«Ответственность и нагрузка большие». Юрисконсульт ОАО «Новосёлки-Лучай» Алёна Махнис всегда держит руку на пульсе закона

Важное Общество

На пульсе закону

Рабочы дзень юрысконсульта ААТ «Навасёлкі-Лучай» Алёны Махніс кожны раз пачынаецца па-рознаму. Здараецца, падыходзіць да кабінета, а там ужо чакае хтосьці са спецыялістаў ці работнікаў, каб пракансультавацца па тым ці іншым пытанні. Часам сама адразу спяшаецца да дырэктара Юрыя Шымчыка параіцца па вырашэнні спрэчнай праблемы.

— ААТ «Навасёлкі-Лучай» — гаспадарка маштабная, — гаварыла Алёна. — У штаце амаль 400 чалавек. Вядзецца будаўніцтва, абнаўляецца аўтапарк, прымяняюцца новыя метады і тэхналогіі ў сельгасвытворчасці. Усё гэта трэба кантраляваць у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.

На пасадзе юрысконсульта Алёна Махніс працуе дзявяты год. Прыйшла пасля заканчэння Мінскага інстытута кіравання. Афамляе грамадзянска-прававыя, гаспадарчыя дагаворы, прымае ўдзел у распрацоўцы дакументаў прававога характару, аказвае юрыдычную і прававую дапамогу работнікам. Яшчэ адным пунктам дзейнасці з’яўляецца прэтэнзійна-іскавая работа — спагнанне дэбіторскай запазычанасці. Калі разлік з гаспадаркай не праводзіцца добраахвотна, юрыст збірае ўсе неабходныя дакументы і накіроўвае справу ў суд. Вывучае, аналізуе, абагульняе вынікі разгледжаных прэтэнзій, выкананне або скасаванне дагавораў, складае і прадастаўляе на подпіс дырэктару загады.

— Адказнасць і нагрузка вялікія, — працягвала Алёна. — Даводзіцца ўнікаць у розныя галіны права, каб правільна скласці той ці іншы дакумент, праверыць законнасць прымаемых рашэнняў. Памятаць усё немагчыма, таму трэба ведаць, дзе шукаць інфармацыю, умець ёю карыстацца. Кіруюся прававой базай, што спрыяе выніковай рабоце. На першым часе, вядома, было няпроста. Тэарэтычныя веды мела глыбокія, а практыкі — нуль. Старалася ўнікаць ва ўсё, раілася з вопытнымі юрысконсультамі з іншых гаспадарак і арганізацый. Падтрымку добрай парадай пастаянна адчувала з боку калектыву. Удзячная Юрыю Францішкавічу, што паверыў у мяне. Кожны год прыбаўляе мне прафесійнага вопыту, і спраўляцца з працоўнымі абавязкамі становіцца лягчэй.

— Умее наладзіць кантакт, пераканаць, даказаць свой пункт гледжання, — хваліў юрысконсульта дырэктар ААТ «Навасёлкі-Лучай» Юрый Шымчык. — Дзелавая хватка, добрая інтуіцыя, эрудзіраванасць, аб’ектыўнасць, настойлівасць, а галоўнае — адказнасць і надзейнасць. І гэта далёка не поўны пералік прафесійных якасцей Алёны Махніс. Яе фотаздымак занесены на Дошку гонару гаспадаркі. Актыўная ў грамадскім жыцці. Узначальвае пярвічную арганізацыю ГА «БРСМ», пастаянна прымае ўдзел у турыстычных злётах, іншых мерапрыемствах.

Дзень юрыста для Алёны Махніс стаў яе святам яшчэ са студэнцкай пары, з якой засталіся яркія і цёплыя ўспаміны. Кожную першую нядзелю снежня сыплюцца віншаванні ад былых аднакурснікаў, з якімі да гэтага часу падтрымлівае сувязі, ад калег, родных. Не стане выключэннем і заўтрашні дзень.

Анна АНІШКЕВІЧ



Tagged