Город заметно меняется и хорошеет. Что изменилось в Поставах за текущий год?

Главное Общество

Фота Іосіфа Цапеліка

У рэдакцыю звярнуўся наш пастаянны чытач — пастаўчанін Барыс Дзмітрыевіч Сямашка. У сваім пісьме ён успамінаў той час, калі ў 5 гарадку дыслацыравалася ракетная дывізія, расказваў пра парадак, які наводзіўся там сіламі ваеннаслужачых, і наракаў на тое, што ў горадзе ў апошні час нічога не робіцца па добраўпарадкаванні.

У нейкай ступені хочацца не пагадзіцца з аўтарам: перамены ў райцэнтры адбываюцца. І раённая газета стараецца іх адлюстроўваць. У чарговы раз вырашыла прааналізаваць, што памянялася ў Паставах за гэты год.

Бронзавы салдат

Вясной работнікі прыватнага прадпрыемства «ПостКамень» завяршылі рэстаўрацыю манумента на брацкай магіле героям Вялікай Айчыннай вайны. Ён быў устаноўлены ў 1964 годзе. За гэты час праводзілася некалькі касметычных рамонтаў. Сёлета непаліраваны граніт, якім быў абліцаваны помнік, замянілі новымі паліраванымі плітамі з капусцінскага гра­ніту і карэльскага габра-дыябазу. Выраблена новая пліта з прозвішчамі пахаваных салдат. Замест бетоннай пляцоўкі перад манументам пакладзены брусчатка, бардзюры і прыступкі з натуральнага матэрыялу. Устаноўнены новы бронзавы ордэн Перамогі, бронзай пакрыта і фігура салдата.

Абноўленыя вуліцы

Вялікі аб’ём работ сёлета выканалі дарожнікі. «Апрануліся» ў новы асфальт участкі многіх вуліц. Напрыклад, Савецкай (ад цэнтральнай раённай бальніцы да аўтазаправачнай станцыі, тут жа абсталявана стаянка для аўтатранспарту), завулак Савецкі. Пашыраны ўезд у горад з боку 5 гарадка. Заасфальтаваны ўчасткі вуліцы Юбілейнай, зроблены тратуары, устаноўлены бардзюры (уздоўж дамоў №№7 і 11, ад Белаграпрамбанка да СШ №1), пад’езд да дзіцячага сада №1. Усяго за 9 месяцаў адрамантавана 2,3 тысячы квадратных метраў асфальтабетоннага пакрыцця, уключаючы суцэльнае асфальтаванне. Увага ў першую чаргу ўдзялялася дарогам з найбольш інтэнсіўным рухам транспарту. Заасфальтавана частка пад’езда да магазіна «Ваенсэрвісу» і гандлёвых ларкоў у мікрараёне 6 гарадка, прадоўжана пешаходная зона, выса­джаны дрэвы каля новых дамоў у гэтым жа мікрараёне.

«Маладзее» школа мастацтваў

Прадаўжаюцца будаўніча-мантажныя работы на будынку Пастаўскай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза. Згодна з праектам тэрмарэнавацыі, яго часткова ўцяплілі. На цэнтральны фасад нанесена дэкаратыўная аддзелка, сцены памаляваны ў прыемны светла-жоўты колер. На рэалізацыю праекта выдзелена 150 тысяч рублёў. Ужо асвоена 110, у тым ліку з рэспубліканскага бюджэту — 16 тысяч і 94 — з раённага. Дадаткова з раённага бюджэту выдзелена 30 тысяч рублёў на бягучы рамонт столяў, добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі (дарожкі выкладваюцца тратуарнай пліткай, абуладкоўваюцца кветнікі, будуць устаноўлены лавачкі). Генеральным падрадчыкам выступае АБП «Рассвет Пастаўскі». Работамі кіруюць галоўны інжынер Славамір Кухальскі, прараб Павел Лешчык і брыгадзір Леанід Лысёнак.

Чыстыя вадаёмы

Пачысцелі некаторыя сажалкі ў межах горада. Унітарным прадпрыемствам жыллёва-камунальнай гаспадаркі заключаны дагавор з прыватным вытворча-будаўнічым унітарным прадпрыемствам «ПостТраккер». Плаваючым экскаватарам ачышчаны ад зараснікаў, глею, смецця, вадаём па вуліцы Савецкай, участак набярэжнай ракі Мядзелкі ад моста ля «Старога млына» да касцёла. Добраўпарадкаванне берагавой лініі будзе прадоўжана. Цяпер ідзе дэмантаж старых альтанак у гарадскім парку. Іх заменяць новымі.

Рэканструкцыя плошчы

Зараз найбольш актуальнае пытанне — абнаўленне плошчы Леніна. Размова пра гэта вялася даўно. Наша газета друкавала інфармацыю аб тым, што ў райвыканкаме адбудзецца грамадскае абмеркаванне праекта. На жаль, на яго прыйшлі толькі два чалавекі. Затое, калі работнікі камунальнай службы прыступілі да карчавання дрэў, незадаволеныя тут жа знайшліся. А якая палеміка разгарнулася ў сацыяльных сетках! Прадстаўнікі старэйшага пакалення добра памятаюць, як абураліся многія пастаўчане, калі ў 1989 годзе на плошчы выразалі старыя дрэвы, на якіх гняз­дзіліся вароны. А калі рэканструкцыя завяршылася, не маглі нарадавацца. З часам некаторыя з дрэў, высаджаных 30 гадоў назад, сталі дуплаватымі, у елак абсыпа­ліся іголкі, пашкодзіліся ніжнія галінкі. Усяму старому з часам патрабуецца замена.

Далучыцца кожнаму

Нам хочацца вялікіх перамен, і за кароткі перыяд. Патрэбны ж час і цярпенне. А таксама наша актыўнасць у навядзенні парадку. Сёлета па ініцыятыве райвыканкама былі праведзены два суботнікі. На адным з іх каля новабудоўляў у мікрараёне 6 гарадка высаджваліся маладыя дрэўцы. Тут працавалі работнікі розных аддзелаў райвыканкама. Навасёлы да акцыі не далучыліся. Старэйшыя жыхары суседніх дамоў падыходзілі да начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Сяргея Шамовіча і выказвалі розныя заўвагі, прад’яўлялі прэтэнзіі. Але ніхто не прапанаваў сваёй дапамогі. Нядаўна прайшла акцыя «Чысты лес». Зноў жа актыўнасць праявілі толькі лічаныя калектывы і грамадзяне. А добраўпарадкаванне — справа агульная.  

Анна АНІШКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.