Сегодня — день страховых работников. Коллектив Поставского представительства Белгосстраха небольшой — 28 человек

Главное Общество

Страхавыя агенты Алена Русецкая, Алена Палякова і Алена Забароўская з намеснікам дырэктара прадстаў­ніцтва Вольгай Маслоўскай (у цэнтры) і спецыялістам першай катэгорыі Юліяй Вансовіч (злева ад яе)

Знаходзяць падыход да кожнага

Абарона маёмасных і асабістых інтарэсаў фізічных і юрыдычных асоб — такая першачарговая задача стаіць перад страхавымі работнікамі. Яна застаецца нязменнай на працягу многіх дзясяткаў гадоў, нягледзячы на ўсё новыя патрабаванні да прадстаўнікоў названай сферы дзейнасці. Таксама як пры пастаянным увядзенні новых відаў страхавання не страчваюць папулярнасці традыцыйныя. Гэта страхаванне пабудоў, хатніх жывёл і маёмасці грама­дзян, ад няшчасных выпадкаў і хвароб, транспарту і грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў. Апошні від на сённяшні дзень займае найбольшую ўдзель­ную вагу ў аб’ёме страхавых выплат прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Пастаўскім раёне. Па словах дырэктара ўстановы Грыгорыя Шэцкі, за 10 месяцаў бягучага года іх зроблена каля 700, з якіх 300 — выплаты ўладальнікам транспартных сродкаў па страхаванні грамадзянскай адказнасці.

— Доўгі час нашымі асноўнымі страхавальнікамі былі сельскія жыхары, — расказваў Грыгорый Грыгор’евіч. — На жаль, іх колькасць з кожным годам змяншаецца, і мы вымушаны пераарыентоў­вацца на горад. А тут людзі не так прывыклі да страхавання, асабліва ў шматкватэрных жылых дамах. Акрамя таго, гараджане больш дапытлівыя, ім трэба ўсё падрабязна расказаць не толькі пра парадак заключэння дагавора, але і пра магчымыя страхавыя выпадкі, парадак іх урэгулявання. Гэта патрабуе большай прафесійнай падрыхтоўкі. Таму два разы ў месяц у нас праводзіцца тэхнічная вучоба з усімі страхавымі работнікамі. Таксама яны прахо­дзяць навучанне ў абласным філіяле і ў Белдзяржстраху ў Мінску.

Што датычыць калектыву прадстаўніцтва, то ён невялікі — 28 чалавек, з іх 17 — страхавыя агенты, 11 — кіраўнікі і спецыялісты. На маю просьбу назваць лепшых дырэктар адказаў: зрабіць гэта няпроста, бо многія працуюць добра. І ўсё ж некалькі прозвішчаў агучыў. Найперш страхавога агента Алега Дашкевіча, які напярэдадні свята адзначаны Ганаровай граматай Белдзяржстраху. З 900 работнікаў сістэмы дзяржаўнага страхавання вобласці яе атрымалі толькі двое, сярод якіх наш Алег Мікалаевіч. Па аб’ёмах страхавых паступленняў, іх сумах і колькасці застрахаваных жыхароў ён прызнаны найлепшым агентам Ві­цебшчыны. Пры тым што абслугоўвае лынтупскую зону, дзе няма прадпрыемстваў і невысокі ўзровень даходаў насельніцтва. Уменнем знайсці падыход да людзей, дасканалым веданнем правілаў страхавання вызначаецца і Алена Русецкая, якая з’яўляецца адным з самых вопытных страхавых агентаў прадстаўніцтва. У апошні час вялікая ўвага надаецца страхаванню юрыдычных асоб — арганізацый і прадпрыемстваў. І тут асноўная нагрузка кладзецца на спецыялістаў, у першую чаргу на намесніка дырэктара Вольгу Маслоўскую, якая таксама выдатна спраўляецца са сваімі абавязкамі.

Напрыканцы нашай гутаркі Г. Г. Шэцка папрасіў праз газету павіншаваць ад яго імя цяперашніх работнікаў і ветэранаў прадстаўніцтва з прафесійным святам. Пажадаць ім моцнага здароўя, аптымізму, поспехаў ва ўсіх справах, каб члены калектыву з лёгкасцю спраўляліся з выкананнем даведзеных прагнозных паказчыкаў, ішлі да людзей з усмешкай, несучы ім пазітыў. З задавальненнем раблю гэта і далучаюся да віншаванняў.

Алена ШАПАВАЛАВА
Фота аўтара



Tagged