Куточак сэрцу дарагі

2018 год — Год малой радзімы

На гадзінніку ўжо поўнач, а мне не спіцца. За акном шуміць вецер, па даху барабаняць жалуды. У хаце цёпла і ўтульна, на душы спакой. Гэты дом — мая радзіма, як і сама маленькая вёсачка Касцяні. Тут прайшлі дзяцінства і юнацтва, жылі бацькі, дзядуля і бабуля, сваякі, простыя, шчырыя і працавітыя людзі.

А якая ў гэтых мясцінах цудоўная прырода! Стромкія сосны і кучаравыя елкі абдымаюць вёску з усіх бакоў. Бярозы дапамагаюць прагнаць з лесу змрок. Сям-там гараць чырвоныя гронкі рабін. Сярод іншых дрэў вылучаюцца волаты дубы. Летам не бывае таго дня, каб я не схадзіла паглядзець, ці паспелі суніцы, чарніцы, маліны, брусніцы, ці з’явіліся грыбы. Сядзець у гарадской кватэры — гэта не для мяне.

Шум дрэў выклікае пачуцці, подых ветру акрыляе, сустрэча з дубам надае сілу, упэўненасць, глыток вады з калодзежа праганяе смагу, агонь у печы будзіць успаміны…

Да вайны тут жыў бацька са сваімі роднымі. Хата стаяла амаль у лесе. У гады вайны часта наведваліся партызаны. Тата расказваў: “Бывала, прый­дзе дваюрадны брат Сяргей Пронька, каб распытацца, дзе знаходзяцца немцы. Дапамагалі партызанам, як маглі. І суседзі былі надзейныя, не выдавалі. Немцы вёску не спалілі. Бяда прыйшла неспадзявана. Адна жанчына запаліла лучыну, дзе захоўваўся бензін. Успыхнула полымя, якое не змаглі пагасіць. Стрэхі на той час былі саламяныя. Згарэла амаль уся вёска, толькі дзве хаты ўцалелі, бо вецер дзьмуў у іншы бок”.

Зараз на тым месцы, дзе стаяла бацькоўская хата, стаіць раскідзісты дуб-асілак. Пасля пажару прыйшлося нейкі час жыць у лазні, якая знаходзілася за агародамі, на беразе Лучайкі. Цяжка паверыць, што ў лазні жыло 6 чалавек — дзве сям’і братоў Антона і Дзям’яна. Відаць, людзі былі моцныя духам, загартаваныя, вынеслі ўсе выпрабаванні і пабудавалі новыя хаты. Сталі садзіць сады, дрэвы.

Памятаю, у 60-70-я гады ў вёсцы было 24 двары (зараз 14). Чуліся дзіцячыя галасы, граў гармонік на вяселлях і праводзінах у армію. З цягам часу дзеці выраслі і выпырхнулі з бацькоўскага гнязда, нібы птушаняты. Моладзь не заставалася ў вёсцы: умовы для жыцця былі складаныя.

Цяпер усё інакш: дарога заасфальтаваная, ходзіць аўтобус, бо побач — дзіцячы аздараўленчы цэнтр “Ветразь”, рэгулярна прыходзіць аўталаўка. У вёсцы пастаянна жывуць 6 чалавек, з карэнных жыхароў застаўся адзін.

Панура стаяць маўклівыя хаты і чакаюць сваіх гаспадароў. Шамацяць дрэвы, заглядваючы ў вокны пустых дамоў. Іду па знаёмай сцяжынцы — і сэрца напаўняецца шчырай любоўю да роднага краю.

Таццяна ЛЕБЕДЗЕВА, г. Паставы



Tagged