60 часов общественных работ и компенсация в размере 40 БВ. В Поставах судили уклониста-срочника

Важное Правовое поле

З ваенкаматам жарты дрэнныя

У гэтым пераканаўся 25-гадовы Міхаіл Б. падчас выязнога судовага пасяджэння, на якім у дачыненні да яго разглядалася крымінальная справа. Работнікі раённага камісарыята спадзяюцца, што гэта зразумелі і ўсе прысутныя прызыўнікі, якіх спецыяльна запрасілі на адкрытае слуханне.

Міхаіл разам з мамай пенсіянеркай пражывае ў адной з вёсак раёна, уласнай сям’і не мае. Пасля заканчэння 9 класаў паступіў у мясцовы каледж, аднак навучальную ўстанову так і не скончыў, прафесіі не набыў. Вярнуўся ў бацькоўскі дом, уладкаваўся на сельгаспрадпрыемства падсобным рабочым, потым стаў жывёлаводам. Зараз больш за год нідзе афіцыйна не працуе, перабіваецца выпадковымі заробкамі.

У працэсе судовага следства дзяржаўны абвінаваўца Ігар Валынец паведаміў, што падчас мінулай прызыўной кампаніі падсудны атрымаў павестку прыбыць у ваенкамат для праходжання медыцынскага агляду, але ў назначаны тэрмін не з’явіўся, таму быў дастаўлены ва ўстанову ўчастковым міліцыянерам. Прайшоў двух урачоў, аса­біста атрымаў новую павестку, а затым па пошце — яшчэ адну. Абедзве праігнараваў. Калі ж было вырашана зноў «прадаставіць» яму «асабістую варту» для суправаджэння ў ваенкамат, высветлілася, што па месцы прапіскі ён адсутнічае — выехаў на заробкі ў Мінск. Паўздзейнічаць на сына, калі той выйдзе на сувязь, папрасілі маці, аднак яна паўплываць на яго паводзіны не змагла. У выніку дзеянні прызыўніка кваліфікаваныя як наўмыснае ўхіленне ад мерапрыемстваў воінскага прызыву.


Да ведама: Няяўка ў ваенны камісарыят па павестцы або на мерапрыемствы прызыву, парушэнне абавязкаў па воінскім уліку, ухіленне ад мерапрыемстваў прызыву, у тым ліку здзейсненае шляхам наўмыснага прычынення сабе цялеснага пашкоджання, сімуляцыя захворвання, падлог дакументаў або іншы падман, у адпаведнасці са здзейсненым правапарушэннем, прадугледжваюць папярэджанне, арышт (да 3 месяцаў), штраф (да 6 базавых велічынь), абмежаванне або пазбаўленне волі (да 5 гадоў).Падсудны віну цалкам прызнаў. Свае паводзіны патлумачыў легкадумнасцю.


— На ўлік у ваенкамат я быў прыняты ў сакавіку 2009-га. Потым, калі мне споўнілася 18, па два разы ў год праходзіў медкамісію падчас мерапрыемстваў прызыву. Да адпраўкі ў войскі справа ніколі не даходзіла. Чаму — мне не тлумачылі, — даваў паказанні малады чалавек. — Вось і вырашыў, што не буду прызваны і ў тую кампанію, таму, калі падвярнулася магчымасць падзарабіць, скарыстаўся ёй без разваг. Зараз разумею, што паступіў няправільна.

Чаму ўсё заканчвалася медыцынскімі аглядамі і падсудны на працягу сямі гадоў так і заставаўся ў якасці прызыўніка, патлумачыў начальнік групы прызыву на ваенную службу Валерый Баравік, які на судовым пасяджэнні выступаў сведкай. Справа ў тым, што бацька Міхаіла яшчэ да яго нараджэння скончыў жыццё самагубствам, старэйшы брат у маладым узросце памёр ад вострага атручэння этылавым спіртам, сам ён прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці. Такія абставіны дазвалялі работнікам ваенкамата рабіць адпаведную сацыяльна-псіхалагічную ацэнку наконт прызыўніка і адпраўляць яго асабістую справу ў спецыяльную картатэку. Так было да таго, пакуль у канцы 2017-га не змянілася сістэма вывучэння прызыўнікоў. Што канкрэтна да сітуацыі з Міхаілам, то калі б ён прайшоў спецыяльнае тэсціраванне, то мог бы быць аднесены да 1 ці 2 групы прыгоднасці з далейшым накіраваннем для праходжання тэрміновай службы. З-за няяўкі на мерапрыемствы прызыву зрабіць у дачыненні да яго справядлівае прызначэнне не атрымалася.

Прычыны, па якіх падсудны праігнараваў прызыўную кампанію, не прызнаны ўважлівымі. Дзяржаўны абвінаваўца папрасіў прызначыць яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на адзін год. Прысуд можа быць не прыведзены ў выкананне, калі за 12 месяцаў Міхаіл не здзейсніць новага правапарушэння, на працягу 6 месяцаў адпрацуе на грамадскіх работах 60 гадзін і выплаціць у даход дзяржавы крымінальна-прававую кампенсацыю ў памеры 40 базавых велічынь (980 беларускіх рублёў). Старшыня суда — Наталля Максімовіч — з мерай пакарання пагадзілася.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.