Увайсці ў чацвёрку мацнейшых

Важное Спорт

Апошнім часам беларускі валейбол на ўздыме. Нацыянальныя зборныя розных узростаў, вядучыя айчынныя клубы паказваюць на міжнароднай арэне нядрэнныя вынікі. І сёлета лік каманд-удзельніц чэмпіянату краіны сярод мужчын вырас да 17, з якіх 7, уключаючы пастаўскі «Атлант», стартуюць у дывізіёне «Б» вышэйшай лігі. Мінулае першынство прынесла нашым валейбалістам бронзавыя медалі. Чарговы  сезон будзе яшчэ больш працяглым і цікавым. Пра гэта мы пагутарылі з новым старшым трэнерам каманды Паўлам Вавінскім.

— Павел Аляксандравіч, як трэнерскі штаб ацэньвае вынікі выступлення нашай каманды ў папярэднім чэмпіянаце Беларусі?

— Сезон атрымаўся прадукцыйным і даволі паспяховым, бо другі год запар заваявалі медалі, сталі  больш актыўна падключаць моладзь, пачалі турнір з чатырох дамашніх перамог. На роўных наша каманда згуляла з моцным і вопытным аршанскім “Узлётам”. Другі круг прайшлі слабей, нічога не змаглі супрацьпаставіць лідару — сталічнаму РДВАР, фіналісту маладзёжнага чэмпіянату Еўропы. Як бронзавым прызёрам нам даверылі правесці ў Паставах фінальны тур гульняў за выніковыя 11-13 месцы, пасля якіх у нацыянальным табелі аб рангах фінішавалі на 12-й пазіцыі, што нядрэнна для каманды з невялікага райцэнтра. Што да сваёй гульні, то, безумоўна, нам ёсць куды расці, будзем працягваць паляпшаць яе якасць.

— Ці змянілася формула правядзення нацыянальнага першынства? І што вам вядома пра нашых асноўных сапернікаў?

— У нашым дывізіёне “Б” згуляюць 7 каманд, а ў элітным — 10. Будзе больш гульняў: на папярэднім этапе пастаўчанам належыць правесці 12 паядынкаў па кругавой сістэме на сваёй пляцоўцы і столькі ж — на выездзе. У пачатку вясны з барацьбы выбудзе каманда, якая зойме апошняе месца. Астатнія 6 згуляюць яшчэ па 9 сустрэч з рознымі сапернікамі. Будзе магчымасць памерацца сіламі і са слабейшымі камандамі дывізіёна “А”.

А галоўная асаблівасць сезона ў тым, што ў барацьбу ў нашай групе ўступаюць у асноўным маладыя каманды, ігракі якіх ва ўзросце ад 16 гадоў і старэй. Гэта бліжэйшы рэзерв айчыннага валейбола. Сярод іх дзве дружыны з беларускай сталіцы, дублёры гомельскай “Энергіі”, якая дэбютуе ў мацнейшым дывізіёне. Каманда з Полацка прадстаўлена студэнтамі мясцовага дзяржуніверсітэта. Яўным фаварытам з’яўляюцца найбольш вопытныя аршанцы, а наш першы сапернік — ВК “Бум­прам” з Гомеля — сапраўдная загадка. З гамяльчанамі мы згуляем дома 13-14 кастрычніка.

У якім складзе будзе выступаць “Атлант” і якія задачы ставіце перад падапечнымі?

— Як і ў папярэднія гады, нацэльваемся на тое, каб не быць апошнімі. Гэта задача-мінімум, а максімум — увайсці ў чацвёрку мацнейшых у другім па значнасці дывізіёне беларускага валейбола. Склад пастаўчан прыкметна змяніўся, яшчэ больш памаладзеў. Зрабілі стаўку на выхаванцаў пастаўскага “Атланта”, якім дапамогуць два дыяганальныя нападаючыя — Ян Сакалоўскі з Глыбокага і Андрэй Русак з Мядзела. Лідарамі каманды застаюцца кандыдаты ў майстры спорту Віталь Варанец, Дзяніс Захарэвіч і Даніла Шышко, але апошняга турбуе траўма. Пасля службы ў арміі вярнуўся вопытны распасоўшчык Арцём Кароль. Стартавая шасцёрка ў нас даволі моцная. Побач з ёй павінна загуляць і таленавітая моладзь. Спадзяёмся на яе далейшы адчувальны прагрэс ужо ў будучым годзе і разлічваем, што нас падтрымаюць пастаўскія аматары валейбола, якіх заўсёды было шмат у нашым горадзе.



Гутарыў Уладзімір ШЫК

 

Прадстаўляем каманду «Атлант» (Паставы)

сезона 2018/2019 года

  1. Кандыдат у майстры спорту (кмс) Віталь Варанец (год нараджэння 1987, рост 190 см, бухгалтар УП ЖКГ)
  2. (кмс) Даніла Шышко (1985, 202 см, гуляючы трэнер)
  3. Пётр Марцінкевіч (2000, 183 см, навучэнец каледжа)
  4. (кмс) Дзяніс Захарэвіч (1990, 182 см, інспектар сектара спорту і турызму)
  5. Андрэй Русак (1990, 185 см, г. Мядзел)
  6. Ягор Артамонаў (2002, 201 см, вучань СШ № 1)
  7. Павел Лукін (2003, 193 см, вучань СШ № 1)
  8. Арцём Пятровіч (2002, 197 см, вучань СШ № 2)
  9. Дзмітрый Бабровіч (1985, 192 см, супрацоўнік райаддзела МНС)
  10. Ян Сакалоўскі (1993, 197 см, г. Глыбокае)
  11. Андрэй Казлоўскі (2000, 201 см, навучэнец каледжа)
  12. Арцём Кароль (1993, 195 см, работнік АДРАЦ “Ветразь”)
  13. Валерый Казека (1997, 182 см, ваеннаслужачы)
  14. Данііл Балгоў (2004, 192 см, вучань СШ № 3)
  15. Максім Іваноў (2000, 195 см, студэнт БДУ)
  16. Максім Альфер (2003, 186 см, вучань СШ № 1)
  17. Дзяніс Стальмашонак (2003, 192 см, вучань СШ № 1)
  18. Вячаслаў Панавас (2003, 192 см, вучань СШ № 1)
  19. Дзмітрый Грыневіч (2003, 193 см, вучань СШ № 2)
  20. Дзмітрый Аксёненка (1997, 190 см, выпускнік каледжа)
  21. Леанід Лосік (2001, 187 см, навучэнец каледжа)

Кіруючы склад каманды:

галоўны трэнер — Савосін Генадзь Генадзьевіч (1962)
старшы трэнер — Вавінскі Павел Аляксандравіч (1991)
трэнер-асістэнт — Рамейка Мікалай Станіслававіч (1959)


Каляндар гульняў

каманды “Атлант” (Паставы)
у ХХVІІІ чэмпіянаце Беларусі па валейболе
(вышэйшая ліга, дывізіён “Б”)

Папярэдні этап. Першы круг

1 тур. 13-14 кастрычніка
“Атлант” (Паставы) — ВК “Бумпрам” (Гомель)

2 тур. 20-21 кастрычніка
СДЮШАР ВК “Мінск” — “Атлант” (Паставы)

4 тур. 10-11 лістапада
“Атлант” (Паставы) — “Узлёт” (Орша)

5 тур. 17-18 лістапада
РДВАР-2003 (Мінск) — “Атлант” (Паставы)

6 тур. 24-25 лістапада
“Стралец-ПДУ” (Полацк) — “Атлант” (Паставы)

7 тур. 8-9 снежня
“Атлант” (Паставы) — “Энергія-2” (Гомель)

Другі круг

8 тур. 12-13 студзеня
ВК “Бумпрам” (Гомель) — “Атлант” (Паставы)

9 тур. 19-20 студзеня
“Атлант” (Паставы) — СДЮШАР ВК “Мінск”

11 тур. 9-10 лютага
“Узлёт” (Орша) — “Атлант” (Паставы)

12 тур. 16-17 лютага
“Атлант” (Паставы) — РДВАР-2003 (Мінск)

13 тур. 23-24 лютага
“Атлант” (Паставы) — “Стралец-ПДУ” (Полацк)

14 тур. 2-3 сакавіка
“Энергія-2” (Гомель) — “Атлант” (Паставы)

Чвэрцьфінальны этап. 9-10 і 16-17 сакавіка

Паўфінальны этап. 23-24 і 30-31 сакавіка

Фінальны этап. 6-7 і 13-14 красавіка



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.