
Будзённы дзень 25 кастрычніка ператварыўся для старадворцаў у святочны — адбылося ўрачыстае адкрыццё гандлёвай кропкі. У ім прымалі ўдзел старшыня праўлення раённага спажывецкага таварыства Рыгор Леўкавец і яго намеснік Ганна Сянько, спецыялісты.
А папярэднічала падзеі шмат працы. З гадамі памяшканне старадворскага магазіна перастала адпавядаць сучасным патрабаванням, рамонт неабходны быў даўно, і нарэшце ён зроблены сіламі райспажыўтаварыства. Адрамантаваны дах, фасад, гандлёвая зала, складскія памяшканні, заменена гандлёва-тэхналагічнае абсталяванне. На ўсё гэта затрачана 35 тысяч рублёў.

Магазін змяніўся непазнавальна. Дзякуючы таму, што набыта новае халадзільнае абсталяванне, на адкрытай выкладцы прадстаўлена малочная прадукцыя, мясныя паўфабрыкаты, рыба. Шмат палетнай выкладкі (з акцыйным таварам). Устаноўлены акварыум, з якога прадаецца жывая рыба.
Для пакупнікоў — а яны прыйшлі на адкрыццё не толькі са Старога Двара, але і з бліжэйшых навакольных вёсак — былі арганізаваны дэгустацыя прадукцыі грамадскага харчавання, якая вырабляецца ў філіяле «Каапгандаль №2», і кандытарскага цэха, а таксама акцыя: 5-працэнтная скідка на харчовыя тавары і 15-працэнтная — на нехарчовыя. Выручка ў дзень адкрыцця склала 1300 рублёў, у той час як раней яна раўнялася 500-700 рублям.
Безумоўна, асаблівую радасць ад пераўтварэнняў, што адбыліся ў магазіне, адчувала прадавец Валянціна Ясінская. «Працаваць з пакупнікамі і таварам яна ўмее, а зараз для гэтага і цудоўныя ўмовы створаны, — зазначыла Ганна Сянько. — Аналагічныя ўмовы мы да гэтага стварылі ў магазінах вёсак Хацілы, Кураполле, Парыж і ставім бліжэйшай мэтай адпрацаваць такім чынам усе гандлёвыя кропкі, размешчаныя ў аграгарадках і іншых буйнейшых населеных пунктах, і ўвесці ў іх самаабслугоўванне».
Фаіна КАСАТКІНА
Калі матэрыял быў падрыхтаваны да друку, у рэдакцыю патэлефанавала жыхарка Старога Двара Ірына Філіповіч і папрасіла ад імя аднавяскоўцаў падзякаваць старшыні райвыканкама Сяргею Чэпіку за ўвагу да іх звароту з просьбай адрамантаваць магазін, за станоўчае вырашэнне іх праблемы кіраўніку праўлення райспажыўтаварыства Рыгору Леўкаўцу і за тое свята, якое стварылі для іх у дзень адкрыцця магазіна. «Нават баян для нас іграў, — гаварыла жанчына. — І ад радасці хацелася спяваць. Зараз мы ходзім у свой магазін не толькі па пакупкі, але і каб паглядзець на прыгажосць, сустрэцца з аднавяскоўцамі і пагаварыць. Ён стаў цэнтрам зносін».