Объединяя поколения: работа почтового работника стала призванием для Лии Михалевич, ее дочери и зятя

Главное Общество

Злучыла лёсы пошта

Праца паштовага работніка стала прызваннем для Ліі Ігнацьеўны Міхалевіч, яе дачкі Таццяны і зяця Генадзія Кузьміча

Першай паштовым работнікам стала Лія Ігнацьеўна. У 1974 годзе яна ўладкавалася ў раённы вузел сувязі паштальёнам. Затым былі вучоба ў тэхнікуме сувязі, работа аператарам па дачы водпускаў, аператарам у другім гарадскім аддзяленні (5 гарадок). А найдаўжэй адпрацавала на ўчастку па апрацоўцы страхавой пошты, дзе займалася сартаваннем карэспандэнцыі.

— Той аб’ём работы і блізка немагчыма параўнаць з цяперашнім: за дзень перапрацоўвалі дзве вялікія машыны пісьмаў, паштовак, пасылак, бандэроляў, газет, часопісаў, — успамінала Лія Ігнацьеўна. — У раёне было 45 аддзяленняў. Раніцай адпраўлялі карэспандэнцыю ў іх, пасля абеду сартавалі тое, што паступала ў цэнтральнае ад­дзяленне. Час на апрацоўку адпраўленняў быў абмежаваны, бо спяшаліся паспець да вячэрняга цягніка «Віль­нюс—Віцебск», у складзе якога хадзіў паштовы вагон.

Цікаўлюся, ці былі праблемы з неразборлівымі почыркамі на карэспандэнцыі, і чую ў адказ: «Да почыркаў мы прывыклі, куды складаней было знайсці чалавека па няправільным адрасе». Але і тут не здаралася ніякіх накладак. Па-першае, Лія Іг­нацьеўна многіх людзей ведала па папярэдніх месцах сваёй работы. Па-другое, выручалі работнікі пашпартнага стала, з дапамогай якіх адшуквала адрасата. І заўсёды знахо­дзіла. Прызнаецца, што няпроста было асвоіць камп’ютар за пяць гадоў да пенсійнага ўзросту, але была вымушана паставіць перад сабой такую задачу і паспяхова справілася з ёй. У выніку яшчэ пяць гадоў адпрацавала ў раённым вузле паштовай сувязі, будучы на пенсіі.

Пошта забяспечыла Лію Міхалевіч не толькі працай на ўсё жыццё, але і стала месцам лёсавызначальнай сустрэчы з будучым мужам. Праўда, працавалі разам у адной галіне нядоўга — у хуткім часе Уладзімір перайшоў на хлебазавод, дзе шчыравалі яго брат з сястрой і была большая зарплата. Затое праз пэўны час да маці далучылася дачка і нават пачынала сваю працоўную дзейнасць пад яе кіраўніцтвам. Якой была пошта ў гады яе дзяцінства, Таццяна памятае выдатна, бо неаднойчы забягала да мамы на працу, дапамагала ёй сартаваць карэспандэнцыю. Такой жа была і на момант яе працаўладкавання.

— Было весела, працавала многа людзей, усё рабілася на вялікай хуткасці, — расказвала Таццяна Кузьміч. — Цяпер на сартавальным участку тры камп’ютары. На той час самай складанай тэхнікай была штампавальная машына (з яе дапамогай ста­віліся каляндарныя штам­пы). Зараз ні яе, ні драўляных лічыльнікаў, ні знакамітага паштовага сургучу, ні драўлянай тары для пасылак, у якой трэба было надпілоўваць прарэзы для вяроўкі, ужо няма. На змену ім прыйшлі клейкая стужка, гофратара, сучасная тэхніка. 

Таццяна, як і яе мама, паспрабавала сябе ў некалькіх паштовых прафесіях: была сартавальнікам, кіяскёрам, зараз працуе аператарам па дачы водпускаў. Таксама знайшла тут сваё жаночае шчасце. Яе муж Генадзій уладкаваўся ў вузел паштовай сувязі ў 2002 годзе электрамеханікам, праз два гады перавёўся на пасаду вадзіцеля. Адзначае, што за час яго работы ў галіне значна абнавіўся аўтапарк, павялічылася колькасць маршрутаў — зараз паштовы аўтамабіль развозіць карэспандэнцыю не толькі па аддзяленнях, але і ў аддаленыя маланаселеныя вёсачкі.

Час не стаіць на месцы: мяняюцца тэхналогіі, умовы і спецыфіка працы. Але ні адсутнасць, скажам, сургучу, ні наяўнасць камп’ютараў не адмяняюць асноўных патрабаванняў да паштавікоў — уважлівасці, кампетэнтнасці, добразычлівых адносін да людзей. Так лічаць мае суразмоўцы, і я з імі згодная.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ



Tagged