«Эврика» и «Таленавіта». За что поставские школьники-исследователи получили награды?

Образование Общество

«Эўрыка» – «Таленавіта»

У пачатку лістапада ў Віцебску падвялі вынікі штогадовага конкурсу даследчых праектаў сярод школьнікаў «Эўрыка».

Сёлета на яго было прадстаўлена больш за 500 работ, 150 з якіх прайшлі завочны этап з трыма ўзроўнямі праверкі, у тым ліку на плагіят. Аўтараў гэтых прац — а сярод іх аказаліся сямёра пастаўчан — запрасілі да абароны сваіх навуковых даследаванняў. І пяцёра нашых землякоў атрымалі дыпломы.

Так, дыпломам І ступені ў секцыі «Геаграфія» адзначана работа 10-класніцы гімназіі Алісы Януш «Распрацоўка праекта аховы і рэкрэацыйнага выкарыстання прыродна-гістарычнага комплексу «Крыжоўкі» (навуковы кіраўнік — І. М. Пракаповіч). Дыплом ІІ ступені ў гэтай жа секцыі ў навучэнца 11 класа Варапаеўскай СШ Андрэя Малатоўніка, які з дапамогай настаўніка А. А. Гарнага правёў даследаванне на тэму «Вызначэнне адноснага ўзроўню дэмаграфічнай пагрозы Пастаўскага раёна ў сістэме адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак Віцебскай вобласці». Дыплом ІІІ ступені ў секцыі «Экалогія» прысуджаны равесніку Андрэя з СШ №4 г. Паставы Юрыю Шолаху за вывучэнне пытання ўплыву газіраваных напіткаў на цвёрдыя тканкі інтактных зубоў (кіраўнік — Т. А. Данілевіч). Яшчэ два такія ж дыпломы атрымалі 11-класнікі СШ №2 Уладзімір Зубко і Варапаеўскай школы Аляксандра Вырвіч. Першы пры ўдзеле настаўніцы Н. Ф. Пракаповіч у секцыі «Рамана-германская філалогія» абараніў праект «IT-English», другая пад кіраўніцтвам настаўніка М. А. Атрахімовіча даследавала графічныя сродкі візуалізацыі тэкстаў у зборніку Л. Дранько-Майсюка «Гаспода» (секцыя «Літаратуразнаўства»).

Па колькасці заваяваных дыпломаў пастаўскія школьнікі занялі першае месца сярод сельскіх раёнаў вобласці. Але на гэтым узнагароды не закончылі­ся. Нядаўна ў СШ №4 прыйшла вестка, што работа Юрыя Шолаха (на здымку) адзначана дыпломам рэспубліканскага праекта па падтрымцы таленавітай моладзі «Таленавіта», арганізатарамі якога выступілі прадстаўнікі бізнесу і Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Яна прызнана лепшай у намінацыі «За практычную прымянімасць праекта ў галіне прыродазнаўчых і дакладных навук». Аўтара даследавання разам з яшчэ двума прызёрамі «Эўрыкі» — навучэнцамі гімназій з абласнога цэнтра, школьнікамі, якія вызначыліся на міжнародных ­алімпіядах па прыродазнаўчых і дакладных навуках, а таксама на міжнародных спартыўных спаборніцтвах сярод юніёраў, запрасілі 17 лістапада ў медуніверсітэт на ўручэнне прэмій.

Праўда, атрымаць узнагароду з рук намесніка старшыні аблвыканкама Уладзіміра Пеніна Юра не змог: юнак збіраецца паступаць у медыцынскі ўніверсітэт на факультэт стаматалогіі і не захацеў прапусціць раённы этап рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі, які праходзіў якраз у той дзень. Таму ў горад на Дзвіне адправілася намеснік дырэктара школы па вучэбнай рабоце Т. А. Данілевіч, пад непасрэдным кіраўніцтвам якой была напісана праца. Акрамя дыплома, Таццяна Ананьеўна прывезла яшчэ і сертыфікат на суму 500 рублёў, які перадала адрасату. Гэтыя грошы бацькі Юрыя вырашылі патраціць на далейшае навучанне сына.

Алена ШАПАВАЛАВА
Фота аўтара



Tagged