«Комсомол остался яркой страницей в истории страны». Ветераны вспомнили комсомольскую юность

Важное Общество

Былыя работнікі апарату райкама ЛКСМБ Ірына Касаткіна, Рэгіна Ластоўская, Ларыса Федарэнка, Ірына Макаранка, Мілона Салаўёва, Вольга Мышко з цяперашнім першым сакратаром райкама ГА “БРСМ” Веранікай Казлоўскай

Камсамол даў пуцёўку ў жыццё

На мінулым тыдні адбылося чарговае пасяджэнне клуба «Жывая гісторыя», створанага пры раённым краязнаўчым музеі. На яго сабраліся ветэраны камсамольскага руху і прадстаўнікі цяперашняга маладога пакалення. Першым было што ўспомніць і чым ганарыцца, другім — чаму павучыцца ў старэйшых таварышаў.

Сустрэчу адкрыла старшыня клуба Ала Кейзік. Яна гаварыла пра тое, што камсамол застаўся яркай старонкай у гісторыі краіны і 100-годдзе з дня яго ўтварэння — гэта свята не аднаго пакалення людзей. Камсамол стаў важнай часткай іх жыцця, вызначыў лёс. І запрасіла прысутных ветэранаў узгадаць камсамольскае юнацтва.

Першай слова прадставілі Мілоне Салаўёвай, якая прыехала ў Беларусь з Расіі па прызыве ЦК УЛКСМ і якую ў 1948 го­дзе выбралі другім сакратаром Пастаўскага райкама камсамола (раённая газета ў №84 за 24 кастрычніка расказвала пра цікавы, напоўнены падзеямі лёс гэтай жанчыны). На згаданай сустрэчы выступленне ветэрана камсамольскага руху і педагагічнай працы было цікавае найперш прадстаўнікам моладзі, бо ў ім апавядалася пра камсамольскія будні і святы такога далёкага часу. Да таго ж расказ, перасыпаны вершамі, гучаў вельмі эмацыянальна і не мог пакінуць раўнадушным нікога з прысутных.

Пасяджэнне бюро райкама ЛКСМБ (1967 год). Злева направа: Рыгор Трафімчук, Клара Дудзела, Міхаіл Кішко, Аляксандр Павініч, Рыгор Завадскі, Валерый Клачкоў, Ірына Курыловіч, Алена Праліч

«За ўсё, што сёння маю, удзячная камсамолу», — прызналася Ірына Касаткіна, якая пачынала піянерважатай, затым працавала ў апараце райкама ЛКСМБ, а пазней кіравала ўсёй культурай раёна. Узгадала, наколькі хвалююча і адказна адбывалася ўступленне ў рады маладзёжнай арганізацыі, якая сур’ёзная падрыхтоўка вялася перад гэтым. Спачатку прымалі ў пярвічнай арганізацыі, затым у райкаме камсамола. І паспрабаваў бы хто не вывучыць назубок Статут, не гаворачы ўжо пра тое, што прэтэндэнты на камсамольскі білет павінны былі і вучыцца добра, і актыўна ўдзельнічаць у грамадскіх справах.

Падчас тэрміновай службы ў арміі Уладзімір Магільніцкі ўзначальваў камсамольскую арганізацыю баявой часці на караблі. Рэкамендавалі інструктарам палітаддзела, але клікала дадому маці, і ён вярнуўся ў родныя мясціны. Працаваў у райкаме камсамола. Работнікі апарату рэгулярна бывалі ў пярвічных камсамольскіх арганізацыях. «Паехаў аднойчы ў калгас «Іскра», цэнтрам якога з’яўлялася вёска Жукоўшчына (цяпер гэта тэрыторыя Шаркаўшчынскага раёна — аўт.), — успамінаў адзін з эпізодаў. — Аўтобус хадзіў толькі да Казян. Адтуль да Жукоўшчыны 18 кіламетраў прайшоў пехатой. А вечарам на некалькі хвілін спазніўся на аўтобус. Давялося аж да Пастаў да паўночы дабірацца пехатой. А раніцой мы ўжо віншавалі дзяўчат і жанчын са святам 8 Сакавіка. Падобных выпадкаў было шмат, але камсамольскія работнікі ніколі не скардзіліся на цяжкасці.

Усё жыццё звязана з камсамолам у Рэгіны Ластоўскай. Працавала старшай піянерважатай у Савіцкай школе, затым дырэктарам Груздаўскай. Яе прынцыповасць, нераўнадушнасць, адданасць справе і роднай зямлі заўважылі ў райкаме партыі і абкаме камсамола. Аднойчы ў раённы аддзел адукацыі прыйшла тэлеграма з указаннем вызваліць ад пасады дырэктара Груздаўскай школы ў сувязі з пераходам на работу ў апарат абкама камсамола. «Чаму мяне забіраеце са школы, у якой я вельмі люблю працаваць?» — задала пытанне ў абкаме і пачула ў адказ: «На ўсё жыццё запомні: калі ты камуніст, то не партбілет пры табе, а ты пры партбілеце».

У абкаме на працягу некалькіх месяцаў Рэгіна прайшла стажыроўку, а затым яе назначылі першым сакратаром Пастаўскага РК ЛКСМБ. Было шмат работы, цікавых спраў, поспехаў, пра што Рэ­гіна Норбертаўна і ўспамінала на сустрэчы. Не абышла і самы балючы момант, калі Вярхоўны Савет БССР прыняў рашэнне аб ліквідацыі Ленінскага Камуністычнага Саюза Моладзі Беларусі і яна пачула пра гэта па радыё. Паўдня плакала і не ведала, як паведаміць такую навіну свайму пляменніку Андрэю, які вернецца вечарам з уборкі ўраджаю. Ён жа ўсяго год назад уступіў у камсамол і ганарыўся гэтым…

Ірына Макаранка так марыла пра ўступленне ў камсамол, што нават прыпісала сабе ў анкеце год, каб гэта падзея адбылася як мага раней. А потым і сама працавала ў апараце райкама камсамола. «Радасныя, насычаныя, шчаслівыя былі гады, — расказвала. — Яны далі зарад на ўсё жыццё. Мы былі маладыя, энергічныя, дружныя. Шмат цікавых спраў на рахунку камсамольцаў Пастаўшчыны». І пажадала БРСМаўцам радавацца сваёй маладосці, годна працягваць традыцыі старэйшага пакалення, насычаць кожны дзень карыснымі справамі, памятаць, што за імі — будучыня.

Калі Вольгу Мышко выбралі сакратаром камсамольскай арганізацыі калгаса «Светлы шлях» (зараз — сельгаспрадпрыемства «Дунілавічы-агра»), у яе радах налічвалася да 80 чалавек. Жыццё маладзёжнай грамадскай арганізацыі было насычаным. Адным з яе цэнтраў стала бібліятэка, якой Вольга загадвала, — 18 тысяч кніг, 870 чытачоў, 30 з іх — студэнты-завочнікі. Праводзілі тэматычныя вечары, камсамольскія сходы, спабор­ніцтвы, іншыя масавыя мерапрыемствы. З лідара пярвічкі дзяўчына дарасла да першага сакратара райкама ЛКСМБ і працавала на гэтай пасадзе да верасня 1978-га. Менавіта ў той час у раёне прагучаў заклік: «Дзяўчаты — на трактар!». Аб’язджалі раён, агітавалі дзяўчат, звярталіся па дапамогу да кіраўнікоў працоўных калектываў. У выніку набралі 80 дзяўчат, якія займаліся на курсах пры прафтэхвучылішчы і авалодалі спецыяльнасцю трактарыста. У тым годзе раённай камсамольскай арганізацыі было прысуджана першае месца ў рэспубліцы.

Ларыса Федарэнка ва ўсесаюзную маладзёжную арганізацыю ўступала ў Абхазіі, дзе тады жыла. Яе камсамольскі білет падпісаны на грузінскай мове (дарэчы, амаль усе ўдзельнікі сустрэчы прыйшлі на яе з камсамольскім, а некаторыя — і з партыйным білетамі). «Незалежна ад таго, хто ў якой рэспубліцы жыў, наш маладзёжны саюз, як і краіна, быў адзіны і аднолькавымі — нашы ідэалы, — гаварыла Ларыса Віктараўна. — Так склалася, што лёс прывёў мяне ў Беларусь, на Пастаўшчыну. Некаторы час працавала ў апараце райкама камсамола. Для нас не было слоў «не магу», «не хачу», «не буду». Таму і сённяшнім камсамольскім лідарам жадаю гарэць самім і весці за сабой іншых, больш ідэй і крэатыву».

«Наша пярвічная арганізацыя райспажыўсаюза аб’ядноўвала 300 чалавек і была адной з лепшых у раёне, — узгадвала былы яе лідар Еўдакія Скіндар (Грынько). — На прадпрыемствах грамадскага харчавання і гандлёвых стваралі брыгады камуністычнай працы. І яны сапраўды паказвалі прыклад, праводзілі спартыўныя спаборніцтвы, суботнікі. Наш час быў цікавы і душэўны. Узяць тыя ж дэманстрацыі, што ладзіліся штогод 1 мая і 7 кастрычніка. На іх ішлі працоўнымі і вучнёўскімі калектывамі. За некалькі месяцаў да гэтага спаборнічалі за права быць сцяганосцам на дэманстрацыі і яго асістэнтамі. Пасля дэманстрацыі свята прадаўжалася ў сем’ях, кампаніях сяброў або таварышаў па працы. Цяперашняму маладому пакаленню, напэўна, не зразумець таго настрою і тых пачуццяў, якія валодалі намі. А мы будзем памятаць тыя падзеі заўсёды».

Успамінаў было шмат. Адны эпізоды расчульвалі да слёз, другія выклікалі дружны смех, трэція прымушалі задумацца. А закончылася сустрэча камсамольскімі песнямі пад акампанемент на баяне кіраўніка хору ветэранаў Паўла Рагіні.

Фаіна Касаткіна
Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.