзяцей забралі каго ў прытулак, каго ў бальніцу. Бацькоў адправілі на прымусовае лячэнне ад алкагалізму. Праз некаторы час дзецям падабралі апякунскія сем’і.

Падчас судовага пасяджэння апекуны гаварылі, што старэйшыя дзеткі добрыя, спагадлівыя, ласкавыя, толькі запушчаныя. А вось з меншымі ў іншай сям’і (у адну па аб’ектыўных прычынах аддаць дзяцей не атрымалася) былі немалыя праблемы, асабліва спачатку: зацятыя, быццам на іх увесь час крычалі, білі, знерваваныя, запужаныя, яны ніяк не маглі навучыцца спакойна есці, адставалі ў развіцці. Паўплывала негатыўнае ўздзеянне маці, якая больш клапацілася пра задавальненне сваіх патрэб, а не пра дзяцей. Апекуны былі не супраць таго, каб маці наведвала дзяцей у новых сем’ях, пра што ёй і паведамлялі, калі тая тэлефанавала, толькі яе размовы былі зусім кароткімі, “дзяжурнымі”. Дзеці не гарэлі жаданнем сустрэцца з маці, з часам павесялелі, паспакайнелі. Маці так і не наведала іх. Калі падчас судовага пасяджэння ў яе пацікавіліся, чаму, адказала, што не было грошай, каб прыехаць, бо патраціла іх на пакупку сабе ботаў, цыгарэт, кавы…

У гэтай сям’і за ўсе гады за­гінула трое дзяцей. Па паказаннях сведкаў, іх магілкі закінутыя, недагледжаныя, стаяць толькі старыя крыжы. Маці на могілках ніхто ніколі не бачыў. Загінулую мінулым летам дзяўчынку хавалі за грамадскія сродкі.

Такіх падрабязнасцей, штры­­-хоў у разгледжанай справе было нямала. І ўсе яны сведчылі: у гэтай сям’і дзеці для бацькоў — толькі сродак для атрымання грошай на свае патрэбы. Рашэнне суда было адназначным: пазбавіць бацькоўскіх правоў.

Наталля МАКСІМОВІЧ, суддзя



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.