Льноволокно требует сортировки. Это делают вручную Анастасия Алейникова и Светлана Грузд

Сельское хозяйство

На сукенкі і вацін

Тэхніка льнозавода пакінула палі: траста звезена ў шохі, узараны апошнія гектары, і цяпер работа кіпіць у цэхах. Працуюць дзве змены па два патокі. Траста падаецца ў сушылку, а затым на канвеер. З выконваючай абавязкі галоўнага інжынера завода (яна ж старшы кантрольны майстар) Ірынай Дзьяканавай спыняемся ля раскладачнага стала. Рабочы Валерый Мядзвецкі спрытна распраўляе трасту. Ад таго, наколькі правільна ён гэта зробіць, залежыць выхад доўгага валакна. Далей траста паступае на слоефарміравальнае і мяльнае абсталяванне, дзе аддзяляецца кастрыца, а прамятая сыравіна ідзе на трапальныя машыны.

Ільновалакно патрабуе сарціроўкі. Робіцца гэта ўручную. Кожны пучок трэба раскласці па колеры і нумары. Давялося паназіраць за работай Анастасіі Алейнікавай і Святланы Грузд (на здымку). Іх рукі так хутка раскладвалі валакно, што ледзь паспявала сачыць за імі. Якасць сарціроўшчыцы навучыліся вызначаць навобмацак, даўжыню — на вока. На аўтаматызме звязваюць валакно ў куліты, якія затым прасуюцца ў кіпы.

— Самы высокі нумар у таго валакна, што стальнога колеру, — тлумачылі сарціроўшчыцы. — З рыжынкай — менш якаснае. Гэта азначае, што траста дрэнна вылежалася.

— Доўгае валакно пастаўляем на Аршанскі льнокамбінат, — расказвала Ірына Дзьяканава. — З яго там будуць вырабляць тканіну, якая пойдзе на пашыў прыгожых ільняных сукенак, абрусаў. Менш якаснае перапрацоўваем на месцы. З яго выпускаем вяроўку, кабалку, вацін, з кастрыцы — паліўны брыкет.

— Сёлета сіламі завода лён вырошчвалі на 2200 гектарах, — гаварыў дырэктар Пётр Скурко. — Яшчэ на 500 гектарах даўгунец рос у ААТ «Кураполле-агра», «Сцяг Перамогі-агра», «Камайскі-агра», СП «Дунілавічы-агра» і «Ляхаўшчына-агра». На наступны год пасяўныя плошчы, магчыма, будуць павялічаны.

Анна АНІШКЕВІЧ



Tagged