«Кто, если не я» — девиз главного зоотехника груздовского отделения АСП «Рассвет Поставский» Ольги Хмельник

Сельское хозяйство

Пазнаёмілася з ёй на перасоўнай дойцы мінулым летам і адразу звярнула ўвагу на паважлівыя адносіны маладога спецыяліста да падначаленых, кампетэнтнасць у любым пытанні адносна жывёлагадоўлі, яе занепакоенасць недахопам адказных даярак і пастухоў. Шмат добрых слоў пачула пра заатэхніка і ад начальніка аддзялення Ігара Турона.

— Вольга Аляксандраўна ніколі не лічыцца з часам, — гаварыў Ігар Тадэвушавіч. — Паколькі спецыялістаў не хапае, яна ўдала спраўляецца не толькі са сваімі абавязкамі, але і тэхніка-асемянатара, пры неабходнасці дапамагае маладому ветурачу.

З жывёлагадоўляй Вольга знаёмая з дзяцінства: на ферме ў Браслаўскім раёне працавалі бацькі. У сям’і выхоўвалася трое дзяцей. Яны часта дапамагалі старэйшым. Пасля школы дзяўчына паступіла ў Відзаўскае прафтэхвучылішча. Набыла спецыяльнасці повара і гаспадыні аграсядзібы. Некаторы час загадвала фермай у Казянах. Выйшла замуж, і перабраліся з мужам у Паставы. Працавала ў сістэме грамадскага харчавання. Але цягнула да зямлі. У 2012 годзе прайшла курсы тэхнікаў-асемянатараў і была накіравана на работу ў груздаўскае аддзяленне.

— Удзячная за падтрымку дырэктару Альфрэду Іосі­фавічу Мальцу, — гаварыла Вольга. — Галоўным вет­урачом раёна ў той час працаваў Генадзій Іосіфавіч Лютынскі, які таксама заўсёды даваў карысныя парады, кансультаваў. Атрымлівалася так, што я шмат чаго ведала з практыкі, але не хапала тэарэтычных ведаў. Таму паступіла на завочнае аддзяленне Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. За плячыма пяць гадоў вучобы, налета атрымаю дыплом.

Вольга шмат расказвала пра жывёлаводаў, аператараў машыннага даення кароў. Сярод лідараў назвала Любоў Чарэнка, сярэдні надой у групе якой з пачатку года складае больш за 3500 кілаграмаў малака, усяго на 100 кілаграмаў менш у Крысціны Зайко. Заатэхнік адзначала старанне даглядчыка цялушак злучнога ўзросту Казіміра Врублеўскага. Мена­віта з гэтага статка адбіраюцца першацёлкі на замену выбракаваных кароў. Вялікая ўвага ў аддзяленні ўдзяляецца племянной рабоце, якасці кармоў і малака (палова яго прадаецца сортам «экстра»).

Анна АНІШКЕВІЧ



Tagged