«Футбольный фестиваль-2018». На спортбазе ПМЦ состоялся турнир среди детско-юношеских команд

Важное Спорт

Каманды «Паставы-1» (у першым радзе) і «Паставы-2» з трэнерам Васіліем Грантоўскім, арганізатарам і гасцямі турніру

Футбольныя зоркі і зорачкі

У мінулую нядзелю на спартыўнай базе Пастаўскага мэблевага цэнтра адбыўся турнір сярод дзіцяча-юнацкіх каманд «Футбольны фестываль-2018».

Праходзіў ён у расшыраным фармаце: апроч гульнявых матчаў, хлопчыкі ўдзельнічалі яшчэ і ў спартыўных конкурсах, а ўсе прысутныя маглі ўразіцца выступленнем ансамбля барабаншчыц школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза, убачыць вядомых футбалістаў.

Пад гукі гімна Лігі чэмпіёнаў і апладысменты балельшчыкаў на поле выйшлі футбольныя каманды ДА «Фізічная культура, спорт і турызм Пастаўскага раёна», Глыбоцкай ДЮСШ, спартыўнага клуба «Ротар» (Мінская вобласць) і сталі ў роўную лінейку. Усяго ўдзел у спаборніцтвах прынялі 7 каманд: 4 у старэйшай узроставай групе (хлопчыкі 2006-2007 гадоў нараджэння) і 3 — у малодшай (2008-2011).

— Прыемна бачыць шчырыя ўсмешкі, вочы, якія выпраменьваюць радасць, адчуваць атмасферу спартыўнага азарту, што сёння пануе на ўнікальнай спартыўнай базе ПМЦ, — вітаў прысутных арганізатар турніру, старшыня абласнога грамадскага аб’яднання спартыўнага клуба «Ротар» Андрэй Ярмолін. — Спадзяюся, што такі сямейны фармат правядзення спаборніцтваў усім прыйдзецца даспадобы, а колькасць удзельнікаў з цягам часу будзе толькі пашырацца.

Прагучала трохразовае «ўра!», і спартыўнае свята пачалося. Су­дзейства матчаў забяспечвалі былыя выхаванцы футбольнай акадэміі «ПМЦ-Паставы» Герман Чалей, Аляксей Хмельнік, Мікіта Давідоўскі і Дзмітрый Зелянкевіч.

Паназіраць за гульнёй юных футбольных талентаў у Паставы прыехалі мэтры беларускага футбола — паўабаронца футбольнага клуба «Гарадзея» Дзмітрый Ігнаценка, галкіпер «Дынама-Мінск» Андрэй Гарбуноў і галоўны трэнер «Віцебска» Сяргей Ясінскі. Хлопчыкі з задавальненнем размаўлялі з імі, бралі аўтографы, фатаграфаваліся.

— Мне заўсёды прыемна прыязджаць у Паставы, таму што тут жывуць добрыя, спагадлівыя, гасцінныя людзі. Я маю права так гаварыць, бо чатыры гады пражыў у вашым горадзе. І хоць футбольная акадэмія ўжо не існуе некалькі гадоў, бачу, што працавалі мы недарэмна, паспяхова «заразілі» футбольным энтузіязмам мясцовае насельніцтва. Асабліва прыемна было ўбачыць юнакоў, якія калісьці былі мне па пояс, а зараз сталі аднаго росту са мной, даведацца пра іх футбольныя поспехі, — дзяліўся ўражаннямі Сяргей Ясінскі. — На жаль, футбольная адукацыя ў нашай краіне знаходзіцца ў зародкавым стане, а рэдкія спробы федэрацыі футбола паставіць працэс на масавыя рэйкі выглядае, скажам прама, непераканаўча. А як выхоўваць будучых глебаў, хацкевічаў, бялькевічаў? Тут на дапамогу сістэме дзяржаўнага навучання футболу прыходзяць прыватныя школы і спартыўныя аб’яднанні, якія ствараюць сапраўдныя энтузіясты. У Паставах гэта Анатолій Бабічаў, які даў пуцёўку ў вялікі спорт многім таленавітым аматарам гэтай гульні, у Мінскай вобласці — Андрэй Ярмолін.

А тое, што здольных да футбола дзяцей сапраўды шмат, пацвердзіў турнір. Сустракаюцца і незвычайныя самародкі — усеагульную ўвагу прыцягнуў шасцігадовы ігрок «Ротара» Аляксей Маёраў. Для свайго ўзросту хлопчык паказвае ўнікальны рэзультат: набівае мяч 12 тысяч (!) разоў, вельмі тэхнічны, забівае шмат галоў. 

Па выніках спаборніцтваў у старэйшай узроставай групе пераможцай стала каманда «Паставы-1» (трэнер — Васілій Грантоўскі). На другім месцы футбалі­сты з Глыбокага, на трэцім — Мінскай вобласці, на чацвёртым — пастаўчане (Аляксандр Тарасевіч). У малодшай узроставай групе перамогу святкавалі прадстаўнікі Глыбоцкай ДЮСШ. Другой стала аб’яднаная каманда пастаўчан, трэці вынік у «Ротара». Па выніках асноўных спаборніцтваў найлепшым іграком прызнаны Віталій Врублеўскі, а варатаром — Максім Шчыт.

14 лістапада прадстаўнікі спартыўнага клуба «Ротар» правядуць у Паставах пробную трэніроўку для дзяцей школьнага ўзросту, якія жадаюць займацца футболам. Адбудзецца яна ў спартыўнай зале СШ №1. Пачатак у 16 гадзін.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ
Фота Антона ЧАЛЯЯ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.