Хлебороб «Куролье-агро» Александр Яночкин отмечен Благодарностью министра сельского хозяйства Беларуси

Сельское хозяйство

З дынастыі сумленных і працавітых

Гэты здымак зроблены падчас нарыхтоўкі кармоў. Механізатар ААТ «Кураполле-агра» Аляксандр Яначкін рулоніў сянаж у стрэйч-плёнку. Займаецца гэтым не першы год. Напрактыкаваўся і дабіваецца высокіх вынікаў. Пазней бачыла яго трактар на палях ААТ «Ярэва-агра», СП «Дунілавічы-агра», райаграсэрвісу. За сезон нарыхтаваў больш за 4 тысячы тон якаснага корму. Гэта адзін з лепшых паказчыкаў у вобласці. Таму і запрасілі руплівага хлебароба на фестываль-кірмаш «Дажынкі», які праходзіў у верасні ў Верхня­дзвінску. Там яго старанне было адзначана Падзякай міністра сельскай гаспадаркі Беларусі.

— Узнагарода нечаканая, але прыемная, — дзя­ліўся ўражаннямі. — Толькі працую я не дзеля пахвалы. З дзяцінства прывык адказна адносіцца да любой работы. Гэта ў нас сямейнае.

Аляксандр нарадзіўся ў Гомелі. А калі выбухнуў Чарнобыль, сям’я перабралася ў Літву. Стаў развальвацца Саюз — вярнуліся ў Беларусь. На пастаяннае месца жыхарства выбралі Пастаўшчыну.

З гэтай працавітай сям’ёй упершыню я пазнаёмілася гадоў дзесяць назад. Бацька Віктар Цімафеевіч і цяпер працуе слесарам на дзеткаўскай ферме. У свой час некалькі гадоў запар выходзіў пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва сярод пастухоў, маці Любоў Іванаўна была адной з лепшых даярак адкрытага акцыянернага таварыства «Кураполле-агра». Сельскую прафесію выбралі і два сыны Яначкіных — Аляксандр і Андрэй. Усіх іх вызначаюць працавітасць, сумленнасць. Нездарма, як толькі гаспадарка набыла новы прэс-падборшчык-упакоўшчык, яго даверылі Аляксандру. І ён стараецца.

— Задавальненне ад работы атрымліваю на тым полі, дзе травы добрыя, валкі густыя, — расказваў Аляксандр. — Маса ў рулон набіраецца хутка, і за трактарам застаюцца 600-кілаграмовыя белыя «шпулькі». Сёлета з-за засухі першы ўкос быў слабаваты, а вось другі парадаваў.

Руплівасць Аляксандра Яначкіна на корманарыхтоўцы адзначана Падзячным пісьмом і грашовай прэміяй ад раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.

— У Яначкіна любая работа спорыцца, — характарызаваў механізатара выконваючы абавязкі дырэктара ААТ «Кураполле-агра» Васілій Касцень. — І кармы нарыхтоўвае, і сее якасна, і пасевы «хімічыць». У гэтыя дні яшчэ вядзе ворыва глебы. Жонка Наталля працуе ў мясцовай сталовай. Малодшы сын Дзяніс вучыцца ў Лужаснянскім дзяржаўным каледжы на агранома. Па слядах бацькі пайшоў старэйшы сын Валерый — пасля заканчэння Пастаўскага дзяржаўнага каледжа папоўніў механізатарскую сям’ю курапольцаў і прадаўжае вучобу на другой ступені атрымання адукацыі. Трэцяе пакаленне Яначкіных прымнажае здабыткі гаспадаркі, робіць усё для таго, каб на нашых сталах былі хлеб, малако, мяса.

Анна АНІШКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.