З ранку і да позняга вечара

Общество Спорт

працуюць спартыўныя залы варапаеўскага фака

Да нядаўняга часу фізкультурна-аздараўленчы комплекс у гарадскім пасёлку Варапаева належаў УП ЖКГ. Аднак, у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта краіны №535 «Аб прадастаўленні жыллёва-камунальных паслуг» ад 31.12.2015 г., у студзені бягучага года быў перададзены на баланс дзяржаўнага аб’яднання «Фізічная культура, спорт і турызм Пастаўскага раёна».

Урачыстае адкрыццё абноўленага ФАКа адбылося 19 мая — на Дзень работнікаў фізічнай культуры і спорту. Трапіць на яго, на жаль, не атрымалася. Таму, калі нарэшце з’явілася магчымасць убачыць новыя ўладанні пастаўскіх фізкультурнікаў, з радасцю адправілася ў Варапаева ў суправаджэнні генеральнага дырэктара ДА «Фізічная культура, спорт і турызм Пастаўскага раёна» Станіслава Чымбурга.

Першае, што кінулася ў вочы, — неверагоднае падабенства варапаеўскага ФАКа як звонку, так і ўнутры з пастаўскім. Маё назіранне пацвярджаюць і гаспадары: «Абодва памяшканні пабудаваныя па тыпавым праекце. Адзі­нае адрозненне — гэты комплекс яшчэ большы за гарадскі. Узяць, напрыклад, гульнявую залу. Яе памер складае 47х18 метраў, пастаўскай — 36х18».

Для аматараў спартыўнага ладу жыцця з ранку да позняга вечара расчынены дзверы гімнастычнай, трэнажорнай, гульнявой і тэніснай залаў, більярдная. 

— Трэнажорная зала тут заўжды была папулярнай, а пасля таго, як мы дапоўнілі яе станкамі з пастаўскага ФАКа, наведвальнасць значна павялічылася, — расказваў С. Чымбург. — У жанчын карыстаюцца папулярнасцю заняткі па аэробіцы. Іх наведваюць каля 17 чалавек. Для дзяцей і падлеткаў дзейнічаюць групы па валейболе і лёгкай атлетыцы (заняткі ў іх вядуць трэнеры ДЮСШ). З дарослымі інструктар-метадыст займаецца міні-футболам і валейболам.

Ёсць тут і свой «жылы корпус», які складаецца з 20-ці месцаў для пражывання. Яны размешчаны на другім паверсе фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Касметычны рамонт зрабілі ўласнымі сіламі. Новыя ложкі, тумбачкі, сталы, крэслы і шафы вытворчасці Варапаеўскага ДАКа аздобілі жылыя пакоі на 3, 4, і 6 чалавек. З ліпеня ў іх пражываюць рабочыя, задзейнічаныя на капітальным рамонце Варапаеўскай дыстанцыі пуці.

Вырашана пытанне і з гарачай вадой. Раней яна падавалася толькі ў суботу (калі працавала лазня). Зараз, дзякуючы набытым і ўстаноўленым магутным бойлерам, вада ёсць у душавых кабінках штодзённа круглыя суткі. За пэўную суму памыцца ў душы можа і мясцовае насельніцтва.



Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.