Творчыя, самаадданыя

Культура Образование

За некалькі крокаў ад уваходных дзвярэй у будынак раённага Цэнтра дзяцей і моладзі мяне абганяе невялікая група хлопчыкаў, якая са смехам убягае ў памяшканне. Так спяшаюцца толькі туды, дзе па-сапраўднаму цікава, дзе ёсць аднадумцы, куды ніхто не няволіць ісці. Заходжу следам за імі — і адразу адчуваю, што тут пануе атмасфера творчасці. Гэта відаць нават па афармленні калідораў і лесвічнай пляцоўкі.

Знайсці ў РЦДМ занятак даспадобы зможа кожны. Тут рэалізуюцца праграмы дадатковай адукацыі па мастацкім, турысцка-краязнаўчым, эколага-біялагічным, фізкультурна-спартыўным, спартыўна-тэхнічным, ваенна-патрыятычным, грамадска-гуманітарным, сацыяльна-педагагічным і культуры і вольнага часу профілях. Працуюць 83 аб’яднанні па інтарэсах, у якіх займаецца больш за тысячу дзяцей. Заняткі для школьнікаў бясплатныя. Галоўная ўмова залічэння — жаданне дзіцяці наведваць гурток і згода на тое бацькоў. Далейшы працэс не адрозні­ваецца ад звычайнай школы. Ёсць нават заняткі на павышаным узроўні, а пасля заканчэння курса выдаецца пасведчанне аб атрыманні дадатковай адукацыі ўзору, зацверджанага Міні­стэрствам адукацыі.

У Цэнтры вельмі маленькі адсеў навучэнцаў. Многія ходзяць сюды на працягу ўсяго навучання ў агульнаадукацыйнай школе. Наведваючы аб’яднанні па інтарэсах, яны не толькі творча і інтэлектуальна развіваюцца, магчыма, знаходзяць сябе ў будучай прафесіі, але і засцярожаны ад негатыўнага ўплыву вуліцы. У РЦДМ вялікая ўвага надаецца выхаваўчай рабоце: дзеці актыўна ўдзельнічаюць у акцыях, конкурсах, аглядах у раёне, вобласці і рэспубліцы. Таксама на яго базе функцыянуюць саветы піянерскай арганізацыі і дзіцячай экалагічнай ініцыятывы.

А вучыць, развівае і выхоўвае падрастаючае пакаленне педагагічны калектыў установы, які налічвае 18 асноўных работнікаў. Яшчэ 29 чалавек працуюць па сумяшчальніцтве. Гэта самаадданыя, улюбёныя ў сваю справу і вучняў творчыя натуры. А як інакш? Ім, як нікому іншаму, патрэбна сачыць за павевамі часу, каб хутка рэагаваць на сучасныя адукацыйныя запыты, адпавядаць чаканням дзяцей і моладзі. Інакш тыя проста не будуць наведваць іх заняткі. Больш за 20 гадоў калектыў узначальвае Леакадзія Пушкар.

Многія педагогі працуюць у Цэнтры шмат гадоў, а больш за астатніх — Валянціна Бахановіч (на здымку). У жніўні споўніцца 30 гадоў, як яна вучыць пастаўскіх дзетак мастацтву танца. Яе аб’яднанне па інтарэсах — тэатр танца “Непаседы” — адно з самых папулярных. Мяркую, расказваць пра яго няма патрэбы, бо калектыў часта выступае на раённых мерапрыемствах, і немагчыма не захапляцца яго нумарамі.

— У мяне ідэальная работа. Многія пастаноўкі нараджаюцца ў думках, калі назіраю за дзецьмі, бо іх псіхалогія — гэта дабрыня, радасць, пяшчота,  непасрэднасць, — тлумачыць выбар месца працы Валянціна Савельеўна. — Цікава сачыць за працэсам сталення хлопчыкаў і дзяўчынак, іх эвалюцыяй у танцы. Акрамя таго, імкнуся выхоўваць у навучэнцаў пачуццё калектывізму, клопату і суперажывання. У нас не бывае такога, што, калі ў каго-небудзь штосьці не атрымліваецца, на яго паказваюць пальцам і смяюцца. Наадварот, стараюцца дапамагчы.

Неталенавітых дзяцей няма, упэўнена педагог, проста ёсць тыя, на каго трэба патраціць больш часу. Затое яны больш мэтанакіраваныя і старанныя ў параўнанні з тымі, каго пэўнымі задаткамі ўзнагародзіла прырода. А пластыка за гады заняткаў з’яўляецца ва ўсіх.


Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ



 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.