Хвала и почет за труд и хлеб. Итоги года подвели на главном празднике хлеборобов

Главное Сельское хозяйство

Сяргей Чэпік уручае пераходны вымпел Пятру Скурко

Урачыстае мерапрыемства, прымеркаванае да галоўнага свята хлебаробаў, прайшло ў мінулую пятніцу ў раённым Доме культуры

Дзесьці за гадзіну да пачатку сталі збірацца галоўныя яго героі. У гэты дзень яны змянілі спецвопратку на элегантныя касцюмы і модныя сукенкі, твары свяціліся ўсмешкамі. З радасцю віталі адно аднаго, цікавіліся вырабамі народных майстроў, карцінамі навучэнцаў дзіцячай школы мастацтваў імя А. Ромера. А ўдзельнікі народнага клуба «Традыцыя» шчыра запрашалі да стала, частавалі далікатэсамі, прыгатаванымі па даўнейшых рэцэптах, весялілі гасцей.

Маляўнічым атрымалася адкрыццё свята — харэаграфічныя кампазіцыі «Жніво» і «Ручнікі» падрыхтавалі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці раённага Дома культуры, а салістка Ганна Антух выканала песню «Куточак Беларусі» (на здымку). Дзяўчаты ў народных строях урачыста вынеслі на сцэну каравай і ўручылі кіраўніку раёна Сяргею Чэпіку.

— Сёння словы падзякі за шчырую працу найперш хачу адрасаваць нашым паважаным ветэранам, якія ў розны час і на розных пасадах прымнажалі багацце нашага раёна, — казаў Сяргей Васільевіч. — Прафесія хлебароба заўсёды была і застаецца самай патрэбнай і важнай, а іх праца — аснова ста­більнасці і дабрабыту. Кожны год нас выпрабоўвае надвор’е. Сёлета з-за засухі ў летні перыяд — а гэта практычна 60 дзён — раён недабраў 7,2 тысячы тон зерня, на 2,6 тысячы тон менш нарыхтавана сенажу. Сапраўдная бітва за ўраджай ішла падчас жніва. На палях Пастаўшчыны працавалі 85 камбайнаў. Дзякуючы зладжанай рабоце ўсіх службаў, валавы збор зерня склаў 31,8 тысячы тон, намалочана 4,5 тысячы тон рапсу.

Сёлета працаўнікі сельскай гаспадаркі атрымалі валавой прадукцыі на суму 59,2 млн рублёў, што складае 31,6 тысячы на аднаго працуючага. На нарыхтоўчыя прадпрыемствы адпраўлена 33,4 тысячы тон малака, 5,1 тысячы тон жывёлы, 4,1 тысячы тон зерня. З усіх крыніц фінансавання на развіццё сельскай гаспадаркі выдзелена і асвоена больш за 7 млн рублёў, у тым ліку з раённага бюджэту — 460 тысяч рублёў.

Закладзена нядрэнная аснова пад ураджай будучага года — азімыя пасеяны амаль на 14 тысячах га, паднята каля 12 тысяч зябліва. Гэта работа працягваецца. Рост валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі да ўзроўню мінулага года склаў 5 %.

Вытворчыя поспехі вяскоўцаў забяспечваюць стабільнасць і развіццё перапрацоўчай прамысловасці горада, якая прадастаўляе рабочыя месцы гарадскому насельніцтву і папаўняе мясцовы бюджэт. Раён поўнасцю забяспечаны ўласнай мясной і малочнай прадукцыяй, разнастайнымі хлебабулачнымі вырабамі. У чэрвені бягучага года пачало вытворчую дзейнасць ТАА «Мясакамбінат Пастаўскі», дзе створана каля 50 рабочых месцаў.

Па выніках работы за мінулы год калектыў малочнага завода занесены на абласную і рэспубліканскую Дошкі гонару. Удзельная вага яго прадукцыі ў аб’ёме раёна складае 56 %. 10 % натуральнамалочнай прадукцыі і 38 % сыроў у агульным выпуску Віцебскай вобласці прыпадае на Пастаўскі малочны завод. Прадпрыемства прадаўжае паспяхова асвойваць рынкі Ра­сійскай Федэрацыі і Казахстана. Экспарт тавараў за 9 месяцаў бягучага года склаў 20,6 мільёна долараў, або 60 % ад агульнага экспарту тавараў па раёне.

Вырошчваннем ільну на Пастаўшчыне займаюцца 5 гаспадарак і льнозавод. Сёлета на ўборцы даўгунцу ўпершыню за апошнія гады абышліся без ручной працы — усё зрабілі механізаваным спосабам. Дырэктар завода на свяце падзякаваў за дапамогу кіраўнікам УП ЖКГ Ільі Глушонку, ААТ «Паставымэбля» Сяргею Лацецкаму і раённага спажывецкага таварыства Грыгорыю Леўкаўцу і ўзганародзіў граматамі іх, а таксама механізатараў вышэйназваных арганізацый Дзмітрыя Хардыкіна, Аляксандра Навумца і Леаніда Мацука.

— Праца ў сельскай гаспадарцы складаная, — працягваў кіраўнік раёна. — На многія пытанні няма гатовых адказаў. Сёлета ліквідаваны 4 гаспадаркі. Але іх землі апрацоўваюцца, людзям прадастаўлена работа. Раён не стаіць на месцы, а рухаецца наперад. Для павелічэння прадукцыі жывёлагадоўлі ў бліжэйшы час за кошт уласных сродкаў ААТ «Хацілы-агра» і крэдытных рэсурсаў распачнецца будаўніцтва вялікага малочнатаварнага комплексу на 960 кароў з сучаснай даільнай залай у Волахах. У планах узвядзенне сучаснай (адной з першых у рэспубліцы) малочнай фермы за кошт крэдытных рэсурсаў Пастаўскага малочнага завода.  

Нароўні з вытворчымі задачамі паспяхова рэалізуюцца на сяле і сацыяльныя праграмы. У трох 4-кватэрных дамах справілі наваселле работнікі ААТ «Навасёлкі-Лучай», распачата будаў­ніцтва 12-кватэрнага дома ў ААТ «Хацілы-агра».

Сяргей Чэпік назваў дзясяткі прозвішчаў механізатараў, якія дабіліся найвышэйшых паказчыкаў на падрыхтоўцы глебы, унясенні ўдабрэнняў, сяўбе, хімпраполцы пасеваў, а таксама камбайнераў і вадзіцеляў, якія вызначыліся на жніве. Першымі па пераходныя вымпелы раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў на сцэну падняліся дырэктары ААТ «Хацілы-агра» Вячаслаў Крыштафовіч, «Навасёлкі-Лучай» Юрый Шымчык (дарэчы, яны на працягу мерапрыемства ўзнага­родж­валіся ў некалькіх намінацыях), упраўляючы груздаўскага аддзялення АБП «Рассвет Пастаўскі» Ігар Турон. Названыя гаспадаркі ўзнагароджаны за лепшыя паказчыкі па вытворчасці зерня. За годныя вынікі на вытворчасці льну-даўгунцу адзначаны дырэктар ільнозавода Пётр Скурко, выконваючы абавязкі дырэктара ААТ «Кураполле-агра» Васілій Касцень, дырэктар СП «Дунілавічы-агра» Андрэй Сарапененка. За вытворчасць алейных культур, высокія тэмпы на ўздыме зябліва ўзнагароджаны кіраўнік ААТ «Камайскі-агра» Канстанцін Гайлеўскі, СП «Ляхаўшчына-агра» Баляслаў Барэйка. За шэфскую дапамогу сельскагаспадарчым прадпрыемствам Падзяка старшыні райвыканкама аб’яўлена дырэктарам участка г. Паставы філіяла «АТП №16 г. Глыбокае» Сяргею Крыштафовічу, лясгаса — Уладзіміру Місачэнку, філіяла «ДЭУ-33» — Алегу Крукоўскаму.

  • Жывёлаводы ААТ «Навасёлкі-Лучай» Святлана Мурзіч і Наталля Ткачова ўзнагароджаны Падзякамі міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь і старшыні аблвыканкама, галоўны аграном ААТ «Хацілы-агра» Іван Машлякевіч (другі злева) — Ганаровай граматай аблвыканкама, трактарыст-машыніст ААТ «Камайскі-агра» Валерый Руткоўскі — Падзякай старшыні аблвыканкама, галоўны бухгалтар ААТ «Навасёлкі-Лучай» Таццяна Мядзелка і галоўны эканаміст ААТ «Ярэва-агра» Рыма Ківатыцкая (крайнія злева і справа) — Ганаровай граматай камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама

Затым прысутным быў прапанаваны фільм пра работу працаўнікоў вёскі падчас розных сельскагаспадарчых кампаній, падрыхтаваны журналістамі тэлеканала «Паставы-ТБ». Пасля яго са словамі прывітання і падзякі да віноўнікаў урачыстасці звярнуўся першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Генадзій Лютынскі. Ён уручыў Падзякі старшыні раённага выканаўчага камітэта камбайнерам, вадзіцелям, механізатарам, якія па выніках раённага спаборніцтва занялі першыя, другія і трэція месцы на жніве, нарыхтоўцы кармоў, уборцы льну-даўгунцу, ворыве і падрыхтоўцы глебы, сяўбе яравых і азімых, хімахове раслін, унясенні мінеральных удабрэнняў (іх прозвішчы былі надрукаваны ў мінулым нумары «Пастаўскага краю»).

За добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці Ганаровай граматай Віцебскага абкама прафсаюза работнікаў АПК узнагароджаны дырэктар СП «Дунілавічы-агра» Андрэй Сарапененка, інспектар па кадрах малочнага завода Людміла Брысь, граматай раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК — механізатары ААТ «Навасёлкі-Лучай» Юрый Гваздоў, «Кураполле-агра» Павел Болт, прадпрыемства меліярацыйных сістэм Віктар Чарняўскі. Узнагароды яны атрымалі з рук старшыні раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксея Філімонава.

Мінулым летам асаблівы размах атрымаў студатрадаўскі рух. За падтрымку праектаў Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі першы сакратар РК БРСМ Вераніка Казлоўская ўручыла граматы і памятныя сувеніры кіраўнікам ААТ «Хацілы-агра» — Вячаславу Крыштафовічу, «Навасёлкі-Лучай» — Юрыю Шымчыку, «Сцяг Перамогі-агра» — Юрыю Борысу, «Камайскі-агра» — Канстанціну Гайлеўскаму, «Паставымэбля» — Сяргею Лацецкаму, лясгаса — Уладзімі­ру Місачэнку. Студэнцкія атрады падчас уборачнай кампаніі аказалі істотную дапамогу сельгаспрадпрыемствам. Граматай РК БРСМ адзначаны навучэнцы дзяржаўнага каледжа Валерый Курто, Дзяніс Шангоў, гімназіі — Кацярына Музычэнка і СШ №3 — Мацвей Курашэвіч.

Галоўнай традыцыяй свята было і застаецца ўшаноўванне лепшых працаўнікоў вёскі, тых, хто вырасціў багаты ўраджай і прыклаў для яго атрымання ўсе свае сілы, унёс дастойны ўклад ва ўмацаванне харчовай бяспекі не толькі раёна, але і краіны.

Далучаюцца да віншаванняў хлебаробаў звычайна і ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці ўстаноў культуры раёна. І ў гэты дзень сваю творчасць дарылі прысутным народны ансамбль народнай песні «Вітанне», ансамбль танца «Дзяцінства» і квартэт лыжкароў «Карусель» Навасёлкаўскай дзіцячай музычнай школы, народны ансамбль народнай музыкі «Заранка», заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь фальклорны ансамбль «Паазер’е», тэатр песні «Вясковы экстрым» Камайскага СДК, выхаванцы ўзорнай цыркавой студыі «Каскад», салісты Ганна Антух і Аляксандр Кандыбін. Яны яшчэ больш паднялі настрой работнікам сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, падарылі ім прыемныя эмоцыі, натхнілі на новыя працоўныя дасягненні.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ



Tagged