Не только с проблемами, но и с благодарностью. На связи председатель райисполкома Сергей Чепик

Главное Местная власть

На чарговую «прамую тэлефонную лінію» да старшыні райвыканкама Сяргея Чэпіка, якую ён правёў у мінулую суботу, паступіла 7 званкоў.

Двух чалавек (аднаго з Варапаеўскага сельсавета, другога — з Камайскага) звярнуцца да кіраўніка раёна падштурхнула «дарожнае» пытанне. У першым выпадку жыхар вёскі Кейзікі скардзіўся, што ў мінулыя гады з надыходам зімы дарога па вуліцы Сікоры не расчышчаецца ад снегу і не падсыпаецца як след. З-за гэтага часам сюды бывае цяжка дабірацца аўталаўцы і машыне газавай службы. Жанчына з Рамашкавіч абазначыла крыху іншую праблему: трохкіламетровы ўчастак дарогі ад гэтай вёскі да Мягун знаходзіцца ў вельмі дрэнным стане круглы год. Тут патрабуюцца падсыпка і грэйдзіраванне.

Адзін мужчына пацікавіўся перспектывамі рамонту моста праз раку Дзісенку ў вёсцы Полава («ПК» пісаў пра гэта падрабязна ў мінулым нумары). А вось пенсіянер з Совак звярнуўся па тлумачэнне працэсу саманарыхтоўкі дроў. У прыватнасці, ён пытаўся, ці можна яму спілаваць дрэва, якое расце непадалёк ад яго дома.

Чараду «праблемных» званкоў перапыніў жыхар з Дунілавіч. Ён падзякаваў за аператыўны рамонт асвятлення ў аграгарадку па вуліцы Школьнай.

Падчас гэтай «прамой тэлефоннай лініі» былі неактыўнымі жыхары райцэнтра. Ад іх паступіла ўсяго два званкі. Адна жанчына, якая пражывае ў 6-м гарадку, звярнула ўвагу Сяргея Васільевіча на стан дзіцячай і баскетбольнай пляцовак у гэтым мікрараёне. Па яе словах, яны пакідаюць жадаць лепшага. Другая пастаўчанка закранула адразу некалькі пытанняў, якія доўгі час ніяк не можа вырашыць. Першае — гэта падключэнне вады ў доме па вуліцы Кастрычніцкай, што застаўся ёй ад маці. Другой была просьба спілаваць ліпу каля ваеннага камісарыята. Дрэва ёй замінае, бо тэрыторыя гэтай установы непасрэдна мяжуе з яе ўчасткам. Яна выказала прэтэнзію да ваенкамата і ў тым плане, што на яго гаспадарчай пабудове няма жолаба для адводу вады, і яна ліецца ў агарод жанчыны.

Пытанні, што паступілі на «прамую тэлефонную лінію», старшыня райвыканкама накіраваў па кампетэнцыі.   

Людміла ЗЕЛЯНКЕВІЧ



Tagged