Вучыць і любіць

Главное Образование

У пастаўскай СШ №1 14 малодшых класаў, у якіх 334 хлопчыкі і дзяўчынкі. Іх навучаннем займаюцца 14 настаўнікаў малодшых класаў, педагог-арганізатар, настаўнік-дэфектолаг, настаўнік музыкі і два выхавальнікі. Знаёмімся з адным з педагогаў — Аленай Фамінічнай Цярэнцьевай.

Да пачатку ўрокаў у 1 “Б” заставалася добрай паўгадзіны, а ў класе ўжо была мітусня. Дзеці запаўнялі памяшканне, раскладвалі на партах пісьмовыя прылады, абступалі настаўніцу. “Алена Фамінічна, я ўчора забылася здаць сшытак. Вазьміце, калі ласка”, “ Мы ездзілі ў Мінск, і я бачыў там бібліятэку, якую паказваюць па тэлевізары”, “ Вы — самая лепшая настаўніца”, ”Мне забалела галава. Пазваніце маме, каб забрала дадому”, — звярталіся Альбіна, Марат, Соня. А Яраслаў, які з-за хваробы тыдзень не наведваў школу, ніяк не мог адарвацца ад бабулі і размазваў на прыгожым тварыку слёзы. Пакуль да яго не падышла настаўніца і не прылашчыла.

Я назірала за гэтым мурашнікам і задавалася пытаннем: як жа магчыма ім кіраваць, не гаворачы ўжо пра навучыць? Дома мамы і таты, дзядулі і бабулі не заўсёды спраўляюцца з адным, двума ці трыма малымі, а тут 29! Настаўніца спраўляецца. Вопыту, прафесіяналізму і старання Алене Фамінічне не пазычаць. Яна настаўнічае з 1984 года, пасля заканчэння Віцебскага педагагічнага інстытута імя Машэрава. Пачынала ў Лынтупскай СШ і адпрацавала там чатыры гады. “Вельмі добры быў клас, — успамінае з цеплынёй. — Да гэтага часу сустракаюся з бацькамі сваіх першых вучняў, як з раднёй. У першыя гады не магла нарадавацца сваёй працай. Усё здавалася лёгка і проста. Была маладосць, эйфарыя. Напэўна, чагосьці і не дадавала вучням, але не разумела гэтага…”

Цяпер эйфарыі, канешне, няма, а вось улюбёнасць у прафесію не зменшылася. А да яе дадаўся вопыт, набыты за многія гады працы. “Добры, цікавы чалавек, таленавіты педагог. Змястоўна праводзіць урокі. Умее знайсці падыход да дзяцей і ўзаемаразуменне з бацькамі”, — характарызуе настаўніцу намеснік дырэктара школы па вучэбнай рабоце Ірына Леанідаўна Ліп­ніц­кая. А сама Алена Фамінічна сціпла заўважае: “Чаму выбралі для газеты мяне? Паверце, кожная з маіх калег заслугоўвае ўвагі. У нас вельмі добры калектыў. Усе творчыя, дружныя, не ўтойваюць свае напрацоўкі, а рады падзяліцца імі”.

Увесь верасень перша­класнікі займаліся толькі ўвя­дзеннем у школьнае жыццё. Настаўнікі за гэты час выяўлялі, як падрыхтавана рука дзіцяці, якія ў яго матэматычныя здольнасці, хто ўмее чытаць, як развіты маўленне, уменне арганізаваць сябе. З 1 кастрычніка выкладаюцца прадметы: чытанне, пісьмо, матэматыка, чалавек і свет, беларуская мова. “Узровень падрыхтоўкі да школы вельмі розны, — расказвае педагог. — А ўрокі трэба пабудаваць так, каб кожнаму дзіцяці было цікава. Асабліва складана ў першым паўгоддзі. Затым малыя выраўноўваюцца, і з імі лягчэй працаваць”.

Дзеці душой прырастаюць да сваёй першай настаўніцы, а яна — да іх. Але праз кожныя чатыры гады — чарговы выпуск з малодшай школы. Гэта падзея для Алены Фамінічны, як і для іншых яе калег, заўсёды са слязамі на вачах. “Мы і ў далейшым цікавімся іх школьнымі справамі, — расказвала настаўніца. — А яны не забываюць нас, прыходзяць у свой былы клас, дзеляцца радасцю, выказваюць крыўды, калі яны здараюцца. Гэтыя дзеці па-ранейшаму нашы, і мы іх любім”.

Той раніцай я так і не змагла пагутарыць з Аленай Фамінічнай — не зрываць жа ўрок. Дамовіліся сустрэцца ў другой палове дня, пасля заканчэння заняткаў. Сустрэліся, але я старалася не злоўжываць часам настаўніцы, бо ведала, што яна збіраецца наведаць сем’і сваіх вучняў. “Атрымліваецца, што ваш рабочы дзень пяройдзе ў рабочы вечар”, — не ўтрымалася я ад рэплікі. Настаўніца стомлена ўсміхнулася: “Шчасце, што ў мяне муж вельмі добры, цярплівы, пазітыўны і ва ўсім падтрымлівае мяне. А вось дачка, калі была школьніцай, здаралася, крыўдзілася, гаварыла, што больш увагі аддаю вучням, чым ёй. Можа, таму і ў педагогі не пайшла, а стала эканамістам”.

Што ж, у кожнага сваё прызванне.


Фаіна Касаткіна



Настаўнік, будзь сонцам, якое выпраменьвае чалавечае цяпло, будзь глебай, багатай ферментамі чалавечых пачуццяў, і сей веды не толькі ў памяці і свядомасці тваіх вучняў, але і ў  іх сэрцах і душах.  

Ш. Амонашвілі



 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.