Торжественная регистрация ребенка. Дарья и Дмитрий Костень получили первый документ сыночка

Важное Общество

Начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама Аніта Несцяровіч уручае пасведчанне аб нараджэнні сына Дар’і і Дзмітрыю Касцень

Напярэдадні Дня маці Дар’я і Дзмітрый Касцень атрымалі першы дакумент свайго першынца-сыночка. Раздзяліць шчымліва-хвалюючы момант са шчаслівымі бацькамі ў аддзел ЗАГС райвыканкама з кветкамі і падарункамі прыйшлі і іх калегі.

— У вашай сям’і адбыўся вялікі цуд — нараджэнне дзіцяці. Яго з’яўленне на свет прыбавіць клопатаў, бяссонных начэй. Але яны спаўна акупяцца той радасцю, якую Ванечка — такое імя вы далі немаўляці — прыўнясе ў ваша жыццё, — гаварыла падчас урачыстай рэгістрацыі новага грамадзяніна Беларусі начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама Аніта Несцяровіч. — Гадуйце сыночка годным чалавекам, вучыце дабру. Няхай ён стане для вас надзеяй і апорай, гонарам і абаронай. Здароўя, дабрабыту, узаемаразумення!

Да віншаванняў Аніты Францысаўны далучыліся калегі Дзмітрыя з упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, дзе ён займае пасаду галоўнага дзяржаўнага інспектара па наглядзе за тэх­нічным станам машын і абсталявання, і Дар’і — з Пастаўскага дзяржаўнага каледжа. Да дэкрэтнага водпуску яна працавала там педагогам-псіхолагам.

Шчырыя словы і пажаданні ўсхвалявалі і расчулілі бацькоў. І не дзіўна: Дзмітрый з Дар’яй жывуць у шлюбе ўжо 8 гадоў, для іх гэта доўгачаканае з’яўленне на свет роднай крывіначкі.

— Наш сыночак нарадзіўся ў вялікае свята — Узвіжанне Крыжа Гасподняга. Імя яму далі па царкоўным календары, які прапаноўваў толькі адзін варыянт — Іван, — расказвала пра шчаслівую падзею матуля. — Знешне падобны на тату, мілы і спакойны. Ён для нас — найвялікшая радасць.

Няхай ёй і застаецца на ўсё жыццё, радуе і цешыць бацькоў, будзе шчаслівым!

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.