З павагай

Важное Культура Общество

Выступае вакальная група народнага хору ветэранаў

Як успрымаць 1 кастрычніка? Гэта проста дата, абазначаная ў календары як Дзень пажылых людзей, або сапраўды іх свята? Я — за другі  варыянт. Таму што стала сведкай прыгожага мерапрыемства,  якое ладзілася  ў мінулы панядзелак у раённым Доме культуры для людзей залатога ўзросту.

А іх у гэты дзень сабралася ва ўстанове культуры шмат. Адны прыяз­джалі або прыходзілі самастойна, тым, хто меў патрэбу, прадастаўляўся транспарт тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Першая прыемнасць — у дзвярах РДК сустракалі юныя і запрашалі праходзіць далей. Другая — у фае працавала выязная прыёмная, і можна бы­ло звярнуцца са сваім пытаннем да псіхолага, юрыста, медыка, спецыяліста па пенсійных пытаннях, валанцёраў раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Трэцяя — адбываліся сустрэчы даўніх знаёмых, як правіла, былых калег. Некалі іх аб’ядноўвала агульная работа, а зараз большасць на пен­сіі, ва ўласных клопатах. І вось — нагода ўбачыцца, успомніць былое, пагаварыць пра цяперашнія справы.

Па параду да псіхолага

Але хопіць размоў — пачынаецца свята. “У восеньскім календары ёсць дата, калі сэрца перапаўняецца пачуццём глыбокай удзячнасці людзям пажылога ўзросту, калі хочацца быць асабліва чулымі і ўважлівымі да іх, — пранікнёна гаворыць вядучая Таццяна Кухальская, вітаючы віноўнікаў урачыстасці. — З дзяцінства мы ўбіраем у сябе ад людзей старэйшага пакалення традыцыі і мудрасць, з бабуліных казак і расказаў дзядулі нараджаецца наша любоў да Радзімы…”

Прысутных вітае старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто

Затым прадастаўляецца слова старшыні раённага Савета дэпутатаў Пятру Курто. Павагай і ўдзячнасцю людзям пажылога ўзросту прасякнуты і словы прадстаўніка ўлады. Ад імя раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў ён віншуе прысутных у зале, падкрэслівае іх вялікі ўклад у развіццё Пастаўшчыны: “Вы ра­білі ўсё магчымае, каб раён развіваўся і квітнеў. І зараз нераўнадушныя да таго, што адбываецца на Пастаўшчыне — радуецеся поспехам землякоў, засмучаецеся няўдачамі. А многія, каму за 60-70, і сёння ў працоўным страі. У гэтых людзей асаблівы настрой і асаблівы погляд на жыццё. Яны былі і застаюцца прыкладам для іншых. Дзякуй вам, паважаныя ветэраны, за ваш вялікі ўклад у раз­віццё раёна, за тое, што вы ёсць і што прыйшлі на гэта свята”.

Ёсць што ўспомніць Раману Куніцкаму і Анатолію Дудчанку

“Няхай цяпло нашых сэрцаў знойдзе водгук у вашай душы. Давайце падорым адно аднаму ўсмешкі і адчуем, як пацяплела ў зале”, — заклікае вядучая, аб’яўляючы пра пачатак канцэрта. Так і было. Парадавалі нумары народнай эстраднай групы “25 плюс-мінус”, вакальнай групы народнага хору ветэранаў, салістаў Пятра Караля, Марыны Ніканавай, Ганны Петух, зачаравала сваім паветраным сола на палотнах Вікторыя Пронька з узорнай цыркавой студыі “Каскад”.

Не, не памыліліся тыя, хто адарваўся ад кухні, агарода ці канапы і тэлевізара і завітаў на свята. Канешне, яно было з настальгічнымі ноткамі. Але што, як не настальгія, расчульвае людзей, за плячыма якіх многія дзесяцігоддзі?

Фаіна Касаткіна
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.