«Ветераны — это элита общества». Кафе в Новосёлках собрало гостей-ветеранов +видео

Важное Общество Сельское хозяйство

Галоўны аграном ААТ «Навасёлкі-Лучай» Вера Мукель рада сустрэчы з калегамі Мікалаем Мацюшчанкам, Вячаславам Бучам, Іосіфам Траццяком, якія ў свой час працавалі ў Кураполлі, Хацілах, Ярэве

Цяпло ўспамінаў напоўніла тых, хто на мінулым тыдні сабраўся на сустрэчы ветэранаў кіруючых кадраў сельскагаспадарчай вытворчасці

Праходзіла яна па ініцыятыве раённага савета ветэранаў пры падтрымцы райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў. Месца для сустрэчы ў абноўленым кафэ гасцінна прадаставіў дырэктар ААТ «Навасёлкі-Лучай» Юрый Шымчык, транспартам сацыяльнай службы была арганізавана дастаўка. Выходзілі з мікрааўтобуса пасівелыя мужчыны, і я пазнавала ў іх былых кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў: Віктара Кейзіка, Іосіфа Траццяка, Барыса Латушкіна, Валерыя Зубарава, Івана Маслюка і іншых. А колькі радасці адчувалі яны самі, падыходзячы адзін да аднаго! Выйшаўшы на заслужаны адпачынак, многія ні разу не бачыліся, некаторыя — з апошняй падобнай сустрэчы, якая адбывалася некалькі гадоў таму ў прыдарожным кафэ “Салаўіны гай”.

Генадзій Зямчонак, Іван Мацюшонак і Леанід Шышко

Гады імчаць, забіраюць зда­роўе, але не забываюцца маладосць і час, калі ўзначальвалі гаспадаркі, дабіваліся поспехаў. Вядучая мерапрыемства настаўніца Навасёлкаўскай сярэдняй школы Янія Анкудовіч запрасіла заняць месцы за сталамі ў кафэ і засяродзіць увагу на экране. З яго з прывітальным словам звярнуўся да прысутных былы старшыня калгаса імя Суворава, Герой Сацыялістычнай працы Алег Валодзька. Ён успомніў тых, у каго вучыўся сапраўднай гаспадарлівасці, прафесіяналізму, пажадаў усім здароўя.

На жаль, няма ў жывых Валянціны Клачковай, Барыса Гаўрыльчыка, Эдуарда Ляшковіча, Грыгорыя Грабенюка, Яўгенія Зуйкова, Анатолія Кавальскага, Клаўдзіі Какошынай, Міхаіла Кляпца, Мікалая Камышава, Аляксандра Бульбянова, Іосіфа Януковіча, Бярнарда Сіповіча, Уладзіміра Морнева, Франца Вайцякяна, Вячаслава Галаўко, Віктара Літвіновіча, Пятра Касцяня, Сяргея Шчэрбы і многіх іншых. Іх фотаздымкі госці ўбачылі на экране і ўшанавалі памяць хвілінай маўчання.

Іван Валодзька і Іван Кожух

Затым слова ўзяў старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік. Ён падзякаваў ветэранам за той неацэнны ўклад, які яны ўнеслі ў развіццё раёна, папрасіў прабачэння за тое, што, магчыма, раённая ўлада недастаткова ўвагі ўдзяляе пажылым людзям, запэўніў, што заўсёды гатовы выслухаць прапановы і заўвагі вопытных кіраўнікоў, пажадаў ім зда­роўя, даўгалецця, бадзёрасці.

Ванда Цітовіч, Ганна Чэпік, Ганна Юргелан, Марыя Антух і Яўгенія Бяліцкая

Дзякавалі лёсу за магчымасць жыць і працаваць на Пастаўшчыне былыя кіраўнікі раёна Эдуард Казура і Ванда Януковіч.

— Сустрэча расчуліла, рада бачыць кожнага, — гаварыла Ванда Фердынантаўна. — Перад вачыма прамільгнулі ўсе пражытыя гады. Мне пашчасціла працаваць з наймацнейшым корпусам кіраўнікоў. Пераймала вопыт і вучылася ў Валянціны Клачковай, Алега Валодзькі, Баляслава Шылько. Шмат зроблена ў раёне Васіліем Чэпікам у гады яго кіраўніцтва. У мяне быў надзейны намеснік Ала Кейзік, якая падстаўляла плячо ў любых сітуацыях.

— У Алега Адольфавіча мы ўсе вучыліся новым падыходам і чулым адносінам да людзей, — казаў Эдуард Казура. — Радуе, што Юрый Шымчык працягвае традыцыі былога кіраўніка. Тут з размахам ладзяцца святы, прымеркаваныя да падвядзення вынікаў работына сяўбе і корманарыхтоўцы, людзі атрымліваюць узнагароды і прэміі, перад імі выступаюць знакамітыя артысты. Заўсёды ў пашане ветэраны працы.

Да прысутных звярнуліся былы старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Арэхаў і яго пераемнік Пётр Курто. Доўга ўспаміналі гады работы на пастаўскай зямлі Уладзіслаў Лапушынскі і адзін з найстарэйшых былых старшынь калгасаў — 92-гадовы Віталій Лапушынскі, які не толькі дзякаваў за арганізаваную сустрэчу, але і выканаў сваю любімую песню «Рускае поле».

Было што расказаць былому намесніку старшыні райвыканкама Але Кейзік.

— Маё жыццё перапляталася практычна з кожным з прысутных, — гаварыла Ала Эдмундаўна. — Я курыравала сацыяльную сферу. Нярэдка з працягнутай рукой ішла да старшынь гаспадарак, прасіла фінансаў, матэрыялаў на абнаўленне таго ці іншага аб’екта. Некага памятаю масцітым кіраўніком, да якога яшчэ з вечара думала, як падысці, іншыя прыйшлі маладымі і зялёнымі, і я вучыла іх, падказвала. Дзякуй, што прыслухоўваліся, выручалі.

У свой час узначальвалі калгасы імя Заслонава, «Перамога», «За Радзіму», «Ударник», «Колас», «Рассвет» Васілій Бароўка, Уладзімір Адамчык, Эдмунд Адамовіч, Віктар Лапушынскі, Уладзімір Палянін, Леанід Врублеўскі, саўгас «Старадворскі» — Іосіф Дэмбоўскі і Леанід Шышко. Сяргей Валетка, Анатолій Віцько былі дырэктарамі райсельэнерга і Навадруцкага прадпрыемства меліярацыйных сістэм, Аляксандр Кейзік — начальнікам насеннай інспекцыі, Уладзімір Магільніцкі — намеснікам дырэктара саўгаса імя Леніна. На свяце ім усім было пра што пагаварыць.

«Ветэраны — гэта эліта грамадства, самая свядомая частка насельніцтва, гвардыя, выпрабаваная рознымі цяжкасцямі. Яны з’яўляюцца прыкладам самаадданай працы, бездакорнага выканання грама­дзянскага абавязку, бясконцай любові да Айчыны, надзейнымі памочнікамі кіруючых органаў улады», — гаварыла дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзіяна Пякарская і запэўніла, што ў раёне ў плане сацыяльнай абароны пажылых лю­дзей праводзіцца вялікая работа. І хоць у саміх Навасёлках няма аддзялення кругласутачнага знаходжання для адзінокіх састарэлых (Алег  Валодзька шкадуе, што не паспеў яго адкрыць), яны дзейнічаюць у Паставах і Лынтупах, лічацца аднымі з лепшых у рэспубліцы. Хто мае сілы і жаданне, могуць наведваць дзённыя аддзяленні, дзе працуе мноства гурткоў, ладзяцца цікавыя мерапрыемствы.

А свята доўжылася. У гэты вечар кожны скінуў з сябе цяжар гадоў і праблем. Музыка, песні адсунулі хваробы далей. Ветэраны лёгка кружыліся ў вальсе, танцавалі польку, спявалі. Усе выказвалі захапленне сустрэчай, дзякавалі раённай уладзе, а таксама Ганне Літвіновіч і Юрыю Шымчыку за выдатную яе аргані­зацыю і падораны пазітыў.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ 

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.