Наше «золото». Поставский молочный завод ежедневно выпускает 20 тонн сыра

Важное Сельское хозяйство

Аператар згушчэння сыроваткі Віктар Бабчук, машыністы вакуумна-ўпаковачнай машыны Таццяна Берняковіч і Сяргей Пронька

Пастаўскае «золата». Так многія гурманы характарызуюць сыры, якія выпускаюць на Пастаўскім малочным заводзе

Знаёмыя, што жывуць у Маскве, шмат падарожнічаюць па свеце і час ад часу наведваюцца ў Паставы, пастаянна купляюць прадукцыю нашага малочнага завода. Асаблі­ва любяць сыр «Пармезан Гранд». «Сапраўднае золата вашых сыраробаў. Смачнейшага сыру за гэты для нас няма», — кожны раз чую іх ацэнку прадукту.

— Несумненна, «Пармезан Гранд» — сыр элітны, — пацвярджае начальнік сыраробнага цэха завода Таццяна Радзівіловіч. — Але па якасці не ўступаюць яму і «Галандскі-прэміум», «Пашахонскі», «Ра­сійскі традыцыйны». Карыстаецца попытам фірменны «Тызенгаўз». Яго назва асацыіруецца з гісторыяй горада і графам Тызенгаўзам. У сыру спецыфічны саладкаваты смак, ён хутка раскупляецца.

На прадпрыемстве што­дня выпускаюць 30 тон малака, масла, кефіру, вяршкоў, ражанкі і 20 тон сыру. Прадукцыя маркі «Паставы гарадок» пастаўляецца ў гандлёвыя сеткі «Карона», «Еўраопт», «Віталюр», «Суседзі» і іншыя, экспартуецца на рынкі Расіі, Казахстана.

Вырабы малочнага завода штогод выстаўляюцца на міжнароднай выставе «Продэкспо» і яе конкурсе-дэгустацыі «Чэм­піён смаку» (беларускі варыянт «Кантрольнай закупкі»), дзе спаборнічаюць паміж сабой не брэнды, а прадукты.  Дэгустацыі прахо­дзяць у два этапы: у паў­фінале аўтарытэтнае жу­ры ацэньвае прадукты «сляпым» метадам, у фінале ацэнку даюць звычайныя пакупнікі. Якасць пастаўскіх малочных прадуктаў заўсёды ацэньваецца высока. Пераможцу вызначаюць шляхам сумавання вынікаў двух этапаў. Напрыклад, у мінулым годзе сыр «Пармезан Гранд» і смятана ўдастоены Гран-пры на «Чэмпіёне смаку», кефір заняў другое месца, малако стала фіналістам гэтага конкурсу. Прадпрыемства на год атрымала права наносіць спецыяльны знак «Чэмпіён смаку» на ўпакоўку прадуктаў, якія занялі 1-е, 2-е і 3-е месцы. На дэгустацыйным конкурсе «Наша марка» сыр «Пармезан Гранд» узнагароджаны залатым медалём, «Галандскі прэміум» — сярэбраным. Масла салодка-сметанковае, смятана, сыры «Сметанковы» і «Чадэр-Бел» заваявалі рэспубліканскую прэмію «Лі­дар спажывецкага рынку-2017». Сёлета прадукцыя Пастаўскага малочнага завода была годна прадстаўлена на XXV Міжнароднай выставе «Продэкспо», якая праходзіла ў Маскве.

За ўсімі поспехамі, высокімі вынікамі дзейнасці ААТ «Пастаўскі малочны завод» стаіць мэтанакіраваная работа яго кіраўніцтва, спецыялістаў, радавых работнікаў, партнёраў сельскагаспадарчага ком­плексу. Свой дэвіз «Заўсёды высокая якасць!» калектыў пацвярджае пастаянна. А заваяваныя ўзнагароды ўмацоўваюць прэстыж як на айчынным, так і на замежным рынках, садзейнічаюць заключэнню новых дагавораў і кантрактаў.

Анна АНІШКЕВІЧ



Tagged