Не царская жизнь белорусской Клеопатры. История бывшей узницы фашистской Германии Клеопатры Канаш

Главное Личности Общество

Бацькі далі ёй імя егіпецкай царыцы Клеапатры. Але ў фашысцкай няволі чарэмушніцкую дзяўчынку звалі на нямецкі манер — Клара. І яе жыццё было зусім не царскім.

Клеапатра Яўстаф’еўна Канаш — былы вязень фашысцкай Германіі. Дзяўчынку, якой яшчэ не было і пятнаццаці, як і іншых яе аднавяскоўцаў, прымусова вывезлі на варожую чужыну.

— Як сёння, памятаю той дзень, — расказвала жанчына. — Гэта было 14 кастрычніка, на Пакроў. Спачатку фашысты і іх паслугачы на вачах жыхароў спалілі Чарэмушнікі, Чашуны, Старыцу, Янчыху, Дуброва. Затым пагналі людзей у Паставы, а адтуль — на чыгуначную станцыю ў Лынтупы, дзе пагрузілі ў таварнякі і павезлі ў Нямеччыну.

Нявольніцкія лагеры былі па ўсёй Германіі. Клеапатра трапіла ў горад Нойс. Па 12 гадзін у суткі працавала на заводзе — выточвалі нейкія дэталі. Работа была знясільваючай, а харч — зусім слабым. Увесь час даймаў голад. Многія апухалі і паміралі. Калі дзяўчыне споўнілася 16, выдалі пропуск на магчымасць выходзіць кожную нядзелю за межы лагера, але абавязкова з лагернай меткай на адзенні.

— І мы адпраўляліся жабраваць, — працягвала сумны расказ Клеапатра Яўстаф’еўна. — Хто бульбіну дасць, хто — кавалачак хлеба або маленькі бутэрброд. А аднойчы мне вельмі пашанцавала: трапіла да эмі­гранткі з Расіі, і яна «ўзнагародзіла» паловай бохана хлеба і печанай бульбай. Падбіралі апалыя яблыкі і грушы, але некаторыя немцы ганялі нас за гэта. Розныя яны былі — і злосныя, і спагадныя.

Калі завод разбамбілі, вязняў прыгналі пад канвоем у нейкае закі­нутае месца на беразе Рэйна. Усіх сцяў жах — будуць расстрэльваць! Але пад’ехалі на машынах яшчэ немцы, перагаварылі з канваірамі, і нявольнікаў пагналі далей. Аказалася, на іншы завод, ажно за 350 кіламетраў. Там выраблялі шыфер.

Нейкі час Клеапатра працавала ў баўэра, поплеч з двума французамі і палячкай. Але неўзабаве захварэла на тыф. Чатыры месяцы праляжала ў ложку. Аслабела так, што нават не магла размаўляць. Ад уколаў утварыліся гематомы, а потым і вялізная рана на целе, след якой непакоіць усё жыццё. Дзяўчынку не толькі лячыла, але і падкормлівала, вучыла занава хадзіць медсястра-немка. А калі прыйшло вызваленне, угаворвала застацца. «Клара, няўжо ў Расіі лепш, чым тут?» — не разумела.

Не лепш, а радней. Усе чарэмушніцкія ўцалелі ў фашысцкай няволі і ўсе вярнуліся ў родныя мясціны. Пра тое, як абжываліся на папялішчах, як цяжка працавалі, якую беднасць цярпелі, але падтрымлівалі адно другога нават чужыя людзі, можна пісаць асобны артыкул.

— На свеце няма нічога страшнейшага за вайну, — казала Клеапатра Яўстаф’еўна. — Цяперашняй моладзі трэба ведаць, што давялося перажыць нам, колькі страху, прыні­жэнняў, голаду і галечы зведалі. Каб цанілі тое, што маюць, каб заўсёды памяталі, што толькі мір гарантуе будучыню.

Бог падарыў ёй доўгае жыццё, узнагародзіў добрымі дзецьмі і ўнукамі. Старэйшая дачка Ларыса ўжо 12 гадоў, як пераехала з Віцебска ў Паставы. Спачатку даглядаць бацьку, які перанёс інсульт, і паставіла яго на ногі. Але пазней здарыўся і другі, трэці, што і абарвала жыццё. Цяпер разам з мужам Аляксандрам апякаюць маці, якой 24 лістапада споўніцца 90. Яна на сваіх нагах, мае добрую памяць. Любіць глядзець тэлеперадачы, чытае газеты і кнігі, перавагу аддае гістарычным і ваенным раманам. Шкадуе, што ўжо не можа вязаць. Раней вельмі любіла гэты занятак, навязала дзясяткі прыгожых рэчаў усім родным.

На юбілей прыедуць сыны з жонкамі: Юрый з Наваполацка, Алег — з Белгарада, унукі Сяргей, Дзмітрый, Ксенія. Не зможа прыляцець толькі ўнучка Маша, якая жыве і працуе ажно ў Інданезіі. Але цёплае віншаванне любімай бабулі абавязкова дашле. І не толькі ад сябе, але і ад мужа-італьянца і маленькай дачушкі Катарыны.

Несумненна, што за святочным сталом будзе шмат успамінаў. Не абмінуць і горкія з ваеннага ліхалецця, пра якія са слязамі на вачах расказвала мне жанчына з імем егіпецкай царыцы і лёсам звычайнай беларускі.

Фаіна Касаткіна



Tagged