Клубу «Сяброўка» — 10 лет. Многое сделано, еще больше впереди…

Культура Общество

Бібліятэкары Ірына Трашчынская і Святлана Пякарская

Умее падтрымаць «Сяброўка»

10 гадоў назад пры Лынтупскай гарпасялковай бібліятэцы быў створаны жаночы клуб «Сяброўка». Яго першае пасяджэнне адбылося ў кастрычніку 2008-га і называлася «Сустрэча тых, хто не лічыць гады».

Клуб аб’яднаў і працягвае аб’ядноўваць жанчын, якія дзесяцігоддзі годна адпрацавалі ў самых розных калектывах, вый­шлі на заслужаны адпачынак і па жыцці застаюцца жыццялюбамі і аптымістамі. У тым ліку і дзякуючы «Сяброўцы». Стваральнікі і нязменныя арганізатары мерапрыемстваў жаночага клуба — бібліятэкары Ірына Трашчынская і Святлана Пякарская. Разам яны працуюць ужо больш за тры дзесяцігоддзі, а таму разумеюць адна адну з паўслова. Кожная — прафесіянал, кожная прыцягвае да сябе людзей шчырасцю і адкрытасцю. Калі бяруцца за справу — то толькі з максімальнай адказнасцю і аддачай. Напэўна, таму «Сяброўка» хутка і надоўга прыжылася, а бібліятэка стала яшчэ і месцам душэўных і пазнавальных сустрэч.

«Сяброўкі» за кубкам гарбаты

Сёння ў клубе 17 жанчын. Усе яны прыйшлі на святочнае пасяджэнне, прымеркаванае да 10-годдзя клуба. Яно адбылося ў бібліятэцы 11 лістапада.

За круглым сталом сабраліся такія розныя па прафесіі людзі — педагогі і медык, былая старшыня сельскага Савета і бібліятэкар, бухгалтар і выхавальнік… За плячыма кожнай і розны «багаж» гадоў. Уявіць толькі: самым старэйшым «сяброўкам» 83 і 81 год! Вядучыя свята — І. Трашчынская і С. Пякарская — падлічылі сумарны ўзрост наведвальніц клуба, ён склаў 1118 гадоў. Гэта ж колькі ведаў і вопыту за адным сталом!

І яшчэ крыху лічбаў. За 10 гадоў існавання «Сяброўкі» было праведзена каля сотні мерапрыемстваў, чвэрць з якіх прысвячалася мастацкай літаратуры — гаварылі пра класікаў і іх творы. Таксама ладзіліся вечары раманса і вальса, іншыя музычныя дзеі, дзе расказвалася пра розных кампазітараў і любімых выканаўцаў. «Бібліякафейня», «Фітабар», «Свята пірага», Свята агурка» — назвы праведзеных мерапрыемстваў гавораць самі за сябе. Творчыя выставы, захапляльныя конкурсы, майстар-класы, дыскусіі — і гэта таксама пра «Сяброўку».

Ветэран педагагічнай працы Міраслава Іванаўна Нячаева ў жаночым клубе ўсе дзесяць гадоў. Яна ж некалі і прапанавала бібліятэкарам ідэю яго заснавання. Калі на юбілейнай сустрэчы ёй прадаставілі слова, не шкадавала слоў удзячнасці «дзяўчатам»-бібліятэкарам, а таксама ўспамінала шматлікія экскурсіі, якія дапамаглі адкрыць родную краіну з новага боку.

— Нашай дружнай кампаніяй мы ездзілі ў музей-сядзібу Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі, у Гервяты, Камаі, нават на балеце ў Мінску былі, — узгадвала яна. — А памятаеце веласіпедную вандроўку на кавальскую аграсядзібу «Трабуцішкі», на месца ранейшага воднага млына ў Томішках? Гэта столькі эмоцый! З нецярпеннем чакаем новых сустрэч і падзей. Кожная дорыць нам не толькі душэўны адпачынак, але і цікавыя веды. Кожная ўзнятая тэма такая жыццёвая, важная. Трэба аддаць належнае: умеюць Ірына і Святлана знайсці падыход да кожнага з нас. Мы ўсе маем  розныя характары, погляды на жыц­цё, але гэта не перашкаджае нам столькі гадоў заставацца надзейнымі «сяброўкамі»!

Тая сустрэча была багатая на шчырыя ўсмешкі, добрыя словы. Вядучыя падрыхтавалі цікавы сцэнарый, дзе было месца і песням, і кранальным успамінам, і вершам, прысвечаным клубу (тут адзначыліся майстры слова Галіна Шубіна і Нэлла Лось). А які дзень нараджэння без вялікага торта? Юбілейнае пасяджэнне лагічна завяршылася чаяваннем.

Многія адзначалі, якая лёгкая, нязмушаная абстаноўка пануе падчас такіх гутарак. Чаму так адбываецца, вядучыя адказалі вершамі: «Хоць і жывём ў эпоху атамнага веку,/ Ні зал камп’ютарны, ні выйсце ў інтэрнэт/ Не змогуць замяніць сустрэчу з чалавекам!»

Іна МІКУС
Фота аўтара



Tagged