Школьники и трансформер Бамблби напомнили поставчанам правила дорожного движения в осенне-зимний период

Важное Правовое поле

З 5 па 30 лістапада на тэрыторыі Пастаўскага раёна праходзіць прафілактычная акцыя па папярэджанні дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам пешаходаў. У сувязі з гэтым супрацоўнікі аддзялення ДАІ РАУС праводзяць шырокі спектр мерапрыемстваў, накіраваных на выкананне правілаў дарожнага руху ўсімі яго ўдзельнікамі. Адным з такіх мерапрыемстваў стаў рэйд, арганізаваны ў райцэнтры ў мінулую пятніцу сумесна з ваеннаслужачымі шпіталя органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь.

Раніцай 9 лістапада гара­джане, якія спяшаліся на работу або па сваіх справах, звярталі ўвагу на людзей у форме і святловяртальных камізэльках побач з усімі пешаходнымі пераходамі па вуліцах Чырвонаармейскай, Зялёнай, Ленінскай, Юбілейнай, на плошчы Леніна, каля навучальных устаноў горада — школ, гімназіі, дзіцячых садоў. Яны нагадвалі пешаходам пра неабходнасць на­сіць флікеры ў цёмны час сутак, раздавалі лістоўкі з прапісанымі ў іх праві­ламі дарожнага руху, вадзіцелям тлумачылі правілы праезду пешаходных пераходаў і выбару бяспечнай скорасці руху паблізу навучальных устаноў. Усяго ў рэйдзе былі задзейнічаны 35 супрацоўнікаў ДАІ, іншых службаў РАУС, а таксама ваеннаслужачых шпіталя. У цэнтры горада распаў­сюдж­ваць прафілактычныя лістоўкі ім дапамагалі юныя дружыннікі з СШ №2.

Але асабліва запомніцца гэта акцыя выхаванцам дзіцячага сада «Крынічка», што ў мікрараёне вуліцы Юбілейнай. Каля 8 гадзін раніцы за варотамі дашкольнай установы іх сустракаў робат-трансформер Бамблбі, які раздаваў усім дзеткам флікеры. Для малышоў прысутнасць папулярнага персанажа стала сапраўдным сюрпрызам, выклі­кала буру эмоцый. Яны не спяшалі­ся ў свае групы, з радасцю віталіся з робатам за руку, фатаграфаваліся з ім, разглядвалі атрыманы падарунак. Несумненна, флікер ад Бамблбі  зойме бачнае месца на дзі­цячым верхнім адзенні, а расказаныя дарослымі правілы паводзін на дарозе лепш засвояцца хлопчыкамі і дзяўчынкамі.

Тэкст і фота Алены ШАПАВАЛАВАЙ



Tagged