«Культиватор» открывает новые таланты у лынтупчан в рамках проекта за средства Европейского союза

Общество

Вучыцца можна ўсё жыццё. І трэба!

Ёсць такі выраз: ніхто не ведае, на што здольны, пакуль усё не паспрабуе. Вось і многія лынтупчане нават не здагадваліся, што ўмеюць ствараць сувеніры з гліны і самастойна  рамантаваць старыя дамы. Адкрыць у сабе новыя таленты дапамаглі ў мясцовай установе «Культыватар», дзе за сродкі Еўрапейскага саюза быў паспяхова рэалізаваны праект, звязаны з адукацыяй дарослага насельніцтва. 21 кастрычніка ў рамках праекта прайшло апошняе мерапрыемства. Час падводзіць вынікі!

 Калі хобі можа прыносіць прыбытак

Вечар. Працоўны дзень скончаны. У адным з будынкаў у цэнтры пасёлка ў чарговы раз пачынаюць збірацца жанчыны. На вялікім стале — творчы хаос. Тут і пэндзлі, і фарбы, і разнастайныя гліняныя вырабы. Перш чым закіпіць работа, звяртаюся да каардынатара праектаў «Культыватара» Ядвігі Лукашык з просьбай патлумачыць, што ж такое цікавае і абсалютна новае для пасёлка тут адбываецца.

— Мы, стваральнікі «Культыватара», вельмі любім Лынтупшчыну і хочам зрабіць для яе штосьці сапраўды карыснае, — адзначыла яна. — Таму вырашылі ўдзельнічаць у конкурсе грантаў, звязаных з адукацыяй дарослых. Наш праект «Навучаючыся, ствараем» стаў адным з дванаццаці праектаў-пераможцаў. Усе яны былі рэалізаваны ў дванаццаці розных гарадах Беларусі пры фінансавані Еўрасаюза і сафінансаванні Нямецкай асацыяцыі народных універсітэтаў (DVV Iternational). Думаю, спонсарам прыглянуліся Лынтупы як цікавы перспектыўны рэгіён. Нашы ініцыятывы падтрымалі ў райвыканкаме, мясцовым сельскім Савеце.

У рамках праекта былі распрацаваны два курсы: «Рамонт старога дома сваімі рукамі» і «Сувеніры з гліны сваімі рукамі», якія ўключалі дзесяць заняткаў. Праводзіліся яны з чэрвеня па верасень, прайсці курсы мог любы ахвотны, прычым бясплатна.

Працягласць заняткаў аказалася розная. З глінай працавалі і па чатыры гадзіны запар — настолькі зацягваў працэс. Заслуга ў гэтым арганізатараў, якія стварылі выдатныя ўмовы для работы, і таленавітага выкладчыка, у якасці якога запрасілі Надзею Сойку — вопытнага і вядомага ў Беларусі майстра дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, лялечніка, кераміста, мастака.

Падчас заняткаў быў засвоены ўвесь працэс стварэння гліняных сувеніраў — ад лепкі да абпалу і размалёўкі.

— Гліна — просты і пластычны матэрыял. Пачынаць працаваць з ёй з нуля нескладана, —пераканана Надзея Сойка. — Галоўнае — жаданне! У маіх вучняў яно было. Усе аказаліся надзвычай адказнымі, стараннымі. Хто ведае, можа, для кагосьці выраб гліняных сувеніраў стане новай крыніцай дадатковага даходу.

Старое – значыць, самабытнае

Другі адукацыйны курс «Рамонт старога дома сваімі рукамі» праходзіў непасрэдна ў будынку «Культыватара». Там ідзе рамонт, таму смела можна было навучыцца правільна працаваць з разнайстайнымі матэрыяламі.

— Да старых драўляных дамоў зусім іншыя падыходы, чым да сучасных, — гаварыў заснавальнік «Культыватара» архітэктар-рэстаўратар Вадзім Гліннік. — Каб яны не страцілі сваёй аўтэнтычнасці, трэба быць вельмі ўважлівым і асцярожным у працы, у падборцы матэрыялаў. Сёння, на жаль, забываюцца многія ранейшыя тэхналогіі. Мы ж хацелі паказаць, як рамантавалі дамы пяцьдзясят-сто гадоў назад, калі і гаворкі не ішло пра модныя сёння пластык і гіпсакардон.

Выкладчыкам курса стаў прафесійны архітэктар-рэстаўратар Раман Забела. Дарослыя «студэнты» даведаліся, чаму лепш рэстаўраваць старыя драўляныя рамы, чым устанаўліваць новыя пластыкавыя, навучыліся правільна падбіраць фарбу, разабраліся ў спосабах уцяплення дамоў, спасціглі майстэрства тынкоўкі… І гэты пералік можна працягваць яшчэ доўга.

Каб пачутае не забывалася, арганізатары паклапаціліся пра стварэнне двух метадычных дапаможнікаў з інфармацыяй пра рэстаўрацыю старых дамоў і выраб сувеніраў з гліны.

На своеасаблівым выпускным вечары дарослыя атрымалі сертыфікаты аб праходжанні курсаў.

— Безумоўна, за такі кароткі час мы не можам даць грунтоўныя веды, — адзначыла Ядвіга Лукашык. — Няхай штосьці было павярхоўна, але і гэта прынесла плён. Лынтупчане, з якімі мы пазнаёміліся, з карысцю правялі час, ды і проста адпачылі ў акружэнні аднадумцаў. Асобныя словы падзякі хочацца сказаць загадчыцы мясцовага аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН Алене Валасевіч і яго работнікам, якія вельмі нас падтрымалі. Мы зразумелі, што такія адукацыйна-забаўляльныя мерапрыемствы цікавыя мясцовым жыхарам, таму і надалей будзем шукаць спонсараў для ўвасаблення ў жыццё новых задум.

Матэрыял пра заключнае мерапрыемства праекта — дыскусію з удзелам шматлікіх ганаровых гасцей — чытайце ў наступных нумарах «Пастаўскага краю».


Наталля Шымкавіч:
Я наведала ўсе заняткі на кожным курсе і зусім пра гэта не шкадую. Хоць і працую на пенсіі, вечарам у мяне шмат вольнага часу. Чым заняць сябе ў невялікім пасёлку? Варыянтаў няшмат. А гэтыя курсы — штосьці зусім новае. Выкладчыкі не толькі далі нам шэраг новай інфармацыі, але і натх­нілі на новыя справы, дапамаглі паверыць у сябе, свае здольнасці.


Іна Мікус
Фота з архіва «Культыватара»



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.