50 тонн готовой продукции за смену. Поставский мясокомбинат набирает обороты

Важное Сельское хозяйство

Генадзь Казунко

Новыя рабочыя месцы і якасная прадукцыя

У кабінеце заснавальніка таварыства з абмежаванай адказнасцю «Мясакамбінат Пастаўскі» Юрыя Жэдзя звяртаю ўвагу на фотаздымкі будынкаў і памяшканняў былога Пастаўскага мясакамбіната і праз пэўны час адпраўляюся ў абноўленыя цэхі. Як кажуць: неба і зямля.

З мая мінулага года інвестарам з Малдовы гаспадарчым спосабам праведзены бягучы рамонт вытворчых і бытавых памяшканняў. У яго ўкладзена звыш 700 тысяч еўра. Умовы створаны ідэальныя: сцены і падлога абліцаваны пліткай, дзверы зроблены з матэрыялу, які лёгка мыецца і дэзінфікуецца. Устаноўлена сучаснае абсталяванне нямецкай вытворчасці, якое зманціравана ў адзіны тэхналагічны комплекс.

Асноўны від дзейнасці — забой буйной рагатай жывёлы, свіней, авечак, а таксама вытворчасць і перапрацоўка ялавічыны, барані­ны, свініны. Праектная магутнасць — 50 тон гатовай прадукцыі за змену: мяса ў блоках, паўтушы, чвэрці, адрубы, ахалоджаныя і замарожаныя, вакуумаваныя і невакуумаваныя паўфабрыкаты. Пры іх вытворчасці строга захоўваюцца санітарна-гігіенічныя нормы на ўсіх этапах перапрацоўкі і выкарыстоўваецца высакасортная мясная сыравіна. На прадпрыемстве ўкаранёна сістэма кіравання якасцю і бяспекай харчовых прадуктаў на аснове аналізаў рызыкі і крытычных кантрольных кропак (сертыфікат №37528 выдадзены тэрмінам на тры гады).

Эдуард Дуброўскі

Вытворчую дзейнасць ТАА «Мясакамбінат Пастаўскі» пачало 11 чэрвеня бягучага года. Тут працуюць амаль 50 чалавек. Многія — з дня заснавання. Спачатку займаліся рамонтам, а калі яго завяршылі — прайшлі навучанне для работы ў цэхах. Некаторыя спецыялісты працавалі на ранейшым мясакамбінаце, маюць адпаведныя веды і вопыт, якія аказаліся дарэчы на новай вытворчасці. Сярод іх Ніна Шымковіч, якая адказвае за некалькі аперацый.

— Работа на прадпрыемстве не з лёгкіх, — гаварыла яна. — Патрэбны фізічная сіла, спрыт. Большасць з адказнасцю падыходзяць да выканання задач. Паназірайце, як спраўляецца са сваімі абавязкамі нутроўшчык Генадзь Казунко, а як прафесійна разбірае тушы электрапілой Эдуард Дуброўскі. У штаце ёсць два ветэрынарныя ўрачы. Яніна Гіль мае пасведчанне ветэрынарна-санітарнага эксперта.

Жывёлу мясакамбінат закупляе ў гаспадарак і насельніцтва не толькі раёна, але і вобласці. Закупачныя цэны высокія, разлік своечасовы. Прадукцыя рэалізуецца ў асноўным па Беларусі, пэўная частка экспартуецца ў Ра­сійскую Фэдэрацыю.

— Вытворчасць плануем расшыраць, — гаварыў Юрый Жэдзь. — І тады экспарт прадукцыі ў год павінен скласці 5000 тон, што ў грашовым выражэнні — 19 млн еўра. Завяршаюцца рамонтныя работы ў будынку фірменнага магазіна па вуліцы Гагарына ў райцэнтры. Увядзём яшчэ 15 рабочых месцаў на асноўнай вытворчасці. Зарплата ў нас нядрэнная — на рукі людзі атрымліваюць у сярэднім 700 рублёў. Вакантныя месцы ёсць. Таму запрашаю тых, хто мае жаданне добрасумленна працаваць.

Анна АНІШКЕВІЧ



Tagged