Районный праздник к 100-летию Всесоюзного Ленинского Коммунистического Союза Молодежи

Главное Общество

Ярка і эмацыянальна  прайшло раённае свята, прысвечанае 100-годдзю Усесаюзнага Ленінскага Камуністычнага Саюза Моладзі

Першы, каго сустрэла ў раённым Доме культуры, дзе ладзілася мерапрыемства, быў Міхаіл Манкевіч. «Я на­ра­дзіўся, як і камсамол, 29 кастрычніка, — дзяліўся. — Падрастаючы, часта думаў, ці звяжа мяне калі лёс з камсамолам. Звязаў! З’яўляўся сакратаром пярвічнай камсамольскай арганізацыі, пазней працаваў у апараце райкама камсамола. Даўняя знаёмая Ванда Купран адхінула шалік на сукенцы і паказала прышпілены камсамольскі значок: «Бачыш, захавала праз столькі гадоў». Ветэран вайны Барыс Сямашка расхваляваўся ад успамінаў : «У камсамол уступіў у верасні 1945-га ў палітаддзел Паўночнай групы войск у Германіі».

Такіх успамінаў у людзей старэйшага пакалення ў той дзень было шмат. Як бы ні перапісвалася гісторыя, што б ні гаварылі зараз пра тагачасную ўсесаюзную маладзёжную арганізацыю, але яе школу прайшло некалькі пакаленняў, і гэта цэлая эпоха ў жыцці краіны. Яна сапраўды гуртавала юнакоў і дзяўчат, натхняла іх на вучобу, працу, грамадска карысныя справы, выхоўвала лідараў і патрыётаў. Пра многае расказала выстава «Захоўваючы традыцыі, будуем будучыню», аформленая райкамам БРСМ, пярвічнымі арганізацыямі ГА «БРСМ» школ горада і раённым краязнаўчым музеем у фае Дома культуры. Камсамольскія білеты і значкі, Кубкі, граматы, дыпломы, кнігі, газетныя выразкі, форма будатрадаўца і кіцель воіна-інтэрнацыяналіста, мноства фотаздымкаў мінулых гадоў, а таксама сённяшніх будняў БРСМаўцаў — вось далёка не поўны пералік экспанатаў.

Пераемнасць пакаленняў бачылася не толькі ў выставе, але і ў самой зале, якую запоўнілі як ветэраны камсамольскага руху, так і БРСМаўцы, піянеры. Вобразна кажучы, урачыстасць з’явілася повяззю сталасці з маладосцю.

Валянціна Ромель уручае сертыфікат ад «Белай Русі» Вераніцы Казлоўскай

Прысутных на свяце цёпла віталі старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто, намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў, першы сакратар раённага камітэта грамадскага аб’яднання «БРСМ» Вераніка Казлоўская, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Галіна Чаплінская, старшыня раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь» Валянціна Ромель, былы першы сакратар райкама камсамола Вольга Мышко. Яны гаварылі пра вялікую ролю самай уплывовай маладзёжнай арганізацыі, дзякавалі за актыўнасць камсамольскім лідарам мінулых гадоў, жадалі ініцыятыўнасці сённяшнім БРСМаўцам. Пётр Курто ўручыў Ганаровыя граматы раённага Савета дэпутатаў Вераніцы Казлоўскай, Рэгіне Ластоўскай, Вользе Мышко. Вераніка Казлоўская — граматы райкама БРСМ — былым першым сакратарам раённай мала­дзёжнай арганізацыі Рэгіне Ластоўскай, Вользе Мышко, Ліліі Акіншынай, Юрыю Кісялёву, Галіне Чаплінскай, былому загадчыку арганізацыйнага аддзела райкама камсамола Уладзіміру Магільніцкаму. Былі таксама ўручаны падарункі ад «Белай Русі».

Назаўжды запомніцца свята і многім старшакласнікам горада. Найлепшым з іх, якія вызначаюцца ў вучобе і грамадскіх справах, ва ўрачыстай абстаноўцы ўручаны білеты члена грамадскага аб’яднання «БРСМ». Іх уручалі Юрый Кісялёў і Галіна Чаплінская, Вольга Мышко і Рэгіна Ластоўская.

  • Для гэтых навучэнцаў Пастаўскай гімназіі ўрачыстасць, прысвечаная 100-годдзю з дня ўтварэння Усесаюзнага Ленінскага Камуністычнага Саюза Моладзі стала асабліва памятнай — на свяце іх прынялі ў рады грамадскага аб’яднання «БРСМ»

Яркі россып юных талентаў дэманстраваўся на сцэне падчас вершаваных прывітанняў школьных агіт­брыгад і канцэрта мастацкай сама­дзейнасці. А папуры камсамольскіх песень у выкананні народнай эстраднай групы «25 плюс-мінус» акунула ў атмасферу таго цудоўнага часу. Горача прымала зала і саліста Аляксандра Кандыбіна. Вельмі ўражлівым атрымаўся фінал, калі пад песню «Мы — маладыя» ў выкананні вакальнай групы гімназіі сцэну запоўнілі сцяганосцы, ветэраны камсамольскага руху, сакратары райкама і пярвічных арганізацый ГА «БРСМ», тыя, каго толькі што прынялі ў яго рады, юныя самадзейныя артысты.

Фаіна Касаткіна
Фота Сяргея Вшыўкава



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.