
Сэрца маці поўніцца пяшчотай
На ультрагукавое даследаванне Жанна Варабей паехала ў Мінск адна — муж заставаўся дома з сынам, якому не было яшчэ і шасці гадоў. «Цяжарнасць працякае нармальна. Чакайце дзвюх дзяўчынак», — заключылі медыкі.
Маладую жанчыну ахапілі адначасова і страх, і радасць. Страх — як жа ўпраўляцца з двайняткамі? Радасць — гэта будуць дзяўчынкі! Пра дачушку яна марыла заўсёды, а тут адразу дзве. Вярнуўшыся дадому, без слоў падала мужу медыцынскае заключэнне. Міхаіл прачытаў, разгубіўся, а потым усклікнуў: «Класна!»
13 лютага 2015 года ў рэспубліканскім цэнтры «Маці і дзіця» пастаўчанка Жанна Варабей нарадзіла дзвюх дзяўчынак вагой амаль тры кілаграмы кожная. Назвалі Насцечкай і Надзейкай.
— На першым часе было нават лягчэй, чым потым, — успамінае маці. — Малыя толькі елі і спалі. А вось калі ў іх пачалі праразацца зубкі, спакою не было ні днём, ні ноччу. Шмат дапамагаў муж. Адразу пакінула работу мая маці, добра, што ўжо была пенсійнага ўзросту. Яна і цяпер дапамагае. Вось і нядаўна ўсе трое дзяцей па чарзе падхапілі вірусную інфекцыю. Я на бальнічны не пайшла — з імі заставалася бабуля. Актыўна ўдзельнічае ў выхаванні ўнукаў і дзядуля.
Таксама Жанна вельмі ўдзячна свёкру са свекрывёй, якія жывуць і працуюць у Навасёлках, трымаюць вялікую асабістую гаспадарку, забяспечваюць сям’ю сына прадуктамі харчавання, і ўвогуле, дапамагаюць матэрыяльна. І, канешне ж, вельмі любяць унукаў.
Жанна закончыла Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, працуе бухгалтарам у «Каапгандлі №2». Міхаіл зараз зарабляе грошы для сям’і на будоўлі ў Расіі. Жонка і дзеці вельмі сумуюць па ім, і калі прыязджае — для ўсіх радасць неймаверная.
— Толькі спагадаем нашым суседзям, якія жывуць паверхам ніжэй, — гаварыла Жанна. — Бо ўсе трое дзяцей неўтаймоўныя. Шуму ад іх шмат.
Сям’я Варабей стала мнагадзетнай, зусім не плануючы гэтага, але вельмі дарэчы для сябе — атрымала дастаткова важкую дзяржаўную падтрымку. У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта ад 4 ліпеня 2017 года «Аб дзяржаўнай падтрымцы грамадзян пры будаўніцтве (рэканструкцыі) жылых памяшканняў для мнагадзетных сем’яў», 75 працэнтаў кошту яе двухпакаёвай кватэры, пабудаванай у мікрараёне вуліцы Юбілейнай, кампенсуе дзяржава. Больш за тое, паколькі па сацыяльных стандартах на сям’ю не хапае квадратных метраў, яна на такіх жа ўмовах пабудавала яшчэ адну кватэру — аднапакаёвую. Акрамя таго, налічаны мацярынскі капітал у памеры 10 тысяч долараў, якім можна будзе скарыстацца пасля дасягнення трэцім дзіцем 18-гадовага ўзросту.
Вялікая сям’я — вялікія і расходы, тым больш калі адзенне і абутак для блізнятак адначасова даводзіцца купляць у двух экзэмплярах. Мноства і клопатаў, трывог. Але Жанна ў размове са мной засяроджвалася не на іх, а на радасцях мацярынства:
— Наш першынец Мікітка — чацвёртакласнік. Ён — мой памочнік. Пры патрэбе прыгледзіць за сястрычкамі, збегае ў магазін ці аптэку. Насця і Надзя ходзяць у дзіцячы садок. Кожная імкнецца да лідарства, і гэта ў іх атрымліваецца па чарзе. Усе нашы дзеткі чулыя — прытуляцца, абдымуць, пацалуюць, скажуць: «Я люблю цябе, мама!». Я чую такое па некалькі разоў у дзень. І хіба можа быць большае за гэта шчасце?