Перепись-2019. Регистраторы приступили к работе

Важное Общество

У Беларусі пачаўся першы этап перапісу насельніцтва — 6 лістапада да работы прыступілі рэгістратары. У нашым раёне гэтай справай займаюцца 9 чалавек з ліку работнікаў камунальнай службы.

У панядзелак, 5 лістапада, кабінет начальніка аддзела статыстыкі Пастаўскага раёна Ганны Бялевіч ператварыўся ў вучэбны клас. Тут сабраліся тыя, каму за 19 дзён трэба праверыць картаграфічны матэрыял, удакладніць адрасы для перапісу. Ганна Зянонаўна праводзіла з рэгістратарамі спецыяльны інструктаж, расказвала, як правільна карыстацца электроннай сістэмай па перапісе насельніцтва. Кожнаму быў выдадзены планшэт і неабходныя аксэсуары да яго, а таксама ліхтарык, свісток.

Затым прайшлі практычныя заняткі на мясцовасці. Напрыклад, майстры УП ЖКГ Віктар Атрашкевіч з варапаеўскага ўчастка і Аляксей Балошка з райцэтра (на здымку), выйшаўшы на вуліцу Савецкую, на практыцы разбіраліся, як уносіць звесткі ў рэжыме «анлайн».

— Работа няпростая, — гаварылі рэгістратары. — Прадаўжаецца будаўніцтва жылля, а некаторыя будынкі, наадварот, выводзяцца з эксплуатацыі. Абнаўленне карт мясцовасці адбываецца нячаста. Таму нам трэба ўсё дасканала абследаваць. Дом, напрыклад, ідэнтыфікуецца зялёным флажком у рэжыме рэальнага часу толькі тады, калі мы знаходзімся ў непасрэднай блізкасці ад яго. Сярэдняя нагрузка на рэгістратара — 700 дамоў.

— Для гэтай работы падабраны адказныя людзі, — гаварыла Г. З. Бялевіч, — тыя, хто сваю работу выконвае добрасумленна. Улічвалася ўменне працаваць на камп’ютары, фізічны стан (трэба шмат хадзіць). Паколькі ўсе працуюць у камунальнай службе, таму добра ведаюць замацаваныя за імі тэрыторыі. У кватэры заходзіць не будуць.

Усе рэгістратары застрахаваны, ім выдадзены дазвол на бясплатны праезд у гарадскім транспарце. Атрыманая ў выніку іх работы інфармацыя стане асновай для складання планаў правядзення перапісу насель­ніцтва.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.