Покорила и два колеса. Татьяна Чернявская давно мечтала о правах на мотоцикл и в этом году ее желание сбылось

Важное Общество

У 18 гадоў пастаўчанка Таццяна Чарняўская атрымала правы катэгорыі «В» (на кіраванне легкавым аўтамабілем). У 24 купіла сабе «Рэно-Сцэнік», на якім ездзіць ужо 4 гады. А нядаўна паспяхова здала ў ДАІ экзамен на катэгорыю «А», якая дае права кіраваць матацыклам.

— Атрымаць правы на матацыкл я марыла даўно, — расказвала дзяўчына. — Але ў Паставах не было магчымасці пайсці вучыцца — патрэбную мне групу доўгі час не набіралі. І калі ў маі гэтага года нарэшце аб’явілі пра набор у яе, я першай патэлефанавала ў РАС ДТСААФ, каб запісацца.

Курс навучання быў кароткім — усяго месяц. І ў пачатку ліпеня Таццяна стала шчаслівай уладальніцай доўгачаканай «корачкі». Праўда, пакуль сесці за руль уласнага «жалезнага каня» не атрымалася: матацыкла ў маладой сям’і Чарняўскіх няма. Яе галава Эдуард, хоць сам вадзіцель (працуе дальнабойшчыкам на фуры), захапленне жонкі мотатэхнікай не раздзяляе. Але і не перашкаджае гэтаму. Абяцаў нават дапамагчы фінансава ў набыцці двухколавага транспартнага сродку. Таму Таццяна шмат часу праводзіць у інтэрнэце: чытае пра матацыклы і ўсё, што з імі звязана, перапісваецца з дзяўчынай-байкерам з Гродна і сама выбірае для сябе байк. Кажа, што хоча спартыўны, але не цяжкі матацыкл, каб было лягчэй ім кіраваць. Схіляецца да «Хонды», толькі яшчэ не вызначылася з мадэллю. Ну а час ад часу пракаціцца дае добры знаёмы з Мінска, які мае «Судзукі».

— Любоў да матацыклаў у мяне з юнацтва, — працягвала апавядаць Таццяна. — А «вінаваты» ў гэтым сусед, разам з якім раслі і сябравалі. Ён быў старэйшы на некалькі гадоў і купіў сабе «Яву». Ездзіў сам і ахвотна вучыў мяне. Магу сказаць, што кіраваць матацыклам намнога складаней, чым аўтамабілем. У машыны чатыры колы, і ты сядзіш за рулём упэўнена. А на двухколавай тэхніцы трэба ўвесь час трымаць раўнавагу. Не раз здаралася, што я падала разам з матацыклам. Але гэта не адбіла жадання навучыцца ім кіраваць, наадварот, яшчэ больш захацелася пакарыць байк.

Купіць уласны Таццяна збіраецца вясной. Тады можна будзе не толькі катацца за горадам з сябрамі, але і ездзіць на матацыкле на работу — а працуе Т. Чарняўская кантралёрам у пункце спрошчанага пропуску «Відзы» і зараз на службу дабіраецца на сваёй машыне. Таксама ў планах наладзіць сувязі з мясцовымі байкерамі і прыняць удзел у байк-фестывалі.

Алена ШАПАВАЛАВА
Фота з архіва Таццяны ЧАРНЯЎСКАЙ



Tagged