С «#BYFEST» — с дипломом. Оркестр баянов «Art-tonika» из Новосёлок в числе лауреатов

Культура Образование

Дыплом прывёз з ІІІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў «#BYFEST» аркестр баянаў «Art-tonika» Навасёлкаўскага філіяла Варапаеўскай школы мастацтваў.

Гэты фестываль праходзіў з 8 па 12 лістапада ў Палацы культуры і спорту чыгуначнікаў у Мінску і сабраў прадстаўнікоў розных жанраў (інструментальная музыка, харэаграфія, вакал, тэатральная творчасць, лялечны тэатр «Батлейка», мастацкае слова і інш.) з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Ізраіля, Егіпта. Прадстаўнічым было і міжнароднае журы. У яго склад увайшлі такія вядомыя дзеячы культуры, як галоўны дырыжор сімфанічнага аркестра Марыінскага тэатра (г. Санкт-Пецярбург) Валерый Гергіеў. Ён з калегамі па «цэху» ацэньваў удзельнікаў у намінацыі «Інструментальная музыка», у якой 9 лістапада выступала наша «Art-tonika». Дарэчы, яна была ледзь не адзіным сярод усіх канкурсантаў вясковым калектывам. Тым не менш па ўзроўні свайго майстэрства перасягнула многія дзіцячыя аркестры з буйных гарадоў. У вы­ніку — ганаровае трэцяе месца і дыплом лаў­рэата.

— Пра «БайФэст» мы даведаліся ад намесніка начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ірыны Лойка, на электронную пошту якой прыйшло запрашэнне прыняць удзел у фестывалі, — расказвала кіраўнік аркестра, дырэктар Навасёлкаўскага філіяла Варапаеўскай школы мастацтваў Алена Салавей. — Вырашылі ехаць, тым больш што культура паабяцала дапамагчы з транспартам. Яна дала нам сваю «Газель», другую прадаставіла кіраўніцтва ААТ «Навасёлкі-Лучай», за што ім вялікае дзякуй. Два мікрааўтобусы спатрэбіліся таму, што ў нашым калектыве 18 чалавек: 16 школьнікаў ва ўзросце ад 10 да 16 гадоў і двое выкладчыкаў, плюс музычныя інструменты. На конкурсе мы выконвалі два саўндтрэкі да фільмаў «Пираты Карибского моря» і «Миссия невыполнима», якія даўно былі ў рэпертуары аркестра. Вельмі рады, што выступілі годна.

Атрыманы дыплом далёка не адзіны ў скарбонцы аркестра, якому ўжо 35 гадоў. Летась ён заняў другое месца ў абласным конкурсе аркестраў у г. Ліда. Сёлета стаў лаўрэатам першай ступені абласнога конкурсу аркестраў у Віцебску. Два гады запар уваходзіў у лік прызёраў міжрэгіянальнага конкурсу ансамблевай музыкі, у якім прымалі ўдзел калектывы з Латвіі і Літвы. Несумненна, што і наперадзе ў «Art-toniki» нямала перамог.

Алена ШАПАВАЛАВА



Tagged