Златавуст Дэпартамента аховы

Важное Правовое поле

У верасні на базе Кастрычніцкага аддзела Дэпартамента аховы ў Віцебску адбыўся конкурс аратарскага майстэрства сярод супрацоўнікаў і цывільнага персаналу падраздзяленняў аховы вобласці. ­Удзел у ім прынялі 8 чалавек, у іх ліку міліцыянер узвода міліцыі Пастаўскага аддзялення Дэпартамента аховы Аляксандр Бакуновіч.

Канкурсантам-златавустам неабходна было выступіць з троххвіліннай прамовай на адну з прапанаваных тэм: «Грамадзянін. Патрыёт. Абаронца», «Імідж і культура супрацоўніка органаў унутраных спраў», «Мая малая радзіма», «Падраздзяленне, у якім я служу». Пры падвядзенні вынікаў улічваліся ўменне гаварыць проста і цікава пра складанае, наладж­ваць кантакт з аўдыторыяй, пераконваць. Адпавядаць гэтым крытэрыям — задача даволі складаная, асабліва для тых, хто не мае вопыту публічных выступленняў. Не меў яго і Аляксандр Бакуновіч. «Я па натуры маўчун, аднак пафіласофстваваць люблю», — прызнаўся ён падчас размовы. І сапраўды, на службе яму даводзіцца больш назіраць, чым размаўляць.

У райаддзел Дэпартамента аховы А. Бакуновіч прыйшоў у 1995 годзе. Непрацяглы час быў вартаўніком, затым — міліцыянерам-кінолагам і міліцыянерам-вадзіцелем. На цяперашняй пасадзе працуе каля года. Сустрэць яго можна ў райвыканкаме, судзе, аддзеле прымусовага выканання пакаранняў, райаддзеле Следчага камітэта, на электрападстанцыі ў раёне вёскі Бірвіта. На гэтых аб’ектах ён дзяжурыць у якасці паставога.

Да конкурсу Аляксандр Ула­дзіміравіч рыхтаваўся грунтоўна: вывучыў у інтэрнэце гісторыю аратарскага майстэрства, яго асноўныя прынцыпы, напісаў прамову.

— Перад пачаткам спаборніцтва ў якасці арыенціра, на які патрэбна раўняцца, нам паказалі невялікі відэаролік з выступленнямі аратараў. І тут я зразумеў, што мой тэкст не зусім адпавядае ўмовам — ён больш нагадваў лекцыю. Давялося выступаць экспромтам. Зразумела, часткова прытрымліваўся падрыхтаванай дома прамовы, — успамінае А. Бакуновіч. — Паспрабаваўшы свае сілы і паназіраўшы за выступленнямі іншых, пераканаўся, што аратарскае майстэрства — мастацтва, якому трэба вучыцца не адзін год.

Для сваёй прамовы Аляксандр Бакуновіч выбраў тэму «Імідж і культура супрацоўніка органаў унутраных спраў». У выступленні зрабіў упор на тое, што кожнаму прадстаўніку праваахоўнай галіны варта працаваць над сваім духоўным развіццём, выпраўляць недахопы, калі яны ёсць. Яго разважанні спадабаліся журы, і яно прысудзіла пастаўчаніну трэцяе месца.


Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ



 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.