Хроника происшествий

Важное Правовое поле


З кішэні і рахунка

Напрыканцы кастрычніка ў магазіне-бары “Вясна” ў г.п. Варапаева нецвярозы мужчына адкрыта выцягнуў з кішэні 85-гадовай жыхаркі гарпасёлка кашалёк са 100 рублямі. Пацярпелая звярнулася ў міліцыю, супрацоўнікі якой устанавілі асобу злодзея. Яму 55 гадоў, пражывае ў Варапаеве. У адносінах да грабежніка ўзбудзілі крымінальную справу і змясцілі яго ў ізалятар часовага ўтрымання.

У пастаўчаніна з вуліцы Школьнай грошы прапалі з карт-рахунка. 31-гадовы знаёмы пацярпелага, з якім той распіваў спірное, спачатку ўкраў банкаўскую карту і выведаў яе пін-код, а потым зняў у банкамаце 200 рублёў. За гэта маладога чалавека, які, дарэчы, нідзе не працуе, таксама чакае суд.

Разабрала чужую павець

Рэдкі па сваёй нахабнасці крадзеж адбыўся ў вёсцы Палессе. 35-гадовай жыхарцы гэтай вёскі прыглянуліся шыфер і неабразныя дошкі на даху павеці ў двары суседняга дома, у якім ніхто не пражывае. Украсці іх маладзіца вырашыла чужымі рукамі. Яна папрасіла сваіх знаёмых дэманціраваць з гаспадарчай пабудовы будаўнічыя матэрыялы агульным коштам больш за 140 рублёў, што тыя і зрабілі. Але скарыстацца ўкрадзеным заказчыца не паспела: неўзабаве шыфер і дошкі канфіскавалі міліцыянеры, якія да таго ж узбудзілі ў адносінах да грамадзянкі крымінальную справу.

Кулак як аргумент

У апошні час у міліцэйскіх зводках усё часцей фігурыруюць факты сямейнага насілля, калі мужы паднімаюць руку на жонак, пагражаюць ім забойствам. Чарговы такі выпадак адбыўся па вуліцы Кастрыч­ніцкай у Паставах. 49-гадовы мужчына падчас сваркі з сужыцелькай ударыў яе кулаком у твар, прычыніўшы тупую траўму вока. Пацярпелай давялося звярнуцца па медыцынскую дапамогу ў бальніцу, а яе крыўдзіцелю цяпер прыйдзецца адказаць па законе.

Спрабаваў спаліць дом

Нядаўна раённы аддзел Следчага камітэта ўзбудзіў крымінальную справу па артыкуле “Наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці” ў адносінах да 37-гадовага жыхара вёскі Ярэва. Устаноўлена, што ён, знахо­дзячыся ў нецвярозым стане, спрабаваў спаліць дом, у якім пражывае разам з сужыцелькай і які належыць ААТ “Ярэва-агра”. На глебе асабістых непрыязных адносін да грамадзянскай жонкі мужчына разліў бензін побач з газавай плітой і чыркнуў запалкай. На шчасце, абышлося без вялікага пажару. Тым не менш за такія дзеянні падпальшчыку пагражае да 5 гадоў абмежавання волі або пазбаўленне яе на тэрмін да 10 гадоў.

Па зводках РАУС падрыхтавала Алена ШАПАВАЛАВА



Tagged