В Дроздовщине установили крест и обновили место молитвы

Духовность

1 кастрычніка католікі ўспаміналі Святую Тэрэзу ад Дзіцяткі Езуса. Яе імя ў мінулым стагоддзі насіў касцёл у былой вёсцы Драздоўшчына, што недалёка ад Балаёў.

20 чэрвеня 1943 года бандыты забілі пробашча гэтага касцёла ксяндза Яўгенія Латэцкага, а храм спалілі. Папялішча парасло травой, хмызняком, дрэвамі. З марай пра адраджэнне святыні, без споведзі і камуніі адыходзілі ў іншы свет вяскоўцы. Аднавіць яе не ўдалося, знікла і сама Драздоўшчына. А Божы прамень усё ж прабіўся праз цемру ганенняў.

Чвэрць стагоддзя назад у Балаях прыстасавалі пад месца малітвы звычайны вясковы дом. Шмат сіл і працы ўклалі тады ў яго мясцовыя жыхары і навакольных вёсак.

— Колькі слёз радасці было падчас першай святой Імшы! — успамінала парафіянка Галіна Дзіковіч. — Божае слова нам неслі святой памяці ксёндз Юзаф Булька, потым святары, якія служылі ў варапаеўскім касцёле. Год таму рашэннем біскупа Віцебскай дыяцэзіі ксяндза Алега Буткевіча мы сталі належаць да парафіі Езуса Міласэрнага ў Паставах, і цяпер над намі апякуецца ксёндз Андрэй Бульчак. Колькі ў яго планаў і ініцыятывы!

Прыйшла і задумка на месцы знішчанага касцёла ўстанавіць крыж. Яе ажыццявілі. На асвячэнне крыжа сабралася шмат людзей. Балаёўцы радаваліся гэтай падзеі, а таксама таму, што захавалася вера ў Бога, яна перадавалася з пакалення ў пакаленне і цяпер жыве ў іх дзецях і ўнуках. На ўрачыстасць сабраліся нашчадкі тых, хто некалі ма­ліў­ся ў драздоўшчынскім касцёле.

Ксёндз Андрэй Бульчак асвяціў новы крыж, і ўсе накіраваліся на святую Імшу ў Балаі. Абноўленым сустрэла месца малітвы.

— Больш чым за 20 гадоў у доме падгніла падлога, непрыгожымі сталі сцены, — расказваў ксёндз Андрэй Бульчак. — Сёлета распачалі рамонт. Парафіяне — людзі пажылыя, але прага быць карыснымі ёсць у кожнага. 80-гадовыя бабулі гатовыя насіць мяшкі з цэментам, выконваць любую работу.

Асноўнае завяршылі да фэсту. З радасцю віталі вернікі святароў Вадзіма Прасянога з пастаўскай парафіі Антонія Падуанскага, які цэлебраваў святую Імшу і прамовіў казанне, Ежы Вілька з Варапаева, удзельнікаў хору з парафіі Езуса Міласэрнага, а таксама землякоў, якія па волі лёсу пакінулі малую радзіму, але памятаюць яе і наведваюцца сюды.

На завяршэнне Імшы Галіна Дзіковіч вярнулася ва ўспамінах да былога драздоўшчынскага касцёла, расказала пра сённяшняе жыццё парафіян, па­дзякавала святарам за іх служэнне Богу і людзям. У сваю чаргу ксёндз Андрэй Бульчак выказаў удзячнасць усім прысутным за ўдзел у Эўхарыстыі, а дэпутату Курапольскага сельскага Савета Пятру Вайцяшонку — за садзейнічанне ў афармленні дакументаў на зямлю, дзе ўстаноўлены крыж.

Анна АНІШКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.