Учитель Поставской гимназии Игорь Прокопович награжден нагрудным знаком «Отличник образования»

Важное Образование

Нагрудным знакам «Выдатнік адукацыі» ўзнагароджаны настаўнік геаграфіі і астраноміі Пастаўскай гімназіі Ігар Міхайлавіч Пракаповіч

Высокую дзяржаўную адзнаку педагог атрымаў з рук міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігара Карпенкі на ўрачыстым сходзе, які праходзіў у Палацы Незалежнасці ў Мінску. А вярнуўшыся ў Паставы, прымаў віншаванні ад калег.

Імя Ігара Міхайлавіча вядома не толькі ў раёне, але і ў рэспубліцы. Шырокая сфера яго інтарэсаў — літаратура, геаграфія, педагогіка, гісторыя, тапаніміка, краязнаўства. Ён аўтар шматлікіх краязнаўчых і паэтычных выданняў. Распрацаваў вучэбна-метадычны комплекс па краязнаўстве Пастаўшчыны, які выкарыстоўваецца настаўнікамі раёна пры правядзенні факультатыўных заняткаў. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі, вучонага савета Беларускага геаграфічнага таварыства, член-карэспандэнт Міжнароднай акадэміі арганізацыйных і кіраўніцкіх навук, лаўрэат літаратурнай прэміі імя У. Караткевіча і ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны».

Вопытны педагог, які мае 32 гады працоўнага стажу, вялікую ўвагу надае рабоце з адоранымі вучнямі. Пад яго кіраўніцтвам у гімназіі плённа працуе дзіцячае аб’яднанне па інтарэсах «Зямля невядомая». Падрыхтаваў многіх прызёраў і пераможцаў абласнога этапа рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце «Геаграфія», а таксама навукова-практычных канферэнцый і конкурсаў работ даследчага характару абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. Па выніках 2015/2016 навучальнага года ўзнагароджаны прэміяй Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў.

 Як бачыце, узнагарод у таленавітага, улюбёнага ў сваю справу, адданага дзецям настаўніка нямала. Але, напэўна, вышэй за іх — захопленасць навучэнцаў прадметам, які ён выкладае ў гімназіі і СШ №1, і павага бацькоў. Шчыра рады за Ігара Міхайлавіча і мы, журналісты раёнкі, паколькі ён на працягу многіх гадоў з’яўляецца няштатным аўтарам газеты і яго змястоўныя артыкулы і кранальныя вершаваныя творы заўсёды выклікаюць чытацкую ўвагу.

 Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.