Научили играя. Общегородской день безопасности под названием «Внимание! Дети на дороге!»

Главное Образование Правовое поле

20 лістапада ў рамках абласной прафілактычнай акцыі па папярэджанні дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам пешаходаў у раённым Доме культуры прайшоў агульнагарадскі дзень бяспекі пад назвай «Увага! Дзеці на дарозе!».

З дапамогай работнікаў Дома культуры супрацоўнікі аддзялення Дзяр­ж­аўтаінспекцыі РАУС правялі заняткі па навучанні правілам дарожнага руху для вучняў 3—8 класаў школ горада. Кожнага, хто прыйшоў на мерапрыемства, чакала нямала сюрпрызаў. Па-першае, на ўваходзе ў глядзельную залу ўсім дзецям, якіх сабралася каля 500 чалавек, бясплатна раздалі флікеры. Па-другое, заняткі праходзілі ў гульнявой форме з удзелам вясёлых клоўнаў Клёпы і Ірыскі, роставых лялек Міньёна і Зябы, а таксама любімца публікі — робата-трансформера Бамблбі. Разам з дзяржаўтаінспектарамі яны расказалі і паказалі хлопчыкам і дзяўчынкам, як правільна паводзіць сябе на дарозе.

Перад адкрыццём імправі­заванай школы правілаў дарожнага руху на сцэну падняўся начальнік аддзялення ДАІ РАУС Аляксандр Арэхаў. Ён нагадаў вучням пра неабходнасць быць уважлівымі на праезнай частцы, няўхільна выконваць правілы дарожнага руху, якія для іх прапісаны, і абавязкова насіць флікеры ў цёмны час сутак. А затым вядучая мерапрыемства — мастацкі кіраўнік РДК Алена Слядзеўская — запрасіла ўсіх прысутных на «ўрокі» ў школу. Падчас іх дзеці ўспомнілі правілы пераходу праезнай часткі дарогі і сігналы святлафора, пазнаёміліся з асноўнымі дарожнымі знакамі і жэстамі рэгуліроўшчыка, прынялі ўдзел у гульнях і конкурсах з прызамі. «Урокі» чаргаваліся з музычнымі перапынкамі, блізкімі да абазначанай тэматыкі, якія падрыхтавалі дзіцячыя калектывы раённага Дома культуры.

Весела і цікава было кожнаму прысутнаму ў зале. Школьнікі з непадробным інтарэсам сачылі за тым, што адбывалася на сцэне, ахвотна адклікаліся на ўсе прапановы вядучай і клоўнаў, уважліва слухалі інспектараў. Думаецца, пасля такога займальнага і карыснага мерапрыемства колькасць аварыйных сітуацый з удзелам дзяцей на нашых дарогах павінна зменшыцца. Ну а апошнім сюрпрызам усім удзельнікам агульнагарадскога дня бяспекі сталі салодкія пачастункі ад кандытарскай фабрыкі «Віцьба».

Алена ШАПАВАЛАВА
Фота аўтара



Tagged