«Делаем все, чтобы к нам приходили». В отделении дневного пребывания для инвалидов работают 12 кружков и 3 клуба.

Важное Общество

Адзіноце тут не месца

Адчыняю дзверы аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва — і трапляю ў нейкую асаблівую атмасферу, напоўненую дабрынёй, спакоем, міласэрнасцю. У кожным пакоі ідуць заняткі, вучні — людзі з абмежаванымі магчымасцямі.

— Установу наведваюць асобы з рознымі захворваннямі, з розным інтэлектуальным узроўнем і рознай адаптаванасцю ў грамадстве, — гаварыла загадчыца Вольга Гінько. — У іх свае захапленні, жаданні, таленты, нерэалізаваныя ідэі. Мы імкнёмся зразумець кожнага, падтрымаць, разгледзець талент і развіць яго. Працуюць 12 гурткоў, 3 клубы. Клуб «Надзея» наведваюць 11 дзяцей з прыёмных сем’яў і 7 бацькоў. Больш за 20 інвалідаў пажылога ўзросту цікава праводзяць час пры клубе «Натхненне». Адкрыты рэабілітацыйна-працоўныя майстэрні па вырошчванні кветак і ландшафтным дызайне, швейная і сувенірная. Кіруюць імі Ала Мураўская, Ганна Протас, Наталля Койра. Арыгінальныя работы экспануюцца на раённых і абласных выставах і займаюць прызавыя месцы. Вырабы рэалізуюцца ў санаторыі «Прыазёрны» ў Нарачы, сталічным гандлёвым цэнтры «МОМО», падчас Міжнароднага фестывалю «Звіняць цымбалы і гармонік» у райцэнтры.

З мэтай сацыяльнай адаптацыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі прыцягваюць да актыўнай творчай дзейнасці. Найбольш таленавітыя прадстаўляюць Пастаўшчыну на конкурсах рознага маштабу. Вось і нядаўна на абласным інтэрактыўным конкурсе «Акорды душы» Дзяніс Каравацкі ў намінацыі «Бардаўская песня», а Аляксандр Дубоўскі — у намінацыі «Аўтарская паэзія» занялі трэція месцы. Заўсёды вяртаецца з узнагародамі з абласнога агляду-конкурсу народнай творчасці інвалідаў сямейны ансамбль Пачкоўскіх «Гуцкія музыкі». Інвалід па зроку Валерый Рун­дзя сёлета прымаў удзел у абласным свяце-конкурсе «Я — самы рэабілітаваны».  

Неаднаразова даводзілася прысутнічаць на канцэртах, падрыхтаваных наведвальнікамі аддзялення. Кожны раз захапляюся мужнасцю тых, у каго, здавалася б, склалася тупіковая сітуацыя, — іх бацькоў. Яны вельмі радуюцца поспехам сваіх дзяцей, якім лёсам наканавана быць адрознымі ад іншых. У аддзяленні іх навучылі спяваць, танцаваць, з артыстызмам выконваць ролі ў сцэнках, далі магчымасць паверыць у сябе. Колькі сіл і энергіі ўкладвае ў кожнага кіраўнік гуртка Валерыя Кірэй!

— Галоўны прынцып нашай работы — стварэнне атмасферы супрацоўніцтва паміж персаналам і наведвальнікамі, — працягвала Вольга Алегаўна, — каб людзям хацелася да нас прыходзіць. Ад работнікаў аддзялення патрабуецца шмат цярпення, бо часам няпроста дабіцца ўзаемаразумення з такой катэгорыяй людзей. Мы самі бязмежна шчаслівыя, калі бачым хоць невялічкія станоўчыя зрухі ў іх развіцці.

Да адкрыцця аддзялення многія, акрамя свайго дома, нідзе не бывалі. Цяпер яны спяшаюцца сюды, бо тут ім камфортна, цікава, яны сустракаюцца, гутараць, знаходзяць занятак па душы. Даступныя многія віды арттэрапіі. Заняткі тут праводзіць Кацярына Янушонак. Створана зона рэабілітацыі, у якую ўвахо­дзіць дарожка «Здароўе», прымяняюцца масажоры ў выглядзе мяшэчкаў з крупамі, зернем, каштанамі, шышкамі, трэнажоры для дыхання, экспандзеры для рук і іншае. У кабінеце псіхалагічнай разгрузкі абсталявана зона рэлаксацыі, аформленая на марскую тэматыку (ароматэрапія, акварыум з залатымі рыбкамі, пуфік з грануламі, стол для рысавання пяском). Абсталявана сацыяльная бібліятэка. Адзін раз у тыдзень прыходзіць бібліятэкар раённай бібліятэкі Юлія Давідовіч і праводзіць «Літаратурныя вячоркі». Псіхолаг Кацярына Ярмолава вядзе заняткі ў «Азбуцы зносін», па сацыяльна-псіхалагічнай рэабілітацыі і развіцці псіхічных працэсаў, навыкаў і ўменняў падапечных.

На базе аддзялення працуюць дзве раённыя арганізацыі: ГА «Беларускае таварыства інвалідаў» і «Беларускае таварыства інвалідаў па зроку». Для людзей з парушэннямі зроку аформ­лена зона з выкарыстаннем шрыф­та Брайля, на камп’ютары ўстаноўлена спецыяльная праграма JAWS, ёсць аўдыёкнігі, настольныя гульні і іншыя тыфлатэхнічныя сродкі рэабілітацыі.

— Важным лічу праект «Свет вакол нас», — гаварыла Вольга Гінько. — Дзякуючы яму і нераўнадушным спонсарам, людзі з абмежаванымі магчымасцямі, у тым ліку калясачнікі, пабывалі ў многіх славутых месцах Беларусі. Увага з боку дзяржавы, клопат блізкіх надаюць ім упэўненасці і дапамагаюць адчуваць сябе раўнапраўнымі грамадзянамі.

Анна АНІШКЕВІЧ



Tagged