На очередном заседание президиума районного Совета депутатов обсудили насущные проблемы

Главное Местная власть

Абмеркавалі надзённае

23 лістапада адбылося чарговае пасяджэнне прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, на якое былі запрошаны старшыні сельвыканкамаў, начальнікі аддзелаў і ўпраўленняў райвыканкама, прадстаўнікі адказных і зацікаўленых службаў, старэйшыны вёсак. На абмеркаванне былі вынесены два пытанні.

Першым за трыбуну малой залы пасяджэнняў райвыканкама выйшаў намеснік Пастаўскага РАНС Віктар Жук. У сваім выступленні ён давёў аператыўнае становішча з пажарамі ў раёне, агучыў асноўныя прычыны ўзнікнення і гібелі людзей на іх.

З пачатку года на Пастаўшчыне адбылося 36 пажараў, што на 15 больш, чым за аналагічны перыяд 2017-га. Тры чалавекі загінулі, з іх адно дзіця. За ўвесь 2017 год на пажарах загінулі двое жыхароў раёна. З 36 сёлетніх пажараў 25 адбыліся ў прыватным жылым сектары, 5 — у ведамасным жылым фондзе (4 дамы на балансе сельскіх гаспадарак і 1 дом ЖКГ), 2 — на асабістым транспарце грамадзян, па адным — у інтэрнаце УП ЖКГ, гаражы Навасёлкаўскай амбулаторыі, сушылцы льнасемя ААТ «Пастаўскі льнозавод» і ў кацельні ААТ «Глыбоцкі камбікормавы завод» у аг. Камаі.

— У асноўнай сваёй масе прычыны пажараў і гібелі людзей на іх не звязаныя з якімі-небудзь няспраўнасцямі, а адбываюцца з-за безадказнага стаўлення грамадзян да сваёй бяспекі, — аналізуючы сумную статыстыку, падкрэсліў Віктар Жук. — Мяркуйце самі, у 17 выпадках (47,2% ад агульнай колькасці) галоўная прычына пажараў — неасцярожнае абыходжанне з агнём.

Намеснік начальніка РАНС таксама падвёў вынікі работы назіральных камісій і пазаштатных пажарных інспектараў, падрабязна спыніўся на існуючых недахопах, звярнуў увагу прысутных старшынь сельскіх Саветаў на неабходнасць стопрацэнтнага правядзення агляду супрацьпажарнага стану жыллёвага фонду населеных пунктаў. Са справаздачамі аб праведзенай рабоце выступілі старшыні Валкоўскага і Ярэўскага сельскіх Саветаў. Пётр Курто, які старшынстваваў на пасяджэнні, даў магчымасць прадстаўнікам усіх запрошаных службаў акрэсліць праблемы, з якімі яны сутыкаюцца пры рабоце з насельніцтвам, а гэта няспраўныя печы, коміны, старая электраправодка, газавыя пліты, срок экс­плуатацыі якіх скончыўся.

Пётр Леанідавіч запатрабаваў ад усіх зацікаўленых суб’ектаў прафілактыкі пры наведванні населеных пунктаў забяспечыць комплексны падыход да вывучэння прычын і ўмоў, якія ствараюць пагрозу жыццю і здароўю грамадзян. Асаблівую ўвагу звяртаць на санітарна-бытавыя ўмовы, стан бяспекі жылля, утрыманне тэрыторый населеных пунктаў і падворкаў, умовы пражывання непаўналетніх дзяцей і састарэлых грамадзян. Пры гэтым больш прынцыпова і жорстка падыходзіць да тых, хто вядзе асацыяльны лад жыцця.

— Гэтыя асобы не толькі гінуць на пажарах, але і здзяйсняюць злачынствы, становяцца фігурантамі здарэнняў на дарогах, вадзе, суіцыдаў і атручэнняў сурагатамі і алкаголем. А наша агульная задача — папярэдзіць бяду, — падсумаваў старшыня райсавета дэпутатаў.

Другім пытаннем на парадку дня пасяджэння значылася рэалізацыя ў раёне Дзяржаўнай праграмы «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» на 2016—2020 гады. Пра гэта паведаміў намеснік начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Мікалай Доўмант. Ён падрабязна спыніўся на тым, як выконваюцца на Пастаўшчыне падпункты гэтай праграмы: «Забеспячэнне якасці і даступнасці паслуг», «Мадэрнізацыя і павышэнне эфектыўнасці цеплазабеспячэння», «Рамонт жыллёвага фонду», «Чыстая вада», «Абыходжанне з камунальнымі адходамі і выкарыстанне другасных матэрыяльных рэсурсаў».

Па выніках пасяджэння прыняты адпаведныя пастановы, у якіх прэзі­дыум раённага Савета дэпутатаў канкрэтызаваў напрамкі далейшай работы па абмеркаваных пытаннях.

Людміла ЗЕЛЯНКЕВІЧ



Tagged