«А сейчас буду наконец отдыхать». Вера Кукштель отдала бухгалтерскому делу 47 лет

Личности Общество

47 гадоў як адзін дзень

Не кожны чалавек адразу знаходзіць сваё прызванне ў жыцці. Многія, зразумеўшы, што зрабілі не той выбар, мяняюць навучальную ўстанову або месца работы. Не пазайздросціш і тым, хто не рашаецца на кардынальныя перамены і не атрымлівае задавальнення ад сваёй працы. Так і даходзяць да пенсіі.

Пра Веру Васільеўну Кукштэль з вёскі Полава такога не скажаш. Яна свядома выбрала сваю будучую прафесію аднойчы і назаўсёды. У 1971 годзе закончыла Полацкі сельскагаспадарчы тэхнікум і прыехала па размеркаванні ў калгас «Чырвоны маяк». А развіталася з бухгалтарскай справай 1 верасня бягучага года. Падлік нескладаны: у прафесіі — 47 гадоў. «А праляцелі яны, як адзін дзень, — прызналася. — Ніколі не думала, што, выйшаўшы на пенсію, яшчэ 10 гадоў буду весці бухгалтэрыю. Але так склаліся абставіны — не было каму замяніць».

Калі Вера пачынала працаваць, «Чырвоны маяк» быў моцнай гаспадаркай, на рахунку заўсёды меліся грошы. Фінансавае становішча змянілася ў горшы бок пасля далучэння «Бальшавіка». Рэарганізацыя працягвалася, адзін за другім мяняліся кіраўнікі, а галоўны бухгалтар заставалася на сваім месцы. Работу ведала, выконвала яе сумленна.

У 2008 годзе «Чырвоны маяк» далучылі да СВК «Андроны». На работу прыйшлося дабірацца штодня за 18 кіламетраў. Сёлета Андроны абанкруціліся. Працэдура банкруцтва складаная. Галоўнаму бухгалтару давялося складаць ліквідацыйны баланс, займацца дакументамі, да якіх раней не мела ніякага дачынення. Справілася, хоць на душы было маркотна ад таго, што гаспадарка так бязрадасна завяршыла сваё існаванне.

— А зараз буду нарэшце адпачываць, — казала ветэран працы.

Адпачываць ад бухгалтарскай, але не ад сялянскай працы. На падвор’і сям’і Кукштэль — свінні, куры, качкі. Прыйдзе вясна — пачнуцца агароды. Упраўляюцца з уласнай гаспадаркай разам з мужам Віктарам Анісімавічам, з якім крочаць поруч па жыцці ўжо 44 гады.

Фаіна Касаткіна



Tagged