На Поставщине проходит республиканская профилактическая акция «Не прожигай свою жизнь!»

Важное Правовое поле

Каб не «прапаліць» жыццё

З 12 па 30 лістапада на Пастаўшчыне праходзіць рэспубліканская прафілактычная акцыя “Не прапальвай сваё жыццё!”, накіраваная на папярэджанне пажараў і гібелі людзей на іх па прычыне неасцярожнага абыходжання з агнём пры курэнні.

Акцыя праводзіцца ў чатыры этапы. На першым работнікі Пастаўскага райаддзела па надзвычайных сітуацыях і іх памочнікі з клубаў юных ратаўнікоў-пажарных, створаных у школах, праехалі па маршруце Варапаева—Паставы. На прыпынках грамадскага транспарту і ў маршрутных аўтобусах гутарылі з людзьмі пра небяспеку курэння з бытавога пункту погляду, раздавалі наглядна-выяўленчую прадукцыю. Падчас другога этапа адбыліся сустрэчы ў працоўных калектывах ААТ “Завод Беліт” і “Паставымэбля”, сталовай Пастаўскага дзяржаўнага каледжа. На адной з іх, з работнікамі завода “Беліт”, пабывала аўтар гэтых радкоў.

У актавай зале прадпрыемства сабралася добрая палова яго калектыву — амаль усе, хто ў той дзень быў на змене. Сваё выступленне перад імі начальнік РАНС Аляксей Кісель пачаў са статыстыкі. Ён заўважыў, што каля 90 працэнтаў пажараў у краіне і гібелі людзей на іх адбываецца з-за неасцярожнага абыходжання з агнём пры курэнні, як правіла, у нецвярозым стане. Так, з пачатку года ў рэспубліцы зарэгістраваны 5169 пажараў, што на 662 больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. У дыме і агні загінулі 428 чалавек, у тым ліку 9 дзяцей. У Віцебскай вобласці адбыліся 802 пажары, загінуў 81 чалавек, сярод якіх адно дзіця. Яго жыццё абарвалася на тэрыторыі нашага раёна, дзе ў 36 пажарах мы страцілі 3 чалавек.

Прысутным быў паказаны невялікі тэматычны відэаролік, пасля чаго Аляксей Іванавіч прапанаваў курцам абмяняць сапраўдныя цыгарэты на бутафорскія. У зале знайшоўся толькі адзін жадаючы гэта зрабіць. Раскруціўшы атрыманую “цыгарэту”, ён услых зачытаў 5 прычын кінуць курыць. Як засцерагчы сябе пры курэнні, расказаў А. І. Кісель. Таксама ён нагадаў правілы бяспекі ў ацяпляльны перыяд, звярнуў увагу на недапушчальнасць выхаду на тонкі лёд і неабходнасць выканання правілаў пажарнай бяспекі на прадпрыемстве. А затым праверыў, ці ведаюць работнікі завода, як карыстацца вогнетушыцелем.

На гэтым тыдні асноўныя мерапрыемствы акцыі праходзяць у каледжы. Тут ладзяцца канцэрты, выступленні, конкурс стыкераў, распаўсюджваюцца тэматычныя лістоўкі. Пажарным актыўна дапамагаюць навучэнцы ўстановы. А завяршальным акордам стане сустрэча з насельніцтвам на рынку “Гарызонт”. 30 лістапада там збяруцца работнікі РАНС, прадстаўнікі раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, раённага цэнтра гігіены і эпі­дэміялогіі, цэнтральнай райбальніцы, школьнікі і моладзь з клубаў юных ратаўнікоў-пажарных і Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратаўні­коў-пажарных. Яны арганізуюць некалькі цікавых тэматычных зон, дзе можна будзе абмяняць цыгарэту на цукерку або нейкі прыз, праверыць аб’ём сваіх лёгкіх і паглядзець канцэрт.

Алена ШАПАВАЛАВА
Фота аўтара



Tagged