Какие ЖК-услуги будут оплачивать в полном объёме не занятые в экономике граждане с 1 января 2019 года?

Главное Экономика

З 1 студзеня працаздольным грамадзянам, не занятым у эканоміцы, будуць  прад’яўляцца рахункі на аплату жыллёва-камунальных паслуг па цэнах (тарыфах), якія забяспечваюць поўнае пакрыццё эканамічна абгрунтаваных затрат на іх аказанне. У нашым раёне спіскі фарміруе спецыяльна створаная камісія па садзейнічанні занятасці насельніцтва. З яе старшынёй Пятром Курто гутарыць карэспандэнт «Пастаўскага краю» Анна Анішкевіч.

— Пётр Леанідавіч, якія задачы стаяць перад камісіяй?
— Асноўная — каардынаваць работу па выкананні норм Дэкрэта Прэзідэнта Беларусі №3 «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва». Гэты рэзанансны дакумент падпісаны 2 красавіка 2015 года, у новай рэдакцыі выдадзены ў пачатку бягучага. Члены камісіі — а ў яе складзе спецыялісты ўпраўленняў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама і жыллёва-камунальнай гаспадаркі, іншых падраздзяленняў райвыканкама, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый — прыкладваюць максімум намаганняў, каб беспрацоўным знайсці работу. Прапануем працаўладкаванне на пастаяннай аснове, удзел у часова аплатных грамадскіх работах, перанавучанне па накіраванні службы занятасці на запатрабаваныя на рынку працы спецыяльнасці, разглядаем магчымасць самазанятасці і г. д. Мэта Дэкрэта №3 — не прымусіць людзей плаціць больш, а са­дзейнічаць працаўладкаванню.

Дакумент дазваляе легалізаваць бізнес. І многія ўзаконьваюць сваю дзейнасць, рэгіструюць уласнае прадпрыемства або становяцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі, плацяць падаткі.

— Грамадзяне, якія стаяць на ўліку па беспрацоўі, трапяць у базу даных?
— Калі яны не парушаюць заканадаўства аб занятасці, то не. «Пропускам» у спісак паслужыць няяўка ва ўстаноўлены дзень на рэгістрацыю, прагул заняткаў, невыкананне норм аплатных грамадскіх работ і іншае. Камісія не залічыць у базу даных і тых, хто, у адпаведнасці з заканадаўствам, не можа быць зарэгістраваны беспрацоўным і актыўна шукае работу. Пры паступленні ад такога грама­дзяніна заявы з просьбай аб поўным або частковым вызваленні ад аплаты паслуг з пакрыццём затрат яго становішча будзе расцэньвацца як складаная жыццёвая сітуацыя. Да заявы трэба прыкласці дакументы, якія пацвярджаюць прычыну такога становішча. Адсутнасць магчымасці працаўладкавання павінна пацвердзіць упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. 

— Якая сітуацыя можа лічыцца складанай?
— У прыкладным пераліку аб’ектыўных абставін, якія могуць быць аднесены да цяжкіх жыццёвых, значная частка прыходзіцца на стан здароўя. Таксама могуць быць вызвалены поўнасцю або часткова грама­дзяне, якія выхоўваюць дзіця да 14 гадоў, калі яно адносіцца да групы тых, хто часта або доўга хварэе, стаіць на дыспансерным уліку ў арганізацыі аховы здароўя, у тым ліку з хранічнымі захворваннямі; хто даглядае дзіця ва ўзросце да 18 гадоў (уключна) з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця; бацькі, якія даглядаюць дзіця, якое вучыцца дома (напрыклад, у рэабілітацыйны перыяд пасля доўгай хваробы). Цяжкай жыццёвай сітуацыяй лічыцца і догляд непрацаздольнага члена сям’і, які пражывае ў адным населеным пункце з тым, хто трапіў у лік незанятых у эканоміцы. Ва ўсіх выпадках камісіі трэба прадставіць адпаведныя дакументы.

— Пётр Леанідавіч, многія грамадзяне працуюць або атрымліваюць адукацыю за мяжой. Як быць ім?
— Грамадзяне, якія працуюць за мяжой, павінны прадставіць камісіі копію дагавора (кантракта) з замежным наймальнікам або іншых дакументаў, якія пацвярджаюць занятасць.

Для тых, хто вучыцца за мяжой, пацвярджальнымі дакументамі з’яўляюцца даведка з установы адукацыі, копія дагавора на аказанне адукацыйных паслуг.

Дакументы ў абодвух выпадках павінны быць запоўненыя па міжнароднай стандартызаванай форме з афіцыйным перакладам на рускую або беларускую мову і завераныя натарыяльна арганізацыяй, якая мае права пацвярджаць правільнасць пераводу дакумента. Грама­дзянін прызнаецца занятым на перыяд дзеяння дакумента, але не больш чым на 1 год (з моманту заключэння).

— Дакументы трэба прадстаўляць камісіі асабіста?
— Не абавязкова. Можна дасылаць па пошце, а таксама адпраўляць на электронны адрас postav_rs@vitebsk.by Пры адпраўцы па электроннай пошце дакумент павінен быць фарматаў pdf, jpg, jpeg, png. Файл не можа важыць больш за 5 Мб.

— А як камісія будзе апавяшчаць жыхароў аб уключэнні іх у базу даных?
— Грамадзяне могуць бясплатна даведацца персанальна пра сябе ў асабістым кабінеце на Адзіным партале электронных паслуг пры наяўнасці электроннага лічбавага подпісу або ўнікальнага ідэнтыфікатара (лагіна-пароля), які можна атрымаць у службе «адно акно», прад’явіўшы дакумент, які засведчвае асобу.



Tagged