Заведующая магазином «Продукты» в аг. Камаи Анастасия Невядомская — серебряный призер конкурса «Лучший по профессии»

Важное Общество

Прафесійна і з усмешкай

Так працуе сярэбраны прызёр XXXII абласнога конкурсу «Лепшы па прафесіі» сярод прадаўцоў харчовых і нехарчовых тавараў прадпрыемстваў спажыўкааперацыі, загадчыца магазіна «Прадукты» ў аг. Камаі Анастасія Невядомская.

— Гэты конкурс праходзіў 23 кастрычніка ў горадзе Дуброўна. За перамогу ў ім змагаліся 20 дзяўчат з 14 раёнаў Віцебшчыны, дзе ёсць спажывецкія таварыствы. Барацьба была вострай, бо прыехалі хоць і маладыя, але вопытныя і добра падрыхтаваныя работніцы прылаўка. А журы ацэньвала як іх прафесійныя навыкі, так і знешні выгляд, уменне падаць сябе, — расказвала старшыня прафкама райспажыўтаварыства Людміла Касцюкова, якая разам з вядучым тавара­знаўцам Наталляй Артамонавай дапамагала нашай прадстаўніцы рыхтавацца да спаборніцтва, а потым балела за яе на працягу ўсіх конкурсных іспытаў.

Першым традыцыйна была «Візітная картка», або самапрадстаўленне. Да яго Анастасія падрыхтавала не толькі творчую, але і фотапрэзентацыю. Пакуль чытала са сцэны вершы пра сябе, на вялікім экране дэманстраваліся фотаздымкі з эпізодамі яе жыцця і работы. Затым выканала прыгожы лірычны танец — нездарма ў Камайскім СДК вядзе дзіцячую танцавальную студыю, а таксама з’яўляецца ўдзельніцай калектыву «Вясковы экстрым». За гэты конкурс сем з васьмі членаў журы паставілі нашай зямлячцы максімальныя пяць балаў.

Другое выпрабаванне — конкурс рэкламы. Які тавар будуць рэкламаваць, удзельніцы вызначалі самі з дапамогай лата­трона. Анастасіі выпаў шакалад «Алёнка». Неабходна было хутка і коратка прадставіць яго спажывецкія якасці, расказаць пра скідку на тавар і пераканаць журы ў неабходнасці зрабіць пакупку. З заданнем пастаўчанка справілася выдатна і адзіная з дзяўчат атрымала ўсе пяцёркі. Пры падвядзенні вынікаў ёй быў прысуджаны асобны прыз за лепшую рэкламу — электравафельніца.

Веданне правілаў гандлю і Закона «Аб абароне правоў спажыўцоў» канкурсанткі дэманстравалі падчас тэсціравання, адказваючы на 14 пытанняў у білеце, а шырока свае прафесійныя навыкі — рыхтуючы экспазіцыі ў гандлёвых аб’ектах горада. Тут спатрэбілася не толькі правільна зрабіць выкладку тавару, прымяніўшы сучасныя прынцыпы мерчандайзінгу, але і ветліва сустрэць пакупніка, паказаць яму тавар і расказаць пра яго вытворцаў. Менавіта на гэтым этапе нашу Насцю змагла апярэдзіць па суме балаў прадавец з Сянно, якая з пачатку конкурсу ішла нароўні з ёй: саперніцы трапілася больш лёгкая экспазі­цыя. У выніку ў Анастасіі Невядомскай другое месца, Ганаровая грамата і мультыварка ў падарунак.

— Я вельмі рада, што змагла годна прадставіць Пастаўскае райспажыўтаварыства! Гэта быў мой першы конкурс прафесійнага майстэрства, таму моцна хвалявалася на працягу ўсіх яго этапаў і падчас аб’яўлення пераможцаў. Пасля таго, як уручылі прыз за лепшую рэкламу, не думала, што займу прызавое месца. Шчыра ўдзячна Людміле Мікалаеўне Касцюковай, Наталлі Леанідаўне Артамонавай, дзяўчатам-прадаўцам з магазіна, у якім працую, за падтрымку і дапамогу ў падрыхтоўцы, — дзялілася эмоцыямі пасля вяртання дамоў Анастасія.

Апошнія паўгода для дзяўчыны багатыя на прыемныя па­дзеі. Летам закончыла Полацкі гандлёва-тэхналагічны каледж і паступіла ў Беларускі гандлёва-эканамічны ўніверсітэт спажывецкай кааперацыі на спецыяльнасць «Бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт». Не паспела вярнуцца з установачнай сесіі, як трэба было ехаць адстойваць гонар раёна ў Дуброўна. Цяпер пачынае рыхтавацца да аналагічнага рэспубліканскага конкурсу, які пройдзе ў пачатку снежня ў Верхнядзвінску,  і таксама настроена на перамогу.

— Насця — адказная, працавітая і мэтанакіраваная, — хваліла сваю падначаленую вядучы таваразнаўца райспажыўтаварыства Наталля Артамонава. — Вельмі камунікабельная, што б ні было на душы — заўсёды ўсміхаецца. За гэта яе любяць пакупнікі і не абмінаюць наш магазін, хоць у яго ёсць канкурэнты ў асобе прыватных гандлёвых кропак. Па ўсім бачна: чалавек на сваім месцы і любіць сваю работу.

Алена ШАПАВАЛАВА
Фота Людмілы КАСЦЮКОВАЙ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.