Лен – в шохах. Поставский льнозавод приступил к переработке «белорусского шёлка».

Важное Сельское хозяйство

Выпаў першы снег, і ў рэдакцыю патэлефанавала некалькі чалавек, якія цікавіліся, ці ўбралі з палёў лён. Гэта пытанне я адрасавала дырэктару льнозавода Пятру Скурко.

— У мінулыя гады сапраўды не абыходзіліся без ручной працы, — гаварыў Пётр Іванавіч. — Сёлета сухое і сонечнае восеньскае надвор’е паспрыяла таму, што ўборка прайшла намнога шпарчэй, чым летась. Уся вырашчаная льнотраста дастаўлена з поля і складзіравана ў шохі.

«Беларускі шоўк» Пастаўскага льнозавода займаў 1700 гектараў у нашым раёне і 500 — у Докшыцкім. Сеялі яго і ААТ «Кураполле-агра», «Сцяг Перамогі-агра», «Камайскі-агра», СП «Дунілавічы-агра» і «Ляхаўшчына-агра». Перапрацоўшчыкі з’яўляліся не толькі заказчыкамі льнотрасты, але і дапамагалі гэтым гаспадаркам на пэўных этапах вырошчвання даўгунцу. Выцерабілі яго за 48 каляндарных дзён (летась — за 94). Наступны этап — прасаванне. На яго спатрэбілася 70 дзён (у мінулым годзе — 88). Усю льнопрадукцыю сабралі з палеткаў тэхнікай, прымяняючы пераварочвальнікі і прэсы.

У перыяд уборкі мне неаднаразова даводзілася бываць на льняных палетках, назіраць за зладжанай работай механізатараў не толь­кі льнозавода, але і з тых арганізацый, з якіх яны былі камандзіраваны на дапамогу. Дырэкцыя завода ўдзячная за разуменне і рабочыя рукі калектывам філіяла «ДЭУ-33», Варапаеўскай дыстанцыі пуці, лясгаса. 60 гектараў ільну ўбраны сіламі ААТ «Ярэва-агра», «Навасёлкі-Лучай», «Хацілы-агра», райаграсэрвісу, АБП «Рассвет Пастаўскі», раённага спажывецкага таварыства, 116 — ААТ «Мосарлён» Глыбоцкага раёна. Хоць некаторыя механізатары ўпершыню рулонілі трасту, справа спорылася.   

— Вырошчванне даўгунцу — працаёмкая, затратная работа, — гаварыў Пётр Іванавіч. — Лён — капрызная культура, яна патрабуе да сябе асаблівых адносін, строгага захавання тэхналогіі. На адным і тым жа полі яго можна сеяць толькі праз 5-7 гадоў, абавязкова пасля восеньскага ўзворвання. Далей — якасная сяўба ў тэрмін, хімпраполка, унясенне ўдабрэнняў, рэгулятараў росту. І ўсё ж шмат залежыць ад над­вор’я. На этапе ўборкі галоўнае — захаваць якасць. Выцераблены лён павінен вылежацца, увабраць у сябе вільгаць жнівеньскіх росаў, набыць адпаведнае адценне. Сёлетняя спякота не спрыяла нармальнаму росту, таму і сярэдні нумар трасты толькі 0,82.

Перапрацоўчае прадпрыемства прыняло і складзіравала ў шохі больш за 4500 тон сыравіны (летась — 3386). З іх 286 тон паступіла з Кураполля, 229 — з Камай, 172 — з Юнек, па 153 — з Дунілавіч і Ляхаўшчыны. Сабраны лён будуць перапрацоўваць да наступнага лета. А ў гэтыя дні завяршаецца ворыва глебы пад ураджай-2019. Лён, як і сёлета, завадчане будуць вырошчваць на 2200 гектарах.

Анна АНІШКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.