Образование для взрослых. В Лынтупах обсудили перспективы развития сельских территорий

Местная власть Общество

Удзельнікі дыскусіі абмяркоўваюць перспектывы развіцця сельскіх тэрыторый

Разам можам зрабіць больш

Адукацыя для кожнага. Ва ўсім свеце. На працягу жыцця. Гэта — дэвіз Інстытута міжнароднага супрацоўніцтва Нямецкай асацыяцыі народных універсітэтаў (DVV International).

Установа ўжо амаль паўвеку працуе ў галіне адукацыі дарослых. DVV International супрацоўнічае больш чым з 200 грамадскімі і дзяржаўнымі партнёрамі ў трох дзясятках краін Афрыкі, Азіі, Лацінскай Амерыкі і Еўропы. Звязаны ён і з Лынтупамі. Супрацоўніцтва стала магчымым дзякуючы мясцовай установе культуры “Лынтупскі культурны цэнтр “Культыватар” і праекту “Навучаючыся, ствараем”, пра які наша газета падрабязна расказвала ў адным з папярэдніх нумароў. 21 кастрычніка адбылося заключнае мерапрыемства праекта — дыскусія на тэму “Як павысіць устойлі­васць ініцыятыў па развіцці сельскіх тэрыторый”.

Лынтупы наведалі прадстаўнікі грамадскай кампаніі “Караван “Вучыцца, каб дзейнічаць”, накіраванай на папулярызацыю нефармальнай і грамадзянскай адукацыі ў рэгіёнах Беларусі. На працягу дзесяці дзён група экспертаў, арганізатараў і валанцёраў перамяшчалася па Беларусі. Акрамя Лынтуп, “Караван” спыняўся ў Любані, Бабруйску, вёсцы Панямонцы Лідскага раёна, амаль ва ўсіх абласных цэнтрах, дзе ладзіліся шматлікія прэзентацыі, майстар-класы, дыскусіі, круглыя сталы.

Стартаваў “Караван” у Віцебску. Там 19—20 кастрычніка прайшоў маштабны міжнародны форум “Горад, які навучаецца для крэатыўнай эканомікі і ўстойлівага развіцця”. Ён сабраў каля сотні ўдзельнікаў, у ліку якіх былі прадстаўнікі гарадскіх і абласных выканаўчых камі­тэтаў, дэпутаты Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь, прадстаўнікі ўстаноў адукацыі і культуры са шматлікіх рэгіёнаў краіны. Геаграфія экспертаў уражвае — Германія, Украіна, Малдова, Грузія, Данія, Паўднёвая Карэя…

На шляху “Каравана” Ві­цебск стаў першым горадам невыпадкова: ён першым з беларускіх гарадоў уступіў у Глабальную сетку гарадоў ЮНЕСКА, якія навучаюцца (сёння гэта 223 гарады з 51 краіны свету). Адпаведны сертыфікат быў уручаны старшыні Віцебскага гарвыканкама Віктару Нікалайкіну. Гэта адкрывае для Віцебска шэраг новых магчымасцей у плане развіцця міжкультурных абменаў, адукацыйных і турыстычных праектаў, прыцягнення новых інвестыцый і грантаў.

Шматлікія пытанні ў Лынтупах абмяркоўвалі дырэктар “Культыватара” Вадзім Гліннік, намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў, уладальнікі аграсядзіб і іншыя. У дыскусію актыўна ўключыліся прадстаўнікі “Каравана” — менеджар праекта “Вучыцца, каб дзейнічаць” Іна Краўчонак і менеджар Асацыяцыі дадатковай адукацыі і асветы Андрэй Ляўко.

Лынтупы наведалі прадстаўнікі грамадскай кампаніі “Караван “Вучыцца, каб дзейнічаць”. Яна накіравана на папулярызацыю нефармальнай і грамадзянскай адукацыі ў рэгіёнах Беларусі. На працягу дзесяці дзён група экспертаў, арганізатараў і валанцёраў перамяшчалася па Беларусі з кропкі ў кропку. Акрамя Лынтуп “Караван” спыняўся ў Любані, Бабруйску, вёсцы Панямонцы ў Лідскім раёне, амаль ва ўсіх абласных цэнтрах, дзе ладзіліся шматлікія прэзентацыі, майстар-класы, дыскусіі, круглыя сталы. Дадзеная грамадская кампанія стала магчымай дзякуючы аднайменнаму праекту, які рэалізуецца пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза у 2016-2019 гг.

У тым, што і ў вёсцы можна жыць прыгожа і заможна, пераконваў першы выступоўца — Эдуард Вайцяховіч з Камарова. Дзякуючы яго старанням, пасёлак, што за 20 кіламетраў ад Лынтуп, адрадзіўся. У жыццё ўвасоблены шэраг, здавалася б, нерэальных праектаў. Так, у 2004 годзе тут быў адкрыты Цэнтр развіцця сельскага прадпрымальніцтва “Камарова” — сёння адзіны ў Беларусі недзяржаўны цэнтр, дзе прадпрымальнікі могуць атрымаць кансультацыйную дапамогу. Створаны і першы ў Беларусі бізнес-інкубатар. Пастаянна ладзяцца шматлікія семінары, арганізоўвалася Школа сельскага бізнесу, размяркоўваюцца гранты на падтрымку сельскага бізнес-праекта. Сёлета, напрыклад, сродкі для ўвасаблення ў жыццё сваіх ідэй атрымалі сябры праўлення “Культыватара” Іна Жызнеўская і Раман Забела, а таксама ўладальнік сядзібы ў Каптарунах Артур Клінаў.

Досыць працяглым аказалася і выступленне гасцей з Кармянскага раёна Гомельскай вобласці, якія падзяліліся вопытам па рэалізацыі ўласных праектаў. У цэлым жа размова расцягнулася на 4 гадзіны.

— Узнятая тэма дадатковай адукацыі сёння вельмі актуальная, — упэўнены намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў. — Асабліва ў такіх месцах, як Лынтупы, дзе існуе праблема занятасці насельніцтва. Дыскусія пакінула толькі станоўчыя ўражанні. Зроблены канкрэтныя крокі да супрацоўніцтва. Прадстаўнікі DVV International гатовы дзяліцца вопытам заходнееўрапей­скіх краін, вельмі “прасунутых” у пытаннях дадатковай адукацыі дарослых. Мы ўжо дамовіліся пра наступную сустрэчу. Разам мы зможам зрабіць істотна больш. 

А што наконт сустрэчы ў Лынтупах думае менеджар праекта Іна Краўчонак?

— Пра дадатковую адукацыю дарослых трэба гаварыць больш і часцей, — пераканана Іна. — Свет імкліва развіваецца, атрыманых у школе і студэнцтве ведаў пачынае не хапаць. Найперш новыя магчымасці для самаразвіцця павінны прадастаўляцца за межамі вялікіх гарадоў. Прыклад Лынтуп у гэтым паказальны. Актывісты са сталіцы, шчыра ўлюбёныя ў гэты рэгіён, прапануюць мясцовым жыхарам разам прымнажаць яго турыстычны патэнцыял. Пазітыўныя зрухі заўважныя ўжо зараз. Мяне яны цешаць яшчэ і таму, што Пастаўшчына і Мядзельшчына майму сэрцу самыя родныя. Я нарадзілася ў Нарачы, а маё дзяцінства звязана з Дунілавічамі Пастаўскага раёна. І хаця я шмат гадоў ужо жыву ў Мінску, шчыра радуюся, калі ўдаецца падтрымліваць ініцыятывы землякоў.

Кіраўнік “Культыватара” Вадзім Гліннік таксама застаўся вельмі задаволены вынікамі праекта. Дасягнута адна з галоўных мэт — наладжана супрацоўніцтва.

— Гэта першы маштабны праект нашай маладой установы, — рэзюмаваў Вадзім Васільевіч. — Мы атрымалі бясцэнны арганізацыйны вопыт і ўсвядомілі, што паляпшэнне жыцця на Лынтупшчыне трэба звязваць у тым ліку і з дадатковай адукацыяй. Мы не толькі пачулі новыя, вартыя пераймання ідэі, але і абмеркавалі юрыдычныя і іншыя важныя моманты. Асабліва прыемна, што нас падтрымала раённая ўлада, што яна вяла з намі гутарку як з партнёрамі. Так, гэта дадатковая адказнасць, але мы гатовыя развівацца, выконваючы свае абавязкі максімальна сумленна і адкрыта.

 



Установа культуры “Лынтупскі культурны цэнтр “Культыватар” была афіцыйна зарэгістравана ў маі 2017 года. Тады і не верылася, што ў выкупленым мінчанамі будынку калі-небудзь завіруе грамадскае жыццё — у такім занядбаным стане ён знаходзіўся. Распачаты сур’ёзныя рэстаўрацыйныя і рамонтныя работы, і падчас дыскусіі можна было ўбачыць іх першыя вынікі. Пакой, дзе ладзіўся круглы стол, ужо цалкам гатовы для сур’ёзных сустрэч: на падлозе пакладзена плітка, адрэстаўраваны вокны, устаноўлены камін, прывезена новая мэбля. І гэта абстаноўка абнадзейвае: задуманаму — быць.



Іна Мікус
Фота аўтара



Tagged