Занадта шмат памылак

Спорт

«Атлант» (Паставы) — «Бумпрам» (Гомель) — 0:3, 0:3

1 дзень. 0:3 (18:25; 17:25; 14:25).

2 дзень. 0:3 (19:25; 14:25; 22:25).

Яшчэ на перадгульнявой размінцы стала трывожна за вынікі маючых адбыцца сустрэч. Шматлікія гледачы, сярод якіх быў і кіраўнік раёна С. В. Чэпік, пераканаліся ў тым, што да нас прыехаў гуляць фаварыт першынства і галоўны прэтэндэнт на “золата”. Усе гамяльчане былі як на падбор — высакарослыя, фізічна моцныя, тэхнічныя, намнога больш вопытныя. Праўда, у стартавай партыі хвілін 10 ініцыятывай валодалі пастаўчане і выйшлі наперад з лікам 8:5. Аднак затым пайшлі застарэлыя памылкі, шэсць разоў яны не выканалі сваіх падач і без барацьбы аддалі важныя ачкі саперніку.

Госці імгненна завалодалі ініцыятывай. Гульнявую звязку капітана і распасоўшчыка Паўла Пачобута з лідарам атакі Іванам Вараненкам наша каманда не змагла спыніць. Часта з падманных імклівых перадач гамяльчане без перашкод завяршалі свае атакі і дабіліся істотнай перавагі. А ў маладых пастаўчан праз паўгадзіны барацьбы рукі зусім апусціліся, і яны без асаблівай барацьбы саступілі ў першым матчы.

Паўторны паядынак гаспадары правялі значна лепш. Падтрымаць іх прыйшоў выхаванец Пастаўскай ДЮСШ Антон Вярбіцкі, які неўзабаве прадоўжыць сваю прафесійную кар’еру на міжнародным узроўні ў адным з элітных клубаў Балгарыі. Затым госці зноў вырваліся наперад, але пералом у гульні ледзь не выклікаў выхад на пляцоўку рэзервовага распасоўшчыка Дзмітрыя Аксёненкі, які да таго ж вынікова выконваў моцныя падачы. Асабліва цікавай атрымалася трэцяя партыя, калі ў канцоўцы пастаўчане выйшлі наперад з лікам 18:14. Галоўны трэнер гамяльчан майстар спорту Мікалай Верамей узяў хвілінны перапынак, вярнуў на пляцоўку сваіх лідараў, якія ў канцоўцы згулялі бездакорна і зноў перамаглі.

Нягледзячы на асечкі на старце, наша каманда можа прыбавіць, калі прадоўжыць упарта трэніравацца і будзе менш памыляцца ў простых сітуацыях, паверыць у свае сілы. У гэтым туры яшчэ адзін фаварыт — аршанскі “Узлёт” — двойчы з лікам 3:0 на сваёй пляцоўцы перамог дэбютанта — полацкі “Стралец-ПДУ”. Другая гомельская каманда, “Энергія-2”, была мацней за сталічны РДВАР-2003 (3:1 і 3:0). У гэтыя выхадныя пастаўчане згуляюць на выездзе ў сталіцы супраць выхаванцаў СДЮШАР ВК “Мінск”.

  Уладзімір ШЫК



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.